«Чаму, чаму я не паслухала маму? Яна ж прадбачыла, што нічога добрага з гэтага шлюбу не выйдзе», – маладая жанчына з дзіцем на руках глядзіць поўнымі слёз вачыма. Вопыт сямейнага жыцця ў яе аказаўся вельмі кароткім і надзвычай балючым…
«Колькі, гаворыш, каштуе твой смартфон? Ды за гэтыя грошы ты мог тэлефон купіць і турпуцёўку ў дадатак»…
«Навошта тэхналагічны? Падумаеш, шчасце – лес расціць, ён і сам вырасце. Паступай на юрыста ці на праграміста. Бацькі табе дрэннага не параяць»…
«Што ў цябе можа быць агульнага з гэтай кампаніяй? Там суцэльнае брыдкаслоўе, нахабства, лайдацтва. Няўжо ты гэтага не бачыш? Не забывай: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся»…
Гэтыя розныя сюжэты растуць з аднаго кораня і адлюстроўваюць класічны канфлікт, назву якога класік увасобіў у лаканічнае: бацькі і дзеці. «Вось у наш час… я на тваім бы месцы… не паўтарай маіх памылак…» Бацькі любяць сваіх дзяцей, жадаюць ім дабра і спрабуюць засцерагчы ад памылак, скарыстоўваючы ўласны жыццёвы вопыт. І нічога дрэннага тут няма. А маладосць, пры ўсёй павазе да сталасці, імкнецца «на свой лоб набіваць свае гузы». Прымяраць жа чужую вопратку, няхай не чужую – бацькоўскую, не жадае: новы час – новыя, так бы мовіць, фасоны. І нічога дрэннага тут таксама няма.
Са мной такога не здарыцца, і ніякія аргументы, маўляў, нехта гэта раней «праходзіў», не дапамогуць. Нават калі я памыляюся, то гэта мае памылкі. Як ад надаедлівых мух адмахваюцца юнакі і дзяўчаты ад надакучлівых парад. Многія са старэйшага пакалення папракаюць моладзь за фантастычную ўпартасць і непрабівальнасць. Але ёсць і тыя, чый вердыкт менш катэгарычны і, магчыма, мудрэйшы: прага да самастойнасці была, ёсць і будзе заўсёды. Няхай выдаткі яе часам атрымліваюцца і дарагімі, і балючымі, няхай захлынешся ад расчаравання, але ж гэта потым, калі ўцяміш, што памыляўся, што дарма не прыслухаўся да парады старэйшых. І хутчэй за ўсё ў аналагічнай сітуацыі… зноў будзеш дзейнічаць па ўласнай інтуіцыі. Жыццёвасць гэтага парадокса пацвярджаецца бясконца, таму што молада-зелена, таму што молада-не зелена. Вопыт і парыў сцвярджаюць рознае, розум і эмоцыі часам гучаць не ва ўнісон.
Самыя блізкія людзі на свеце – бацькі і дзеці, імкнучыся да агульнай мэты, выбіраюць для яе дасягнення абсалютна супрацьлеглыя шляхі. Не ўсе і не заўсёды, але часцяком: цішэй едзеш – далей будзеш і хутчэй, яшчэ хутчэй; самы кароткі шлях паміж дзвюма кропкамі – па прамой і «нормальные герои всегда идут в обход»; асцярожна, ад вышыні галава закружыцца і «лучше гор могут быть только горы, на которых еще не бывал»…
На парады і прапанаваныя, правераныя схемы вырашэння пэўных жыццёвых сітуацый часта чуецца голас нязгоды: «ну чаму менавіта такі варыянт?», «а я лічу»… І ваша дарослае дзіця пазірае на вас вачыма неразумення, як некалі вы (прызнайцеся!) – на сваіх бацькоў. Трэба набыць уласны вопыт, каб усвядоміць: гэты багаж – рэч каштоўная не толькі ўспамінамі, але і ўрокамі-высновамі. А вопыт – справа нажыўная, і кожны імкнецца быць аўтарам і ўладальнікам уласнага.
Добра гэта ці дрэнна? З якой званіцы глядзець. Ёсць плюсы, ёсць мінусы, і ёсць непазбежнасць вострых вуглоў, якія паступова пераходзяць у згладжаныя акругласці. Сталасць глядзіць на жыццё крыху стомлена, але з веданнем і з вышыні багатага вопыту. Маладосць жа задзірае галаву і нацэльвае позірк на вяршыню, дзе яе мары і надзеі лунаюць. Іх позіркі ў нейкай кропцы павінны сустрэцца. Сустрэцца і сагрэцца агульным клопатам, агульным памкненнем, агульнай любоўю. А для гэтага вельмі важна, вобразна кажучы, захоўваць правілы дарожнага руху і быць узаемна ветлівымі і на шляху, і на прыпынках.
Ёсць грамада, і ёсць натоўп. Ёсць проста моладзь, і ёсць уласная дачка ці ўнучка. Першай мы многае не даруем, для ўчынку другой знаходзім апраўданні, промахі тлумачым мілым свавольствам. І ў абодвух выпадках прапануем свае схемы, «каб было правільна».
А жыццё мчыць з касмічнай хуткасцю. Чым старэйшымі становімся, тым хутчэй мільгаюць дні, тыдні, месяцы. І, натуральна, мы мяняемся самі. Дзе ты, юнацкая наіўнасць, дзе максімалізм ацэнак і падыходаў, дзе вясёлкавы колер радасці ад усведамлення, што ўвесь свет твой? Жыццё не песціла… жыццё пабіла… жыццё выпрабоўвала… жыццё навучыла… Лексікон успамінаў, безумоўна, у кожнага свой. Нешта паспеў, нешта не атрымалася, штосьці адпраўлена ў архіў, а разам і мары адкладзены дзесьці туды, за бясконцую будзённую мітусню.
У племя ж маладога і настрой, і расклад у сваіх прыцягальна-зайздросных адзінках вымярэння. Чаму ж не парадавацца за тых, у каго і дзёрзкасці, і шматколернасці фантазій, і маштабнасці праектаў – з лішкам. Што датычыць дарожных выдаткаў… Так, свае гузы баляць, свае драпіны пякуць, свае памылкі прымушаюць плакаць. Кожнаму наканаваны свой шлях, свае цяжкасці, свае барыкады, але і свае радасці, здабыткі, дасягненні.
Маладосць – гэта той недахоп, які хутка праходзіць. Ну хто аспрэчыць вялікага Гётэ?! Тыя, каму цяпер за пяцьдзясят, па ўзросце даволі сур’ёзныя людзі. А па стане душы? Душа ўжо не ў тым палёце? Ну як сказаць… А калі ў тым, калі хочацца вышыні, – ляці!
Розныя пакаленні, родныя людзі – бацькі і дзеці. І што звышнатуральнага ў жаданні падказаць, параіць, засцерагчы ці хаця б быць пачутым?
Як трапна заўважана, як мудра сказана, як прыгожа спета: «Если бы молодость знала, если бы старость могла».