Ад папярэджання да штрафу

Источник материала:  
18.03.2020 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У Нясвіжскім райвыканкаме адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. На ім разглядаліся справы аб адміністратыўных правапарушэннях у адносінах да непаўналетніх і іх бацькоў.

Першай разглядалася адміністратыўная справа ў адносінах да непаўналетняга жыхара раёна, які праігнараваў павестку ваенкамата па прыпісцы грамадзян і ў  назначаны тэрмін туды не з’явіўся. Камісія зрабіла яму папярэджанне.

У другім выпадку непаўналетні жыхар раёна ўсю ноч распіваў спіртное ў в. Завітая з паўналетнімі сябрамі. Кампанія некалькі разоў закупляла яго на аўтазапраўцы і ў адным з магазінаў г.п. Гарадзея, а катанне ў нецвярозым стане на аўтамабілі прывяло ў кювет. Відавочцы выклікалі міліцыю. Парушальнік атрымаў штраф у памеры адной базавай велічыні.

У трэцім выпадку разглядалася адмі-ністратыўная справа ў адносінах да маці, жыхаркі аг. Ударны, сын якой не дасягнуў узросту 16 гадоў. Ён знаходзіўся ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага  ап’янення — ля кафэ “У Каханкі”. Туды ён патрапіў з паўналетнімі сябрамі на таксі. “Вяселле” працягвалася да дзвюх гадзін ночы. Далей — да яго падышлі, ударылі, упаў… Выкліканыя на бойку супрацоўнікі міліцыі даставілі хлопца ў ЦРБ у стане моцнага алкагольнага ап’янення. Абследаванне паказала 2,2 праміле ў выдыхаемым паветры. Па словах урача-нарколага, гэта доза ў такім узросце магла стаць смяротнай. У выніку маці падлетка атрымала штраф — 2 базавыя велічыні.

 На пасяджэнні разглядалася інфармацыя ў адносінах непаўналетняга, які ўжываў спіртное да дасягнення ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Адзначалі дзень нараджэння сябра, якому на той час не было 18 гадоў (гэты юнак атрымаў штраф у памеры адной базавай велічыні). Спіртное купіў трэці — паўналетні. У вёсцы Новыя Навасёлкі хлопцы былі заўважаны супрацоўнікамі міліцыі. З падлеткам будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа з боку школы і РАУС.

Ва ўсіх вышэйназваных выпадках падлеткі станоўча характарызуюцца ва ўстановах адукацыі, не прапускаюць заняткаў, займаюцца спортам, музыкай, адклікаюцца на просьбы, выхоўваюцца ў добрых сем’ях, дзе бацькі цікавяцца вучобай сваіх дзяцей, ходзяць на бацькоўскія сходы. Але…

Паважаныя падлеткі! Вам здаецца, што вы ўжо дарослыя, самі справіцеся, разберацеся. Безумоўна, у некаторай ступені яно так! Але вы проста па сваім ўзросце яшчэ не можаце быць дарослымі ў поўнай ступені. І часта не прыслухоўваецеся да парад і заўваг бацькоў, часта вам трэба пачуць пэўную параду з вуснаў іншых людзей, каб зразумець, што бацькі мелі рацыю. Яны даюць вам настаўленні не толькі таму, што яны дарослыя, але таму, што яны калісьці таксама былі дзецьмі, у іх большы жыццёвы вопыт, яны любяць вас і жадаюць вам толькі самага найлепшага. Таму не хлусьце ім (хлусня заўсёды выкрываецца і нічога добрага не прыносіць), часцей звяртайцеся па параду, дзяліцеся не толькі сваімі радасцямі, але і тым, што вас трывожыць. Не будзьце “калючымі вожыкамі”, не закрывайцеся ў сабе, выбірайце кампанію станоўчых сяброў, сяброў свайго ўзросту, з якімі можна прыемна бавіць час, а не з бутэлькай піва ў руках, цыгарэтай і так далей. Гэта зусім не “крута” і, як вы бачыце, ні да чаго добрага не прыводзіць. Паважайце сябе і сваіх бацькоў, паступайце так, каб не было сорамна ні вам, ні ім, каб на іх вачах ніколі не з’яўляліся слёзы з-за вашых дрэнных учынкаў. Станоўчыя паводзіны — вось гэта сапраўды “крута”! Заўсёды ў модзе!

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Единая валюта, налоговая, таможня и суд: что содержала 31-я дорожная карта интеграции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика