У нядзелю, 1 сакавіка, у аг. Лань праводзілі Зіму. Святочнае гулянне “Як на масляным тыдні” прайшло на пляцоўцы каля амфітэатра. Масленіца — адно з любімых беларускіх народных свят. Традыцыі і звычаі масленічнага тыдня прыйшлі да нас з глыбокай старажытнасці і па сённяшні дзень застаюцца нязменнымі.
У Лань сустрэць провады зімы і радаснае гуканне вясны завіталі жыхары аграгарадка, суседніх вёсак, а таксама несвіжане. Гэта цудоўнае мерапрыемства было арганізавана кіраўніцтвам ААТ “Лань – Нясвіж” сумесна з Ланскім сельвыканкамам і работнікамі культуры. На сцэне ладзілася сапраўдная тэатралізаваная імпрэза. Прадстаўленне падрыхтавалі супрацоўнікі Лан-скага СДК і Ланскай інтэграванай сель-скай бібліятэкі. На ўсю ваколіцу гучалі тут беларускія народныя песні ў выкананні артыстаў народнага ансамбля народнай песні “Ланская бяседа” і, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, панаваў святочны настрой. Вядучымі былі Алена Жук і Кацярына Чычко, а ім дапамагалі Зіма, Вясняначкі ды Вясна і іншыя персанажы, у ролі якіх выступілі навучэнцы Ланскага НПК д/с-СШ Алеся Еўтух, Вольга Жылінская, Анастасія Плакса, Кацярына Шынгель, Дзяніс Шайпак.
У святочнай праграме былі і традыцыйныя забавы. Люба было назіраць, як спраўна атрымліваецца ва ўсіх удзельнікаў забіваць цвікі ў калоду, перацягваць канат, падымаць гіру. А яшчэ кожны мог “пакарыць” 7-мятровы слуп, на вяршыні якога пераможцу чакаў прыз. Сярод смельчакоў былі і дарослыя, і маленькія, а пераможцамі сталі ўнучка з дзядулем. Напэўна, самым лёгкім з конкурсаў стаў “Палічы бліночак”, калі ўдзель-ніку выносілі стос бліноў на талерцы, а ён хуценька павінен быў назваць іх колькасць. Дарэчы, пераможцам у той дзень вельмі пашанцавала — прызы былі багатыя.
А якія былі смачныя бліны, ды яшчэ з мачанкаю! Пачастунак для ўдзельнікаў падрыхтавалі супрацоўнікі мясцовай сталовай. Апагеем свята стала масленічнае вогнішча. Дзеці і дарослыя разам вадзілі карагоды, палілі пудзіла, якое, паводле традыцыі, спальваюць у апошні масленічны дзень як сімвал развітання з Зімой. Весела прайшла і бяспройгрышная латарэя. Усе прызы і падарункі для свята прадаставіў прафкам сельгаспрадпрыемства. Гэтага моманту з задавальненнем чакалі ўсе. Гаспадарка падрыхтавала каля 300 латарэй. Прайграўшых не было.
Вось так прайшла Масленіца ў Лані: каларытна, ярка і святочна!
Наталля ЕРМАШЭНКА.