Раніца 6 сакавіка на дарогах Карэліч пачалася з прыемнага сюрпрызу для жанчын. Начальнік міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка павіншаваў чароўных аўталэдзі з надыходзячым святам.
Кампліменты і кветкі ад ДАІ ў гэты дзень з усмешкай прымалі ўсе ўдзельніцы дарожнага руху: і вадзіцелі, і пасажыры, і пешаходы. Дзмітрый Аскерка пажадаў жанчынам лёгкіх дарог, зялёнага святла ў здзяйсненні мараў і вясновага настрою круглы год. Ён падзякаваў ім за належнае выкананне Правілаў дарожнага руху і за тое, што з’яўляюцца ўпрыгажэннем нашых дарог.
Таксама Дзмітрый Аскерка нагадаў, што ў мэтах папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам юных пешаходаў і пасажыраў з 6 па 15 сакавіка Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычнае мерапрыемства пад дэвізам “Будзь прыкладам свайму дзіцяці!”
– У межах акцыі супрацоўнікі ДАІ наведваюць установы адукацыі, каб нагадаць дзецям і моладзі пра правілы бяспечных паводзін на дарозе і ў дварах. У прыватнасці шмат гаворыцца пра тое, як належыць пераходзіць праезную частку, – падкрэсліў Дзмітрый Аскерка. – Таксама дзяржаўтаінспектары выступаюць у арганізацыях і на прадпрыемствах, дзе асаблівая ўвага надаецца правілам бяспечнай перавозкі юных пасажыраў. Асабліва хочацца звярнуцца да бацькоў, бо хто, як не яны, нясуць адказнасць за сваіх дзяцей, і заклікаць іх прыкласці максімум намаганняў, каб засцерагчы ад небяспекі юных удзельнікаў дарожнага руху. Як вядома, усё лепш пазнаецца на практыцы, таму тэарэтычныя веды і размовы неабходна замацоўваць асабістым прыкладам. Кожнаму даросламу важна ўсвядоміць самому і падзяліцца гэтай думкай з дзіцём: дарожны рух пачынаецца не з праезнай часткі, а ад хатняга парога. І памятайце пра тое, што чужых дзяцей не бывае – будзьце годным прыкладам для ўсіх юных пешаходаў і пасажыраў!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара