Той, хто кахае многіх, — ведае жанчын,
той, хто кахае адну, — адчуў каханне.
Зігмунд ФРЭЙД.
Чамусьці так здарылася, што мы, мужчыны, найбольш цёпла і эмацыянальна пачынаем задумвацца, што для нас значыць жанчына, толькі напярэдадні свята 8 Сакавіка. Але ж гэта несправядліва: Жанчыне мы павінны прызнавацца ў каханні на працягу ўсяго года. На працягу ўсяго жыцця.
У жыцці кожнага з нас ёсць тая, якая наша жыццё змяніла, упрыгожыла, аздобіла, якая пакінула свой незабыўны аўтограф. І не важна дзе — на губах ці глыбока ў сэрцы. Тая, адзіная, мяняе ў лепшы бок нас, мужчын. Такія жанчыны не могуць не хваляваць нашы душы, іх помняць заўсёды, з імі параўноўваюць усіх астатніх.
Дарыце ім кветкі, прыносьце часцей падарункі, нават самыя маленькія і сціплыя. Рабіце сюрпрызы, дапамагайце вырашаць праблемы. Не давайце жанчыне адчуць сябе адзінокай — і вы ўбачыце, як яна вельмі хутка стане вашай, адзінай, зменіцца ў лепшы бок. Жанчыны — заўсёды жанчыны, яны не бываюць старымі ці маладымі. Дзе няма жанчын, там няма і сапраўднай радасці.Як гэта прыгожа, калі бачыш: жанчына ідзе пад руку з мужчынам, якога яна кахае. І як брыдка, калі мужчына нават руку не падае ёй, калі яна выходзіць з грамадскага транспарту. А ёсць жа выхаваныя хлопцы і мужчыны, што нават чужым, незнаёмым падаюць руку.
Жанчына павінна быць шчаслівай, бо яна працягвае наша Жыццё ў дзецях. Слабому полу бясспрэчна належыць увесь сусвет, таму што яны могуць ствараць новых зямлян. Больш таго, жанчыны здольныя спыніць час.
Яна — гэта ідэал чысціні і прыгажосці. З ёю не сумуеш, і яна не дае нам хутка пастарэць. Усе жанчыны розныя, і жаночы пол — заўсёды тайна і загадка. Яны прывабныя сваёй індывідуальнасцю і ўнікальнасцю. Жанчыны звычайна гавораць больш, чым мы, затое мы павінны імкнуцца рабіць больш, чым жанчыны. Мы не павінны падразаць жанчынам крылы, бо яны ўжо ніколі не змогуць стаць анёламі… Жанчынам падаецца, што для мужчын, у якіх яны закаханыя, няма нічога немагчымага.
Нярэдка, калі губляеш такую жанчыну, жыццё становіцца адразу шэрым, бессэнсоўным, пустым, бязколерным. Характар жанчыны — гэта люстэрка вашых адносін. Жанчын абражае наша абыякавасць. Толькі дурань будзе імкнуцца змяніць жаночую логіку, будзе спрачацца з жанчынай.
Мужчыны! Беражыце і шануйце нашых дзяўчат, нявест, жанчын, сяцёр, дачок, жонак, матуль і бабуль! Калі вам не давялося бачыць закаханых жанчын, вы не ведаеце, ні што такое жанчына, ні што такое каханне…
Жанчына — гэта самае жаданае запрашэнне да Шчасця! Адзінае, пра што малю я вас: не губляйце жаноцкасць… І, дарэчы, самыя загадкавыя тайны жанчын — у сэрцах мужчын, якіх яны кахаюць, якім яны вераць, якіх паважаюць і давяраюць самае дарагое.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.
Перадсвяточнае. Абразок да 8 Сакавіка
08.03.2020
—
Разное