Жанчыны ёсць, падобныя на Сонца —
Ад іх прысутнасці становіцца цяплей.
Калі ўсмешка твару іх кранецца,
здаецца свет дабрэй і прыгажэй.
Ёсць жанчыны, якія нават пасля кароткай размовы ці сустрэчы пакідаюць у душы добры след, прыемныя эмоцыі, цёплыя, трапяткія адчуванні, калі хочацца ўсміхацца ўсяму свету, сонцу, усяму жывому на зямлі, рабіць добрыя справы.
Менавіта такімі з’яўляюцца мае сённяшнія гераіні, знаёмыя многім з вас несвіжанкі. Работнік культуры з 35-гадовым стажам, 29 з якіх аддала пасадзе дырэктара РЦК, загадчык пастановачнай часткі тэатра заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага РЦК, кіраўнік дзіцячага гуртка “ТДТ”, інтэлігентная, разумная і таленавітая Таццяна Лук’янчык, шматдзетная мама, узнагароджаная ордэнам Маці, цікавая і абаяльная Любоў Бушыла, і стыліст-візажыст, майстар перманентнага макіяжу, пераможца і прызёр рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў і конкурсаў па цырульніцкім майстэрстве, гаспадыня салона прыгажосці “Стыль”, прыгожая, крэатыўная Таццяна Лесь.
Аб іх марах, захапленнях і іншых цікавых момантах — у сённяшнім перадсвяточным інтэрв’ю.
Якая Ваша любімая пара года?
Таццяна Лук’янчык: — Люблю май і верасень, калі ўсё квітнее і пачынае адцвітаць.
Любоў Бушыла: — Гэта вясна! Люблю назіраць, калі ўсё ажывае, зелянее, распускаецца.
Таццяна Лесь: — Кожная пара года для мяне па-свойму прыгожая! Але больш за ўсё я люблю восень, яна чароўная! Люблю дождж.
Вось-вось распусцяцца першыя кветкі. Назавіце Вашы любімыя?
Таццяна Лук’янчык: — Я люблю ўсе вясновыя кветкі, таму што яны першыя. А таксама палявыя, пакаёвыя. Кветак шмат на рабоце і дома. Разводжу фіялкі, іх у мяне шмат сартоў.
Любоў Бушыла: — З першых люблю пралескі. І вельмі падабаюцца півоні.
Таццяна Лесь: — Люблю ландышы, прыгажосць і пах гэтых кветак асацыіруюцца з часам майго юнацтва.
Вам падабаецца рука-дзельнічаць, ці ў Вас ёсць нейкае іншае цікавае хобі?
Таццяна Лук’янчык: — Я вельмі паважаю і стаўлюся з вялікім трапятаннем і любоўю да людзей, якія займаюцца рукадзеллем. У мяне ж гэта рамяство на пачатковай стадыі: пачала рабіць кампазіцыі да свят. Зараз у працэсе — да 8 Сакавіка. Вельмі падабаецца дэкупаж, спадзяюся, я яго асвою. Хобі — тэатр. Часам цешуся вершамі. Яшчэ люблю збіраць грыбы і лавіць рыбу.
Любоў Бушыла: — Люблю складаць букеты! Асабліва вясельныя. Акрамя гэтага займаюся выпечкай. Спяваць любім сям’ёй. Граем, музыкі амаль усе. Дома аркестр: фартэпіяна, флейта, саксафон і скрыпка. Любім падарожнічаць, наведваць цікавыя мясціны Беларусі і не толькі. Час, праведзены з сям’ёй, не заменіць нішто, гэта тое, што застанецца ў памяці на ўсё жыццё.
Таццяна Лесь: — Я ўмею вязаць і шыць, але больш за ўсё мне падабаецца пісаць карціны, на жаль з-за занятасці вельмі рэдка здараецца такая магчымасць. Таму сваё творчае натхненне я выкарыстоўваю ў любімай працы, я “малюю” на тварах сваіх кліентаў — раблю макіяж.
А якая Вы гаспадыня? Ці ёсць у Вашай кулінарнай кнізе самы любімы рэцэпт, Ваш, Вашых родных, сяброў?
Таццяна Лук’янчык: — Хваліць сябе не прынята, але, мяркуючы па ўсім, добрая. Усім падабаецца, як я гатую. У маёй кулінарнай скарбонцы ёсць шмат рэцэптаў, якія я прыдумала сама. Люблю і паэксперыментаваць. Калі ўзяла рэцэпт у Інтэрнэце, і мне не падабаецца нейкае спалучэнне інгрэдыентаў, то абавязкова знайду ім замену на свой густ. Шмат маіх рэцэптаў прыжылося ў сябровак. Любоў да кулінарыі, магчыма, у мяне ад бабулі Паліны. Яна ў 30-я гады служыла на граніцы і рыхтавала абеды камандзірскаму саставу.
Любоў Бушыла: — Любімы рэцэпт у маёй кулінарнай кнізе — гэта адназначна чызкейк, любімец нашай сям’і!
Таццяна Лесь: — Якая я гаспадыня, ацаніць могуць мае родныя і сябры. Самыя любімыя стравы сям’і — піца, хумус. Цяпер такая разнастайнасць рэцэптаў у Інтэрнэце! Я люблю эксперыментаваць, спрабаваць нешта новае.
Што для Вас свята 8 Сакавіка: гэта “смачны стол”, ці мора кветак, а можа быць каханне і вясна, ці ўсё разам узятае?
