Паветраныя баі над Ганцавічамі

Источник материала:  
10.03.2020 10:21 — Разное
Паветраныя баі  над Ганцавічамі

Вестка аб пачатку вайны прыйшла на Ганцаўшчыну 22 чэрвеня 1941 г. Некаторыя людзі не ўспрынялі яе ўсур’ёз. Але іх аптымізм хутка развеяўся. Зграі варожых самалётаў скідвалі бомбы на мірныя гарады і вёскі, палівалі іх свінцовым кулямётным агнём. Жорсткай бамбёжцы ў першыя дні вайны падверглася чыгунка Лунінец – Ганцавічы – Баранавічы. Зрэдку прарываліся на захад і невялікія групы чырваназорных самалётаў, якія наносілі ўдары па аб’ектах, размешчаных на тэрыторыі праціўніка. Але іх было мала – у асноўным бамбардзіроўшчыкі без усялякага прыкрыцця знішчальнікаў. Нягледзячы на гэта, савецкія лётчыкі праяўлялі цуды гераізму ў няроўных баях з фашысцкімі сцярвятнікамі.

24 чэрвеня 1941 г. многія жыхары Ганцавіч, Люсіна і навакольных вёсак сталі сведкамі бою савецкага бамбардзіроўшчыка, які, відаць, вяртаўся з баявога задання, з групай нямецкіх самалётаў-знішчальнікаў над урочышчам Азярніца (раён станцыі Люсіна каля р. Выдранка).

Лётчыкі змагаліся самааддана. Цяжкі і маламанеўраны бамбардзіроўшчык падбіў два варожыя знішчальнікі. Хутка ў яго скончыўся боепрыпас. Нямецкія лётчыкі адчулі гэта і атакавалі наш самалёт. Ён спрабаваў адарвацца ад знішчальнікаў. Але гэты манеўр не ўдаўся. Літаральна зрашэчаны кулямётнымі чэргамі «месершмітаў», бамбардзіроўшчык запалаў і пачаў імкліва губляць вышыню. Назіраючы за ходам гэтага паядынку, людзі вырашылі, што савецкія лётчыкі загінулі. Але раптам убачылі, як ад ахопленага агнём самалёта аддзялілася маленькая фігурка. Услед за ёй пацягнуліся стропы парашута. Але ён не паспеў раскрыцца. Палаючы бамбардзіроўшчык упаў ва ўрочышча Азярніца побач з чыгункай.

Людзі, якія прыбеглі на месца падзення самалёта, ужо нічым не маглі дапамагчы лётчыкам – двое з іх, відаць, загінулі ў час паветранага бою. Загінуў і трэці лётчык, што спрабаваў пакінуць палаючую машыну.

Сведкі гэтага няроўнага бою – жыхары вёскі Люсіна В. Г. Жалезны, А. П. Жалезны, С. І. Рылка, І. М. Крупеніч, М. Р. Крупеніч – знайшлі ў загінуўшага лётчыка дакументы. Гэта быў старшы лейтэнант Апанас Іосіфавіч Пракапенка. Іосіф Мартынавіч і Марыя Рыгораўна Крупенічы пахавалі лётчыкаў непадалёк ад месца іх гібелі.

І. М. Крупеніч зняў з самалёта кулямёт, прынёс яго ў вёску і закапаў. Потым гэтая зброя згадзілася яму, калі ён стаў камандзірам дыверсійнай групы партызанскага атрада «Балотныя».

Пасля вайны, у 1949 г., астанкі загінуўшых лётчыкаў былі перанесены ў Ганцавічы і там перапахаваны ў брацкай магіле.

У 1972 г. дзякуючы намаганням следапытаў, пошукавай рабоце супрацоўнікаў Ганцавіцкага райваенкамата прозвішчы двух лётчыкаў, што загінулі ў баі разам з А. І. Пракапенкам, якіх родныя дагэтуль лічылі без вестак прапаўшымі, былі ўстаноўлены. Вось экіпаж таго бамбардзіроўшчыка з 39-га скораснага бамбардзіровачнага палка:

Бакурадзэ Віктар Венядзіктавіч, нарадзіўся ў 1911 г. у Сталінскім раёне г. Баку, капітан, намеснік камандзіра эскадрыллі па палітчасці;

 Пацалуеў Міхаіл Касьянавіч, нарадзіўся ў 1917 г. у с. Папоўка Кашырскага раёна Растоўскай вобласці. Старшы сяржант, паветраны стралок-радыст;

Пракапенка Апанас Іосіфавіч, нарадзіўся ў 1911 г. у в. Міхайлаўка 2-я Брацкага раёна Нікалаеўскай вобласці. У Чырвонай Арміі з 1931 г. Старшы лейтэнант, старшы ад’ютант эскадрыллі, штурман.

