Клопат пра старэйшае пакаленне заўжды застаецца адным з галоўных прыярытэтаў у нашым грамадстве. Гэтаму пытанню надаецца вялікая ўвага і ў Карэліцкім раёне, адпаведна ёсць і поспехі. Лукская бальніца сястрынскага догляду УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” у сваёй катэгорыі па выніках дзейнасці ў 2019 годзе адзначана Дыпломам І ступені ў штогадовым абласным аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва паміж арганізацыямі аховы здароўя.
Завітаўшы ў Лукскую бальніцу сястрынскага догляду, адразу адчуваеш прыязную і добразычлівую атмасферу. Установа дзейнічае з 2005 года. У 2011 годзе тут правялі капітальны рамонт. За зладжаную працу калектыва адказвае старшы фельчар Людміла Падліпская, стаж якой у медыцыне складае 23 гады. Непасрэдна ў бальніцы сястрынскага догляду працуе з 2006 года, дагэтуль была медсястрой у Лукскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Такі багаты вопыт дапамагае ёй як кіраўніку ў вырашэнні надзённых прафесійных пытанняў.
– Бальніца разлічана на 25 чалавек, на дадзены момант у нас знаходзіцца 26. Самаму малодшаму пацыенту 50 гадоў, двум старэйшым – па 98, – пачынае знаёмства з установай Людміла Падліпская. – Калектыў складаецца з 14 чалавек, з іх 3 медсястры, якія ездзяць да нас з Карэліч і Жухавіч, 6 санітарак, загадчык гаспадарчай часці і 2 повары. Усе – са шматгадовым стажам. Калектыў дружны, падтрымліваем адзін аднаго.
Нашым пацыентам аказваецца кваліфікаваная медыцынская дапамога, пры неабходнасці безкаштоўна альбо на льготных умовах прадастаўляюцца лекі, мы пільна сочым за іх самаадчуваннем і харчаваннем, адным словам, яны атрымліваюць неабходны і ўсебаковы догляд. Раз на тыдзень медработнік Лукскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі праводзіць агляд пацыентаў. Таксама яны маюць магчымасць пракансультавацца ў спецыялістаў Карэліцкай ЦРБ. Арганізаваны і вольны час: да нас прыязджаюць работнікі культуры з Лук і Жухавіч з канцэртнымі праграмамі. Асобна хочацца выказаць падзяку Карэліцкай РА РГА “Белая Русь”, праваслаўным святарам і прадстаўнікам пратэстанцкай канфесіі за падтрымку і клопат.
А калі, увогуле, вярнуцца да асаблівасцей працы работнікаў у нашай установе, магу сказаць, што самае важнае тут — знайсці з пацыентам агульную мову, умець выслухаць і зразумець.
“Вось і баба Каця прыйшла ціск памераць”, – вітае Людміла Падліпская 85-гадовую Кацярыну Рахманька. А тая расказвае, што, вядома, у родны дом у вёсцы Камаровічы цягне, але разумее, што ў бальніцы догляд лепшы ды і пагаварыць ёсць з кім. Нездарма работнікаў установы баба Каця ласкава называе “прыгажунямі”, а яны таксама дапамагаюць ёй добра выглядаць. Так, вясну Кацярына Лук’янаўна сустрэла з новай прычоскай. “А калісьці ў мяне была доўгая каса”, – перад тым, як сфатаграфавацца для “раёнкі”, баба Каця паказвае свае старыя здымкі.
А 78-гадовая Ларыса Наумава знаёміць нас са сваёй маленькай бібліятэкай. Кажа, што, хоць зрок і сапсаваўся, але любоў да кнігі засталася. Дарэчы, шмат год таму жанчына пераехала ў Беларусь з Расіі, апошнім часам жыла ў вёсцы Скрышава, пакуль не трапіла ў Лукскую бальніцу. І тут, дзеліцца Ларыса Анатольеўна, яна сустрэла ў людзях толькі дабрыню, сардэчнасць і цеплыню. Якраз на гэтых словах у палату заходзіць дзяжурная медсястра Ірына Жураўлёва, каб спытаць, як адчуваюць сябе пацыенты і, можа, у чым маюць патрэбу. Як правіла, дзеліцца медработнік з 40-гадовым стажам, у людзей тут звычайна адно жаданне – пагаварыць па душах. “Цікава тое, што калісьці, адразу пасля медвучылішча, я пачынала прафесійны шлях менавіта ў Луках. Пасля шмат год адпрацавала ў тэрапіі ў Карэліцкай ЦРБ. А апошнія чатыры гады, хоць ужо і на пенсіі, езджу з райцэнтра сюды, у бальніцу сястрынскага догляду. Шчыра скажу, спачатку думала, што затрымаюся на некалькі тыдняў, але так мне тут спадабалася, што засталася і радая гэтаму”.
Так і бяжыць сваім ходам у сценах Лукскай бальніцы сястрынскага догляду звычайнае жыццё, дзе ёсць месца радасці, душэўным размовам і шчыраму клопату адзін пра аднаго.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара