У Пружанах мужчына распыліў газ у дзвюх крамах
brest.mvd.gov.by
У Пружанах на Брэстчыне мужчына за адзін дзень распыліў газавы баорнчык у дзвюх крамах, паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Здарэнне адбылося яшчэ ў лютым. Мужчына зайшоў удзень у адну з гарадскіх крамаў і ў чарзе распыліў газ з балончыка. А праз некалькі гадзін паўтарыў тое самае ў іншай краме.
У абодвух выпадках мужчына здолеў уцячы. Аднак міліцыянты ўсё ж выявілі яго па запісах камер відэаназірання. Выявілася, што гэта 30-гадовы рабочы мясцовага райпо, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за хуліганства. Мужчыну знайшлі і затрымалі.
Пружанец расказаў, што купіў газавы балончык для самаабароны. А потым вырашыў праверыць на людзях, як дзейнічае ягоны спецсродак. Першая спроба яму спадабалася, таму ён паўтарыў яе ў іншай краме.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за хуліганства.