Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Бобравіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” працуе над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў”. У рамках праекта праводзяцца навучальныя заняткі для бацькоў, семінары-практыкумы, тэнінгі, майстар-класы. Далучаюцца бацькі таксама да кіравання і абнаўлення адукацыйнага працэсу. Трэці год ва ўстанове праводзіцца дзень бацькоўскага самакіравання на першай і другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, калі бацькі навучэнцаў праводзяць вучэбныя заняткі ў класах, дзе вучацца іх дзеці. Традыцыйна гэтыя мерапрыемствы арганізуюцца напярэдадні жаночага свята. І ў гэтым годзе 6 сакавіка ў пачатковых класах панавала дзіцячая мітусня і загадкавая атмасфера: урокі праводзілі бацькі і старшакласнікі педагагічных класаў. “Новыя” педагогі хоць і хваляваліся, аднак вельмі сур’ёзна і адказна падышлі да выканання даручанай справы – правядзення вучэбных заняткаў у класах сваіх дзяцей.
Так, у 1 класе Дзядуль Н.Ф. правяла ўрок матэматыкі. Першакласнікі разам з новай настаўніцай адправіліся ў падарожжа па Краіне матэматычных знакаў і лічбаў. Ніна Францаўна з задавальненнем выконвала ролю настаўніцы, з якой яна справілася на выдатна. Навучэнцам вельмі спадабалася падарожнічаць, і яны спадзяюцца, што падарожжа па матэматычнай краіне будзе працягвацца.
Навучэнцы 3 і 5 класаў разам з Каспяровіч В.Ч. і Тулько Ю.Г. на ўроках рускай літаратуры чыталі і абмяркоўвалі літаратурныя творы, адказвалі на пытанні, складалі паведамленні.
У 2 і 3 класах на ўроках рускай і беларускай мовы настаўнікі-бацькі Качалка Н.А. і Варанюк Н.Г. тлумачылі правілы, вучылі з навучэнцамі словы-выключэнні, замацоўвалі вывучаны матэрыял. Навучэнцы былі вельмі старанныя, уважлівыя і актыўныя на працягу ўсіх ўрокаў.
Дзеці засталіся задаволенымі ўрокамі і адчувалі гонар за сваіх бацькоў. А бацькі, якія пабылі ў новай для сябе ролі, змаглі адчуць, як гэта цяжка і адказна вучыць дзяцей. Адзінаццацікласнікі, якія вучацца ў педагагічным класе, змаглі далучыліся да педагагічнай прафесіі і яшчэ раз усвядоміць правільнасць прафесіі, якую яны хочуць выбраць. А дзецям жа ў шэрагу школьных будняў будзе не раз успамінацца гэты незвычайны дзень, як нешта нестандартнае і крыху прыгодніцкае.
В. Баярчук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бобравіцкага дзіцячага сада- сярэдняй школы.