Бобруйчанка Алина Дубаневич нашла себя на осиповщине
Сямейная справа Аліны
Аб перавагах жыцця ў горадзе даводзілася чуць не аднойчы. А вось вёску ў якасці прыярытэтнага месца пражывання выбіраюць апошнім часам усё больш людзі сталага веку, працоўная кніжка якіх даўно захоўваецца не ў аддзеле кадраў, а на хатняй паліцы, грамадская работа засталася ў мінулым, а мітусня горада часцей падымае ціск, чым радуе.
Але бываюць і іншыя сітуацыі. Напрыклад, бабруйчанка Аліна Дубаневіч змяніла гарадскую кватэру на вясковую, пераехаўшы на пастаяннае месца жыхарства ў Ясень. Спачатку выпускніца сельгастэхнікума ездзіла на работу ў населены пункт, а потым і зусім перабралася сюды.
Ужо 12 гадоў займаецца фінансавымі справамі мясцовага сельгаспрадпрыемства. Да лета мінулага года працавала бухгалтарам, а са жніўня ўзначаліла службу. Бухгалтарскаму ўліку прысвяцілі жыццё і дзве яе цёткі, так што можна сказаць: гэта — сямейная справа.
Шкадуе Аліна, што сістэма неаўтаматызавана, таму даводзіцца ўсе разлікі рабіць уручную. А яшчэ, што маладыя спецыялісты ў гаспадарцы не затрымліваюцца: адпрацоўваюць належны тэрмін і — бывай, вёска! А больш за ўсё непакоіць увішную працаўніцу лёс сельгаспрадпрыемства: так хочацца, каб яно вярнула страчаныя пазіцыі!
Работа ў Аліны Іванаўны спалучана са скрупулёзнымі падлікамі і маніпуляцыямі ў суцэльным свеце лічбаў, таму пасля працоўнага дня яна з задавальненнем займаецца кулінарыяй. Асабліва любіць эксперыментаваць з прыгатаваннем салатаў. Займаецца развядзеннем кветак. А ў выхадныя дні адпраўляецца з сынам у падарожжы.