На спатканне з бацькам

Источник материала:  
11.03.2020 12:21 — Разное
На спатканне з бацькам
Фота носіць ілюстрацыйны характар

Гераіня гэтай гісторыі папрасіла, каб яе імя ў публікацыі не называлася, маўляў, навошта яго афішыраваць, дый наогул, ці вартая яна сама, як і яе далёкае мінулае, увагі журналіста. Таму  назаву субяседніцу проста  Марыяй Андрэеўнай і раскажу ўсё, што са слязьмі на вачах прыгадала  мудрая, памяткая на даты і імёны жанчына.

Шэрыя валёначкі

Марыя нарадзілася ў чэрвені  1943-га. Праз год яе бацьку Андрэя Максімавіча дэмабілізавалі на фронт. Да светлага пераможнага мая ён не дажыў усяго два месяцы, смерць дагнала салдата ў  красавіку сорак пятага. На чужыне ён і знайшоў свой вечны прытулак.

Успаміны пра бацьку, пасляваеннае дзяцінства даваліся Марыі Андрэеўне нялёгка. Па ўсім адчувалася, што яны сціскаюць сэрца жанчыны, а пад самае горла падступае такі камяк, які ёй не дае нават дыхаць, не тое што гаварыць. Тым не менш суразмоўніца ўсё ж такі разгаварылася:

– Я самая малодшая ў сям’і. Матуляй, старэйшым братам Цімафеем, сёстрамі Ганнай і Валянцінай была любімай і пеставанай. Яны заўсёды бралі на свае сірочыя плечы жыццёвыя цяжкасці і клопаты, больш дапамагалі маці па гаспадарцы і вельмі хацелі, каб я атрымала адукацыю. Так і сталася ў жыцці. Я адна з нас чатырох – дыпламаваны спецыяліст. Ужо будучы дарослай, за іхняе самаахвяраванне, любоў і клопат я аддзячыла родным людзям і маральна, і матэрыяльна. Але ж пра бацьку. Ён у нас быў сапраўдным гаспадаром. Дом да вайны пабудаваў вялікі, прасторны. Былі ў нас конь і карова, свінні і птушкі… Нават кузня была свая. І вось уявіце, як змянілася жыццё  маці, калі стала ўдавою? Працавала ад цямна да цямна, умела выконваць работу і жаночую, і мужчынскую. Хварэць сабе не дазваляла, а нас, дзяцей, шкадавала без меры. У  старасці  матуліны пальцы пакруціла ад работы, а далоні  яе пакрылі суцэльныя мазалі…  ад рыдлёўкі, плуга, грабляў. Мама рабіла ўсё, каб пракарміць, апрануць у цяжкі пасляваенны час нас, вывесці на годную жыццёвую дарогу. Хаця і пасля вайны дзяржава клапацілася як магла аб дзецях, чые бацькі загінулі на фронце. Памятаю, як перад Новым годам  людзі ў цывільным  прыйшлі  да нас дадому, прынеслі падарункі, мне – шэрыя валёначкі. А мы ж па тым часе ў школу хадзілі толькі ў лапцях. Як жа зайздросцілі гэтым валёнкам сябры, аднакласнікі! На ўроку я не зводзіла вачэй з абутку, любавалася ім і радавалася. А на кароткіх перапынках давала дзецям  памераць валёнкі, нават прайсціся ў іх па класе. І жадаючых было вельмі многа. Успаміны пра шэрыя валёнкі ўсё жыццё нашу ў сабе як асколак… Гэта ж толькі падумаць, як цяжка было  жыць!

«Беражы дзяцей, Хрысця…»

 Пахаванку на бацьку, радавога 295-й стралковай дывізіі Андрэя Зялёнку (імя і прозвішча зменены), Марыя Андрэеўна беражэ ўсё жыццё. Ужо дарослы сын жанчыны зрабіў для яе немудрагелістую драўляную рамку і прыбіў да сцяны ў вялікім пакоі хаты.

– «Навошта?» – спытала я тады ў свайго хлопца, – прызнаецца Марыя Андрэеўна. – На што ён мне адказаў: «Гэта памяць».

І прытым адзіная аб родным чалавеку.  Было яшчэ пісьмо з фронту, вось толькі не захавалася яно.

