В чём секрет «Алины»? Работа приносит большое удовольствие Алине Кратёнок
“Бываюць дні, калі проста не магу падняцца, думаю, не адстаю дзень за прылаўкам, а прыходжу ў магазін – і ажываю сярод людзей. Я настолькі люблю работу, што толькі дзякуючы ёй, зносінам з пакупнікамі ў свой час справілася з вялікім горам. І не кідаю прадпрымальніцтва не з-за заробку”.
Дарэчы, пра тое, што не ўсе дні ў А.К.Крацёнак сонечныя, яе пакупнікі і не здагадваюцца. На людзях гаспадыня “Аліны” заўсёды з усмешкай, спакойным ветлівым голасам расказвае пра тавар ці чарговы прывоз, якога, дарэчы, тут заўсёды чакаюць. У гэтай прыватнай кропкі за дзясяткі год свае пастаянныя пакупнікі. І не толькі тыя, каму па шляху да дому. “Тут і цэннік прывабны, і тавар свежы, і прадавец ніколі не падмане”, – патлумачылі мне жыхары Арэхаўна, спецыяльна завітаўшыя за чарговай аптовай закупкай. Аліна Казіміраўна ж дадае, што памылкі могуць здарыцца з кожным, але размова не ідзе пра ашуканства. “Пакупнік павінен пакідаць любую кропку гандлю задаволены, а прыватную – тым больш. І сваім наведвальнікам я ўдзячна, мы заўсёды гутарым, я пазнаю густы, даведваюся пра цэны канкурэнтаў. А вось упэўненасці ў сабе мне надаў… Прэзідэнт”.
Калі быў падпісаны указ аб забароне мець наёмных работнікаў, яны з мужам закрылі прадпрымальніцтва. Можна было працаваць толькі самім, і Аліна Казіміраўна рашылася ўзяць магазін у свае рукі. Аляксандр Віктаравіч, шчыра кажучы, сумняваўся ў паспяховасці справы, казаў, што “прагарыць”. Банкруцтва прарочылі ёй многія і пры адкрыцці “Дабранома”. Аднак адтоку пакупнікоў яна не заўважыла. Шчыра стараецца, каб яны заходзілі зноў. Просяць малыя “мамбу”, а ў маці грошы толькі на запланаванае – яна частуе. Няма здачы – разлік на карысць пакупніка, а аптовым абавязкова знойдзецца невялікі бонус. Яе магазін трымаецца выключна на трывалым кантакце і хуткім абароце тавару, а не на вялікіх накрутках.
Дарэчы, па спецыяльнасці Аліна Казіміраўна – бухгалтар. Скончыла гандлёвы тэхнікум. Аднак ужо падчас практыкі, зразумела, што сядзець за разлікамі ёй зусім нецікава. І ніколі не пашкадавала аб абранай непрэстыжнай прафесіі прадаўца. Пачынала ў сталічнай “Падкове” – гастраноме ў самым цэнтры Мінска. Там і адбыўся ненаўмысны, аднак лёсавызначальны факт “ашуканства” пакупніка. У адзін з дзён за цукрам прыйшоў малады чалавек. Узважыла, колькі прасіў, назвала кошт. “А адвес не паклалі”, – зрабіў заўвагу будучы таваразнаўца. Папрасіла прабачэння, пералічыла. Розніца, зразумела, была капеечнай, ды і студэнт такім чынам больш дэманстраваў сваю дасведчанасць ці проста знайшоў нестандартную падставу для знаёмства. Бо з таго дня ён пастаянна наведваўся за пакупкамі. Тры гады працягваліся іх прыгожыя спатканні, вельмі ўважлівы Аляксандр Віктаравіч прыходзіў на іх заўсёды з кветкамі, да каханай прыязджаў нават у час яе непрацяглай камандзіроўкі ў Ленінград. Любая жанчына цэніць і помніць такія адносіны, якія завяршыліся вяселлем. Так дзяўчына з Дзяржынскага раёна аказалася на радзіме мужа ва Ушачах.
І сёння яе ведаюць у раёне не толькі як прадпрымальніка, але і філантропа, які дапамагае ўсім, хто звяртаецца. Мінералкай у леташнюю спёку частаваліся камбайнеры, прысмакамі за салодкім сталом падчас юбілею клуба – удзельнікі хору “Ветэран”, навагоднімі падарункамі – юныя прыхаджане касцёла Святога Лаўрэна. А колькі да нас у рэдакцыю ў папярэднія гады было лістоў-падзяк ад арганізатараў падарожжаў ці спартыўных мерапрыемстваў, дзе заўсёды значылася імя Аліны Казіміраўны Крацёнак. Аднак намнога больш яе добрых спраў застаецца ў цені. Вось ужо 8 гадоў ёй тэлефануе жанчына з Міёр, з якой пазнаёміліся ў анкалагічным цэнтры – хворай з прыгаворам – 4 стадыя. Тады дала грошы на імпартны прэпарат, і шчаслівая, што чуе яе голас.
Яна дапамагае не таму, што не можа адмовіць. Рана застаўшыся без бацькоў, памятае, як яе падтрымлівалі чужыя людзі. Як ва Ушачах сапраўднымі сяброўкамі сталі Святлана Пухальская, Галіна Плікат, Кацярына Лапаціна… Як гарантам знаходжання ў Германіі і вучобе ў магістратуры для яе дачкі Таццяны аказаліся выкладчыкі інстытута замежных моў імя Гётэ. У іх кватэры і жыла дзяўчына бясплатна да замужжа. Яны ж не ўзялі грошы за лекі з незнаёмых ім ушачан, калі даведаліся, што прызначаюцца яны дзіцяці…
У А. Крацёнак шмат знаёмых, якія ўсё жыццё займаюцца філантропствам. У дабрачынным таварыстве “Карытас” працуе і яе дачка. “Добрых людзей намнога больш”, – гэта яна ведае дакладна. І так жа скажуць многія, прыгадаючы саму Аліну Казіміраўну.
Вольга Караленка.