Николай Гаврилюк стал лучшим сотрудником ГАИ Витебской области
Мужчыны хлусяць, жанчыны плачуць, веласіпедысты не думаюць пра сваю бяспеку, пешаходы саромеюцца абазначаць сябе флікерамі… З чым яшчэ даводзіцца сутыкацца інспектару ДПС? Адказ на гэтае пытанне не на словах ведае М.Л.Гаўрылюк, які па выніках службовай дзейнасці ў 2019 годзе прызнаны лепшым прадстаўніком узгаданай прафесіі ў Віцебскай вобласці. Дарэчы, такая заслуга станоўчым чынам адбілася на кар’еры Мікалая Леанідавіча – з 17 студзеня 2020-га ён назначаны на пасаду начальніка аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС.
Капітан міліцыі М.Л.Гаўрылюк – ураджэнец вёскі Клясціцы Расонскага раёна. Мае вышэйшую адукацыю: скончыў юрыдычны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта па спецыяльнасці “правазнаўства”. З 2011 па 2013 год працаваў у Полацкім аддзяленні Дэпартамента аховы, а з мая 2013-га – інспектарам дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС.
– Мікалай Леанідавіч, якія паказчыкі ўлічваліся пры вызначэнні пераможцы конкурсу прафмайстэрства, дзе Вы сталі абсалютным лідарам?
– Шчыра сказаць, пра свой “завочны” ўдзел у ім даведаўся толькі пасля падвядзення вынікаў. У разлік браліся як асабістыя заслугі – забеспячэнне парадку на дарогах падчас правядзення фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску, “Еўрапеўскіх гульняў” у Мінску, колькасць затрыманых нецвярозых вадзіцеляў, бяспраўнікаў, выяўленых фактаў незаконнай перавозкі кантрафактнай прадукцыі, так і, у цэлым, агульныя па раёне – адносна невялікая колькасць аварый (іх у 2019 годзе было 3), загінуўшых і пацярпелых у іх (1 і 3 адпаведна).
– Па доўгу службы Вам даводзіцца пастаянна мець зносіны з аўтамабілістамі. А Вы самі калі ўпершыню селі за руль?
– Магу назваць нават дакладную дату – 31 снежня 2009 года (усміхаецца). Праўда, гэта ўжо ў ролі кваліфікаванага вадзіцеля. Вядома, дагэтуль быў вопыт кіравання падчас вучобы ў аўташколе, на катэгорыі В і С. Увогуле ж, любоў да тэхнікі ў мяне з дзяцінства. Сесці за руль аўтамабіля на аўтадроме часам дазваляў бацька. Калі быў падлеткам, любіў пакатацца на ўласным мапедзе “Дэльта” – вадзіцельскае пасведчанне на такі транспартны сродак у той час не патрабавалася.
– Як вырашылі стаць праваахоўнікам?
– Пра пагоны і форму марыў таксама даўно. Падчас вучобы ў Себежскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе набываў спецыяльнасць юрыста, штодня праходзіў ля паста ДПС, з цікаўнасцю назіраў за работай інспектараў. Яшчэ больш упэўніўся ў правільнасці выбару, калі праходзіў тэрміновую ваенную службу ў 103-й мабільнай брыгадзе, дзе быў вадзіцелем, і калі пачынаў працоўную дзейнасць у Дэпартаменце аховы.
– Жылі на Расоншчыне, калясілі па Віцебску і Полацку… Сітуацыя на дарогах там і на Ушаччыне чым-небудзь адрозніваецца?
– Так, ва Ушачах вадзіцелі больш дысцыплінаваныя і выхаваныя. Хаця, як і ў любым правіле, ёсць свае выключэнні… Што ж датычыцца стану дарожнай сеткі, то яе рэгулярна правяраем. Падчас нясення службы супрацоўнікі ДАІ заносяць у спецыяльны дзённік заўважаныя недахопы, а пазней адказным асобам ці арганізацыям высылаюцца прадпісанні на іх ухіленне, апавяшчэнні аб штрафах.
– Часам парушальнікі правілаў дарожнага руху выкарыстоўваюць шырокі спектр уловак, тыпу: “перавысіў хуткасць, бо вязу жонку ў раддом” або “не ўбачыў знак”, “асляпіла сонца”. Ці праходзяць такія трукі з Вамі?
– Звычайна вельмі строга прытрымліваюся літары закону і лічу, што дарога – не месца для жартаў. Між тым, сітуацыі бываюць розныя. Калі бачу, што парушэнне нязначнае, а чалавек, які яго дапусціў, разумее сваю віну, магу “заплюшчыць вочы” на ўчыненае. Аднак бывае гэта рэдка.
– А за якія правапарушэнні караеце найбольш жорстка?
– За язду ў нецвярозым стане, а таксама за любое парушэнне, якое ўяўляе небяспеку для жыцця іншых удзельнікаў дарожнага руху, асабліва дзяцей.
– Прыгадайце самую страшную аварыю, якую даводзілася бачыць.
– Мая службовая дзейнасць у аддзяленні ДАІ пачалася якраз з такой. Летам 2013 года непадалёк ад Чарсцвяд з аўтамабільнага трала на легкавушку звалілася буйная меліярацыйная тэхніка. Двое пасажыраў са шматлікімі пераломамі былі дастаўлены ў бальніцу. Маладую ж жанчыну, якая знаходзілася за рулём, з выратавальнікамі даставалі з салона пры дапамозе спецабсталявання. Яе ногі засталіся пад сядзеннем… Такі ж страшны вынік быў і ў аварыі ля вёскі Павулле – зімой 2017-га пры сутыкненні КамАЗа і “паштовага” УАЗа – без ног застаўся малады вадзіцель апошняга.
Не сакрэт, што многія грамадзяне з пэўнай доляй негатыву адносяцца да прадстаўнікоў нашай прафесіі, маўляў, толькі і робяць, што стаяць на трасе і шукаюць, да чаго прычапіцца. Але ж мы кантралюем, а калі трэба – караем менавіта для таго, каб менш было апісаных вышэй жудасных выпадкаў, каб вы, паважаныя вадзіцелі і пешаходы, спакойна адчувалі сябе на дарозе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.