Расказ аб адважных лётчыках быў бы няпоўны, калі б мы не згадалі прозвішчы людзей, якія дапамагалі ўстанавіць імёны загінуўшых герояў. На публікацыю ў газете «Савецкае Палессе» (№ 42 ад 06.04.1972) адгукнулася дачка А. І. Пракапенкі Ала Апанасаўна, аднапалчанін лётчыкаў Аляксей Васільевіч Багданаў з г. Арцёмаўск Данецкай вобласці. Апошні адшукаў былога начальніка штаба 39-га скораснага бамбардзіровачнага палка Навума Мяфодзьевіча Альтовіча, жыхара г. Львоў. Апошні ўдакладніў склад экіпажаў палка. Гэта былі лётчыкі В. В. Бакурадзэ, І. М. Сізоў, М. Г. Летушын, В. Ф. Брытаў, А. А. Суслапараў, П. Я. Грыгор’еў; штурманы – А. І. Пракапенка, Г. В. Зарэцкі, С. М. Лазько, А. А. Качэрга, І. В. Новікаў, Марозаў; стралкі-радысты   М. К. Пацалуеў, П. М. Мураўёў, А. І. Парошын, К. М. Пячэнка, А. А. Смірноў, Ф. П. Сылка.

Прыведзеныя звесткі аб экіпажах палка дапамаглі вызначыць некаторыя акалічнасці другога паветранага бою, які адбыўся ў той жа дзень над Раздзялавічамі.

Першымі да месца падзення нашага самалёта прыбеглі Праскоўя Якімаўна Варэйка і Якаў Васільевіч Рабцэвіч. Яны выратавалі двух лётчыкаў. Трэці, штурман экіпажа, капітан Іван Васільевіч Новікаў загінуў у час паветранага бою. Яго пахавалі непадалёку ад месца гібелі. Выратаваных лётчыкаў, адзін з якіх, як помніць П. Я. Варэйка, называўся Мікалаем Звярковым, накармілі, забяспечылі ўсім неабходным і паказалі дарогу на Пінск, дзе ў той час базіраваўся ваенны аэрадром.

Жанчына, відаць, запамятавала прозвішча лётчыка за даўнасцю часу. З  дапамогай Н. М. Альтовіча мы даведаліся, што ў склад экіпажа гэтага бамбардзіроўшчыка акрамя І. В. Новікава ўваходзілі камандзір капітан А. А. Суслапараў і стралок-радыст А. А. Смірноў. На жаль, далейшы лёс А. А. Суслапарава і А. А. Смірнова ўстанавіць не ўдалося.

А хто ж тады Мікалай Звяркоў? Магчыма, ён зусім з іншага экіпажа і нават іншага палка? Прыкладна ў тыя ж дні чэрвеня 1941 г. паміж Раздзялавічамі і Хатынічамі быў збіты яшчэ адзін савецкі бамбардзіроўшчык. Яго знайшлі толькі праз 47 гадоў вучні Раздзялавіцкай сярэдняй школы. Ці не з гэтага самалёта згадваемы раней М. Звяркоў? Магчыма, і так. Але з упэўненасцю можна сцвярджаць, што знойдзены вяскоўцамі 26 чэрвеня 1941 г. цяжка паранены лётчык-парашутыст, які памёр, не прыходзячы ў прытомнасць, менавіта з гэтага самалёта-бамбардзіроўшчыка. З дакументаў, знойдзеных пры ім, высветлілася, што лейтэнант Аляксандр Ціханавіч Крамарэнка, лётчык-назіральнік 121-га скораснага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Ён нарадзіўся ў 1918 г. у с. Алешня Ахтырскага раёна Сумскай вобласці (Украіна). Член ВЛКСМ, у армію прызваны ў 1938 г. Ахтырскім райваенкаматам Сумскай вобласці. Лічыўся прапаўшым без вестак  26.06.1941 пры выкананні баявога задання. Лёс астатніх двух членаў экіпажа, у які ўваходзіў лейтэнант А. Ц. Крамарэнка, на жаль, невядомы. Можа, адным з яго членаў і быў Мікалай Звяркоў? Пошукі паказалі, што ў паветраных баях над Ганцавічамі ўдзельнічалі 39-ты і 121-шы СБАП. З дзевяці лётчыкаў пяць знайшлі свой вечны прытулак на ганцавіцкай зямлі. Іх імёны ўстаноўлены. Чатыры лётчыкі, прозвішчы якіх не высветлены, да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак.

Канстанцін МОХАР,

(гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць» Ганцавіцкі раён).  

(Visited 2 times, 2 visits today)

←К сети партнеров карты рассрочки Черепаха банка ВТБ (Беларусь) присоединилась сеть строительных гипермаркетов Mile

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика