«БЕЛАВІЯ» ПАМЯНЯЕ БІЛЕТЫ АБО ВЕРНЕ ГРОШЫ ПАСАЖЫРАМ, ЯКІМ ДА 16 КРАСАВІКА АБМЕЖАВАНЫ ЎЕЗД У ЕС
18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Авіякампанія «Белавія» памяняе білеты або верне грошы пасажырам, якім абмежаваны ўезд у Еўрасаюз да 16 красавіка, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт авіяперавозчыка.
«Краіны ЕС з 18 сакавіка вырашылі абмежаваць да 16 красавіка ўсе другарадныя паездкі для грамадзян трэціх краін, у тым ліку і беларусаў, каб не дапусціць распаўсюджвання COVID-19. У сувязі з гэтым «Белавія» зменіць дату вылету або верне грошы гэтым пасажырам, якія купілі білеты ў краіны ЕС з перыядам палёту да 16 красавіка», — растлумачылі ў авіякампаніі.
Вяртанне сродкаў або змяненне даты вылету на адмененыя рэйсы можна будзе зрабіць да 31 снежня 2020 года.
«Звярнуцца ў касы прадстаўніцтва авіякампаніі, а таксама ў службу падтрымкі па гэтых пытаннях можна ў любы час да канца года. Не трэба рабіць гэта адразу цяпер: усе даныя білета захаваны ў сістэме, таму да нас можна звярнуцца і пасля мяркуемай даты палёту, назваўшы нумар білета», — адзначылі ў авіякампаніі. Змяніць дату вылету можна толькі адзін раз. Звярнуцца ў авіякампанію можна ў любы час да канца года, у тым ліку пасля плануемай даты палёту.