Настаўнік роднай мовы
Лідзія Пятроўна Касцянкова стаць настаўніцай марыла, калі яшчэ вучылася ў школе. Зацікаўленасць да роднай мовы выхавала настаўнік Зарубецкай васьмігадовай школы Вера Парфір’еўна Шалюта. Яна не толькі выкладала беларускую мову і літаратуру, а яшчэ была і класным кіраўніком.
Пасля васьмі класаў Лідзія Пятроўна скончыла педагагічнае вучылішча, а потым – факультэт беларускай мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. І вось ужо амаль 38 гадоў працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
У сярэдняй школе № 1 яе ведаюць як вопытнага, адданага сваёй справе педагога. Што для яе беларуская мова? Субяседніца кажа: “Мова – гэта крыніца, з якой п’еш, п’еш і ніяк не можаш напіцца”.
Сваю павагу і любоў да роднай мовы яна перадае вучням. Немагчыма нават падлічыць, колькі сярод яе выхаванцаў было пераможцаў раённых алімпіяд па роднай мове. Таксама яе вучні – пераможцы абласных і рэспубліканскіх этапаў алімпіяды. І сёлета тры вучаніцы сталі пераможцамі на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Дзесяцікласніцы Альбіна Валуева і Аліна Сёма атрымалі дыпломы другой ступені, а вучаніца 8 класа Вікторыя Качагарава, якая прымала ўдзел у алімпіядзе за 9 клас, стала шостай па рэйтынгу і адзначана дыпломам 3 ступені. Цяпер знаўцы роднай мовы рыхтуюцца да заключнага этапа алімпіяды.
Настаўніца працягвае выхоўвываць у сваіх вучнях зацікаўленасць да вывучаемага прадмета – роднай мовы і лічыць, што гэта самае важнае ў яе жыцці і працы.