Ва ўстанове дашкольнай адукацыі “Яслі-сад №7 г. Ганцавічы” на мінулым тыдні прайшоў беларускамоўны дзень.

На працягу дня з музычнай залы даносілася вяселая і рытмічная музыка, якая падымала настрой усім, хто яе чуў. І гэта нездарма, бо гэты дзень быў прысвечаны беларускаму фальклору праз музычную дзейнасць.

Вядома ж, у нашай установе вялікае месца займае музычная гульня. Яна фарміруе рысы асобы дзіцяці, уплывае на яго паводзіны, выхоўвае пачуццё дружбы, калектывізму, развівае яго разумовыя і творчыя здольнасці. Гульня прыносіць радасць і з’яўляецца неад’емнай часткай дзейнасці выхаванцаў.

Музычны кіраўнік Людміла Іосіфаўна падабрала рэпертуар фальклорнага характару і правяла з дзецьмі розных узроставых груп шэраг народных музычных гульняў.

Перад кожнай гульнёй выкладчыца расказала дзецям пра беларускі народз, яго гісторыю і традыцыі. Так, з выхаванцамі першай малодшай групы № 3 была праведзена музычная гульня “Ау-у-у!”, дзякуючы якой у маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак развіліся спрыт, асцярожнасць. А элемент спаборніцтва ў гульні “Арэлі” прыцягнуў дзяцей другой малодшай групы № 2, стварыўшы пэўны настрой.

Вельмі спадабаўся дзецям малодшай групы беларускі танец “З хустачкамі”. Напеўны, лёгка запамінальны матыў спрыяў развіццю ў дзяўчат і хлопчыкаў музычнай памяці, слыху, а таксама выхаванню любові да беларускай музыкі.

З цікаўнасцю і радасцю дзеці старэйшай групы № 1 гулялі ў музычныя гульні “Карагод” і “Гарлачык”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем выконвалі танцавльныя рухі пад тэкст песні. А выхаванцам старэйшай спецыяльнай групы гульня-драматызацыя “Саўка ды Грышка” прынесла шмат гумару, жарту і, вядома, добры настрой. На працягу гульні дзеці пелі, танчылі і дзьмулі ў дудку.


Акрамя гэтага, выхавацелі ў кожнай узроставай групе на працягу дня чыталі дзецям беларускія народныя казкі, вадзілі карагодныя гульні з беларускімі прыказкамі, прымаўкамі, прыпеўкамі, пацешкамі, лічылкамі.
Шахрай Таццяна Іванаўна, загадчык ДУА “Яслі-сад №7 г. Ганцавічы”