Таццяна Лук’янчык: — Мора кветак і шчаслівыя ўсмешкі жанчын. Гэта свята вясны, абуджэння прыроды.
Любоў Бушыла: — 8 Сакавіка для мяне — гэта каханне і вясна!
Таццяна Лесь: — У гэты дзень мужчыны больш надаюць увагі жанчынам, прызнаюцца ў каханні, дораць кветкі … Дзень 8 Сакавіка павінен быць у жанчыны кожны дзень.
Ці ёсць у Вас свае (сямейныя) традыцыі святкавання гэтага дня?
Таццяна Лук’янчык: — 8 Сакавіка люблю з дзяцінства. Гэта для мяне вялікае свята. У нас была традыцыя: на святы збіраліся амаль усёй вёскай. На 8 Сакавіка — у нашай хаце. Было шмат гасцей, сусед граў на гармоніку…
Любоў Бушыла: — Асаблівых сямейных традыцый няма, святочная вячэра ў коле сям’і.
Таццяна Лесь: — У гэты дзень мае мужчыны дораць мне кветкі, падарункі, а я рыхтую святочны абед. Запрашаем сваіх бацькоў, віншуем сваіх любімых матуль, унукі — бабуль, абменьваемся падарункамі.
Назавіце самы запамінальны, самы мілы, незвычайны, рамантычны, арыгінальны падарунак, які Вы атрымалі на 8 Сакавіка?
Таццяна Лук’янчык: — Самым запамінальным і рамантычным падарункам для мяне былі вершы пра каханне і велізарны букет руж, я была ў захапленні.
Любоў Бушыла: — Самым запамінальным было вядро руж.
Таццяна Лесь: — Скачок з парашутам: весела, экстрэмальна, захапляльна!
Якіх падарункаў Вы больш за ўсё чакаеце ў гэты дзень?
Таццяна Лук’янчык: — Вядома, кветак. Я вельмі люблю, калі дораць кветкі. Проста абажаю!
Любоў Бушыла: — Прыемна, калі падарунак зроблены з любоўю, не важна, што гэта, букет кветак або дарагі аўтамабіль.
Таццяна Лесь: — Самым важным, жыццёвым падарункам для мяне з’яўляецца здароўе маіх родных, блізкіх людзей.
Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць сучасная жанчына?
Таццяна Лук’янчык: — Перш за ўсё, яна павінна быць жанчынай, жанчынай з вялікай літары, жанчынай да кончыкаў пазногцяў. Інтэлігентнай, мудрай, сямейнай, добрай гаспадыняй, нягледзячы на кар’еру і многае іншае. Прыгожай, моднай, стыльнай, і заўсёды знаходзіць час для сябе любімай.
Любоў Бушыла: — Мудрасцю і ўменнем кахаць.
Таццяна Лесь: — Нашы сучасныя жанчыны не тое што па-вінны, яны абавязаны быць стыльнымі, абаяльнымі і любімымі!
Напэўна, у кожнай дзяўчынкі ёсць запаветная мара. Якая, калі не сакрэт, была ў Вас? Спраўдзілася яна?
Таццяна Лук’янчык: — Я марыла быць артысткай. Агітавала аднакласнікаў, рыхтавалі канцэрты ў клубе, выступалі. Але стала работнікам культуры, актрысай тэатра, у якім працуюць разумныя, інтэлігентныя асобы.
Любоў Бушыла: — Мара была — мець шчаслівую сям’ю. Спраўдзілася!
Таццяна Лесь: — У дзяцінстве я марыла стаць прыгажуняй. Марыць можна пра многае, а вось ставіць мэты і дасягаць іх — больш цікава і захапляльна!
Што б Вы пажадалі нашым матулям, бабулям, усім жанчынам напярэдадні свята 8 Сакавіка?
Таццяна Лук’янчык:
Пажаданняў маіх не злічыць,
І навошта дзяліць іх на часткі,
Калі ўсе яны, колькі ёсць,
Заключаюцца ў слове “шчасце”.
Шчасце — гэта такое вялікае паняцце, якое ўключае зда-роўе, радасць, шмат сяброў. Чалавек шчаслівы, калі ведае, што здаровыя яго блізкія, калі ў яго на працы ўсё выдатна, шчаслівы, калі любіць, кахае і каханы, калі ёсць з кім раздзяліць прыемныя моманты і многае іншае.
Любоў Бушыла:
Жыццё хай будзе сонечным,
вясновым,
Не пакідае ўсіх жанчын удача,
Нясе каханне
кожны ранак новы,
Пасільнай будзе
ўсякая задача!
Таццяна Лесь: — Жанчыны, як і сама вясна, — прыгожыя, далікатныя і крышачку ранімыя, таму і маюць патрэбу ў верным каханні і надзейнай падтрымцы мужчын… Мілыя дамы, дарагія калегі, дазвольце пажадаць вам вечнай маладосці, прыгажосці, хай здароўе з кожным годам мацнее, а настрой заўсёды будзе выдатным! Хай не толькі ў гэты, але і кожны дзень дома вас чакаюць кветкі і падарункі, вясёлы смех і добрыя пажаданні, і, канечне ж, палымяныя пацалункі!
Вось такія яны, мае гераіні, — добрыя і шчырыя, пяшчотныя і клапатлівыя, любячыя прыгажосць і крышачку — экстрым. Старанныя працаўніцы, цудоўныя гаспадыні, матулі і проста прыгожыя жанчыны, з іскрынкамі радасці ў вачах і мілымі ўсмешкамі.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.