Сакавіты сезон. Як у Глускім раёне нарыхтоўваюць бярозавы сок
Надзвычай цёплае надвор’е на пачатку вясны паспрыяла руху бярозавага соку. Аматары карыснага напітку імгненна рванулі ў лес, каб паспытаць і назапасіць бярозавік на цэлы год. Да нарыхтоўкі бярозавага соку прыступілі і ў Глускім лясгасе, прыкладна на тры тыдні раней, чым звычайна. У гэтым сезоне для насельніцтва на продаж плануюць сабраць каля 20 тон соку, расказаў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Іван Вяргун. У чатырох лясніцтвах пад збор веснавога напою адвялі па адной дзялянцы, усяго (па стане на 19 сакавіка) лясніцтвамі нарыхтавана і рэалізавана насельніцтву больш за дзве тонны бярозавіку.
Каб убачыць, як ідзе нарыхтоўка, накіроўваемся разам з Іванам Вергуном у Глускае лясніцтва. Ляснік Сяргей Бабак паказвае свае ўладанні, дзялянка, дзе нарыхтоўваюць цалебны напой, знаходзіцца побач з вёскай Ольніцай. На двух гектарах падсочана каля 50 бяроз, для збору соку выбіраюць дрэвы, якія ў хуткім часе будуць высякацца. Падыходзім бліжэй: да беластволых прыгажунь прывязаны спецыяльныя поліэтыленавыя пакеты, за суткі пры спрыяльным надвор’і з добрага дрэва ўдаецца сабраць каля 20—30 літраў соку, адзначае Сяргей Рыгоравіч. Каб сок добра цёк, удакладняе суразмоўца, патрэбна, каб дзённая тэмпература была не менш за пяць—дзесяць градусаў цяпла і не ніжэй за нуль уначы, пры замаразках рух соку спыняецца. Два разы на дзень ляснік абыходзіць свой участак, аглядае, абследуе дрэвы, сочыць за напаўняльнасцю мяшкоў, пералівае сок у бітоны, пасля прадае ўсім жадаючым. Пакупнікі свежага гаючага напітку кожны год знаходзяцца, сярод іх, гаворыць Сяргей Бабак, не толькі глушчане, ёсць бабруйчане, мінчане, жодзінцы. Дарэчы, раней сок збіралі не толькі для ўласных патрэб людзей, чатыры гады назад лясніцтва адпраўляла бярозавік на перапрацоўчае прадпрыемства ў Бабруйск. Набыць бярозавік сёння можна па 20 капеек за літр. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясніцтва, паясняе Сяргей Рыгоравіч, дзе спажыўцу выпішуць квітанцыю на неабходную яму колькасць літраў, пасля аплаты пакупнік прыязджае на дзялянку і сваім транспартам забірае сок. Летась за бярозавым сокам звярнулася амаль сто чалавек, лясніцтва зарабіла каля 400 рублёў. У гэтым сезоне пакуль прадалі прыкладна паўтоны соку, у асноўным людзі бяруць па 100—120 літраў. У планах Глускага лясніцтва нарыхтаваць для продажу не менш за восем тон бярозавіку.
Збіраць бярозавы сок можна і самастойна, але рабіць гэта трэба толькі на вызначаных участках, з захаваннем устаноўленых правіл, гавораць спецыялісты. Каб не нашкодзіць дрэву і не плаціць пасля вялікія штрафы, лепей звярнуцца ў лясніцтва, там пакажуць месца для збору бярозавіку і раскажуць, як гэта правільна рабіць.
Ганна АЎТУХОВА
Фота аўтара