Тема недели: в Минске состоялся VIII съезд Федерации профсоюзов Беларуси
28 лютага ў Мінску адбыўся VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Удзел у ім прыняў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выступіў на з’ездзе з прамовай, у якой выказаўся аб ролі і дасягненнях прафсаюзнага руху ў Беларусі, абазначыў сваю пазіцыю па вылучаемых ініцыятывах і пытаннях, якія патрабуюць вырашэння. З’езд у Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў сабраў больш за 500 дэлегатаў розных сфер дзейнасці, з усіх рэгіёнаў краіны. У ліку запрошаных – вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, СМІ, замежныя госці. Ушаччыну на мерапрыемстве прадставіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка.
– Уражанні ад арганізацыі і зместу з’езда самыя станоўчыя! Мае чаканні цалкам апраўдаліся: тыя пытанні, на якія хацелася б пачуць адказы, былі агучаны і абмяркоўваліся на самым высокім узроўні, – адзначае Марыя Аляксееўна. – Сярод іх, напрыклад, забеспячэнне годнай заработнай платай работнікаў прадпрыемстваў усіх галін. Як адзначыў наш Прэзідэнт, на занятасць і зарплату заўсёды будзе звяртацца пільная ўвага. Справядліва, што тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана безагаворачна. Кажучы аб заработнай плаце работнікаў бюджэтных арганізацый, Прэзідэнт згадаў аб нядаўна ўведзеных новых падыходах да яе налічэння. Задача новаўвядзення – зрабіць сістэму больш празрыстай і зразумелай. Пры гэтым галоўнае патрабаванне – не дапусціць зніжэння зарплат.
Самае асноўнае, што вельмі важна было пачуць кожнаму з нас на з’ездзе – гэта падтрымка кіраўніка дзяржавы ў стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый у кожным калектыве. Прафсаюзы працуюць над гэтым пытаннем ужо даўно. Але ёсць праблемы: не заўсёды можна знайсці ўзаемадзеянне з кіраўнікамі прыватных арганізацый, бо для іх гэта дадатковая сацыяльная нагрузка. Трэба, каб сапраўды ўсе работнікі былі ў аднолькавых умовах. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што эфектыўнасць працоўных адносін без узаемнай адказнасці немагчыма. Як і без працоўнай, тэхналагічнай дысцыпліны не будзе канкурэнтаздольнай якаснай прадукцыі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы закрануў яшчэ адно важнае пытанне ў рабоце прафсаюзаў – ахову працы. За пяць гадоў прафсаюзы выявілі больш за 300 тысяч парушэнняў. Спынена больш за 10 тысяч адзінак машын і абсталявання, якія маглі стаць прычынай траўміравання людзей. Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць абароны працуючых жанчын, адзначыўшы, што ў іх руках дэмаграфічная стабільнасць дзяржавы. Правы маці ў плане працоўнай занятасці павінны быць няўхільна абаронены.
Напаўненне калектыўных дагавораў сацыяльнымі гарантыямі, прававая абарона працаўнікоў, ахова працы, новаўвядзенні Працоўнага кодэкса – пытанні, якія падымаліся.
На з’ездзе старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі аднагалосна быў абраны Міхаіл Орда. За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, абароне правоў і інтарэсаў працоўных ФПБ удастоена Ганаровага Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ну а высокая ацэнка работы прафсаюзаў, якая прагучала падчас з’езду, надасць нам новы стымул працаваць яшчэ больш эфектыўна, абараняючы правы работнікаў і адстойваючы іх інтарэсы.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.