– Мама часта ўспамінала бацьку, чалавека крутога, не па гадах мудрага, які заўсёды «рэзаў» праўду-матку і ніколі не гнуў спіну без дай прычыны. Яго яна кахала па-сапраўднаму. Асабліва помнымі для мамы сталі татавы радкі з пісьма: «Беражы сябе, Хрысця, і дзяцей нашых беражы». Застаўшыся ўдавою ў трыццаць шэсць гадоў, мама замуж больш не пайшла. Сама сеяла і жала, даглядала гаспадарку і гадавала нас, ніколі не наракаючы на свой удовін лёс. А чаго наракаць? Такіх, як яна, – амаль палова вёскі.

Сон падчас сенакосу

Пра тое, што бацька загінуў на тэрыторыі Польшчы і там пахаваны, Марыя Андрэеўна даведалася, будучы ўжо дарослай і самадастатковай жанчынай.

– У пошуках татавай магілы куды толькі ні слала лісты, – цяжка ўздыхнуўшы, прызналася суразмоўніца. – Быў нават час, калі надзея знайсці апошні прытулак роднага чалавека пакідала мяне. А неяк бачу сон: сенакос і спякота невыносная, піць моцна хочацца. І тут, прыкрыўшыся далонню ад сонца, заўважаю, што паводдаль мужчына пасвіць коней. Нечакана для самой сябе кінула я граблі і падалася да незнаёмца. А ён непрадбачна ўзрадаваўся мне і працягнуў  гліняны гладышык з халоднаю крынічнаю вадою…

У афіцыйным пісьме, што прыйшло на хатні адрас жанчыны праз некаторы час з Масквы, паведамлялася, што радавы 295-й стралковай дывізіі Андрэй Зялёнка загінуў 23 красавіка 1945-га і пахаваны ў польскім горадзе Гожув-Велькапольскі. 

Усяго нічога спатрэбілася Марыі Андрэеўне для таго, каб сабраць неабходныя дакументы, зрабіць замежны пашпарт і рушыць у дарогу. Разам з ёю на вандроўку ў далёкую Польшчу адважылася пляменніца, дачка старэйшага брата Цімафея.

– Дзень, калі мы трапілі на татаву магілу, быў ветраны. Хмурна было і на душы, – прызналася Марыя Андрэеўна. –  На чужыне, у адной магіле з рускім салдатам,  спачываў  мой бацька, твар, вочы і ўсмешку якога я не помніла нават. Каля сціплай, але ж дагледжанай магілы мы з пляменніцай  прачыталі «Ойча наш», запалілі царкоўныя свечкі і паставілі  невялікі вяночак са штучных кветак, прывезены з Беларусі. А ў яго паклалі запіску са сваім  хатнім адрасам, тэлефонамі і словамі-спадзяваннямі на стасункі з роднымі рускага салдата. Вось толькі аб адным шкадую: не зрабілі  мы тады фотаздымак ля татавай магілы. Моцна шкадую.

Радасны-сумны дзень Вялікай Перамогі

Крыху памаўчаўшы, Марыя Андрэеўна прадоўжыла:

– Дзіўна, але ж як па рознаму  з часам  гляджу  на адны і тыя ж рэчы. У дзяцінстве, у юнацкія гады Дзень Перамогі для мяне быў сумным святам. Відаць, з-за таго, што бачыла матуліны вочы, у якіх месцілася столькі болю, гора і адчаю. Трывожылася душа, калі ўдовы-суседкі завязвалі на галаву чорныя хусткі і ў той час калі многія радаваліся пераможнаму маю, галасілі, аплакваючы  сваіх каханых, свой няшчасны лёс.

Зараз ва ўрочышча Горкі, дзе жыхары райцэнтра святкуюць свята Вялікай Перамогі,  Марыя Андрэеўна ходзіць штогод,  каб пабыць на мітынгу, паглядзець на шчаслівыя і бесклапотныя тварыкі дзетак, паслухаць добрыя песні, сустрэцца са сваімі сябрамі, знаёмымі.

– Прыгожае, радаснае свята.  Вось толькі не зразумела мне, чаму дазваляе ўлада, каб гарэлка на ім ракою лілася. П’юць, вельмі многа людзі п’юць, забываючы, што гэта за свята і ў каго, наогул, ёсць права на тыя «франтавыя сто грамаў».

Галіна МІКАЛАЕВА.

(Visited 1 times, 1 visits today)

←Белавиа отменяет рейсы в Италию: как вернуть деньги

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика