В числе лучших животноводов области. Лидия Глинская связала свой трудовой путь с сельским хозяйством

Источник материала:  
02.03.2020 — Разное

Паміж тэлефоннай дамовай і сустрэчай прайшло меней гадзіны. І хоць я збіла асабістыя планы выхаднога дня аператара комплексу “Маяк” Лідзіі Мікалаеўны Глінскай, якая да таго ж знаходзілася далёка ад дома, жанчына не проста чакала ў вызначаным месцы, а і паспела зрабіць прыгожую прычоску. Такая хуткая яна ва ўсім. Вёска прывучыла жыць нават не па гадзінніку, а па ўнутраным “трэба” – паспець справіць асабістую гаспадарку, сабраць у школу чацвярых дзяцей, не спазніцца на работу…

Калі я пытаюся ў яе пра час працы даяркай у “Агра-Селішчы”, Лідзія Мікалаеўна кажа, што ўжо і не памятае дробязяў. Дні праляталі паміж трохразовымі дойкамі і кароткімі перапынкамі, падчас якіх хапалася за хатнія справы ці заглядвала ў лес, каб сабраць ягад. Гэта таксама давала дадатковую капейку, якая ніколі не была лішняй. Аднак падкрэслівае, што нават калі два гады таму ўладкоўвалася на комплекс “Маяк” са своечасовымі і дастойнымі заробкамі, рабіла гэта не толькі дзеля крыніцы пражыцця. “Калі ідзеш да жывёлы выключна з-за грошай, толку не будзе. Яе любіць трэба. Цяляты ці каровы, як і людзі, адчуваюць цеплыню”, – гаворыць Лідзія Мікалаеўна простыя словы настолькі шчыра, што ні на хвіліну не сумняваешся, што добрыя паказчыкі ў яе гарантаваныя. Жывёлагадоўля – галіна хоць і калектыўная, аднак з ярка вылучаным чалавечым фактарам. Яе ж унутраная адказнасць, пяшчота да падапечных, плюс дастатковыя кармы прыносяць добрыя прывагі, на якой бы групе ці на якім перыядзе не аказалася.В числе лучших животноводов области. Лидия Глинская связала свой трудовой путь с сельским хозяйством

Зараз, дарэчы, на другім – дзе аператар побач з 400-кілаграмовымі быкамі выглядае Дзюймовачкай. Сваіх “малышоў” нядаўна сюды перадала, з прывагамі больш за 700 грамаў. Пагадзілася і закрыць вакантнае месца на “выпускной групе”, аказаўшыся адзінай жанчынай-аператарам на гэтым перыядзе. Старажыл Васіль Васільевіч Бучынскі спачатку з недаверам паглядаў – каго маўляў, паставілі, ды спрацаваліся, хаця Лідзія Мікалаеўна і кажа, што напарнікі-мужчыны слабіну ёй даюць – даверылі хлеў з сярэднімі цялятамі. Вялікія быкі і агрэсіўнымі бываюць, такім чынам перасцераглі. Ну а абавязкі як і ва ўсіх: пачысціць кармушкі, даць муку, перагнаць… “Зразумела, што мне з малымі цікавей, хоць і клопатаў з імі больш. І сярод іх ёсць любімчыкі – цялушкі. Напэўна таму, што я з рагулямі дзесяцігоддзі адпрацавала, бачу ў іх будучых кароў. Аднойчы паставілі на комплекс цёлак – немаленькіх ужо па ўзросце, аднак такіх запушчаных, рэбры тарчалі. Мне так іх шкада было, што і падчас абеду спяшалася лішні раз паглядзець, свежанькага падкласці. Наша брыгадзір комплексу Галіна Канстанцінаўна Літвін потым дзівілася, як мы з Наталляй Коршун і Ганнай Логінавай іх выхадзілі. Дзяўчаты ж смяяліся, што нічога дзіўнага: маўляў, я ж у рот ім гляджу…Сапраўды перажываем, таму і падзяжу на нашай групе практычна не было, ну а на другім перыядзе жывёла ўжо падужэлая”.

Дарэчы, свой працоўны шлях Лідзія Мікалаеўна пачынала таксама цялятніцай на ферме ў Загуззі. Тады нагрузка на аднаго даглядчыка складала 50 галоў, на комплексе ж зараз на траіх – трыста. Аднак, калі ішла ўладкоўвацца на “Маяк”, баялася не нагрузкі, а што патрэбны маладзейшыя кадры. Аднак вопытнага жывёлавода без ваганняў прынялі, і яна, вынослівая і хуткая, ніколі не сказала, што цяжка. Умовы, канечне, адрозніваюцца, на “Маяку” пастаянны штат, вопытныя спецыялісты, адказны ветурач, які і праколіць, і адвары дасць. Раней жа настойвалі зёлкі самі, той жа палын з лета сушылі. Крыху дапамагалі Лідзіі Мікалаеўне і веды, атрыманыя падчас вучобы ў тэхнікуме. Праўда, дыплом заатэхніка дзяўчына так і не атрымала. Маці захварэла, калі ёй было ўсяго тры гады, гадавалася ў бабулі. Ну а потым вучыць стала няма каму, а на яе лёг клопат і аб маці. Дзяўчына з Глыбоцкага раёна купіла дом у Селішчы.

– З работай праблем раней не існавала, даярка ці даглядчык у гаспадарцы былі ледзь не асноўнай кадравай адзінкай, прычым паважанай. І заробкі добрыя, і прывілеі пры набыцці тавару. Гэта зараз ганебнае адценне прымацавалася. І пешшу, бывала, на пашы хадзілі, і ў 12 ночы вярталіся, калі даілі ўлетку на ферме. Дзеці падраслі – дапамагаць сталі, у тым ліку і са сваімі дзвюма каровамі. Гэта зараз, калі разляцеліся, у мяне толькі козы, парсюкі ды куры, – кажа Лідзія Мікалаеўна.

Ну а ў яе доме нядаўна з’явілася абноўка. Пакрывала, падоранае падчас ушанавання лепшых жывёлаводаў Віцебшчыны ад прафкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. На ўрачыстасць з “Маяка” ехала цэлая дэлегацыя, і калі калегі атрымлівалі асалоду ад дзейства, то Лідзія Мікалаеўна вельмі хвалявалася. Хоць сумленна працавала заўсёды, і за паказчыкі сорамна не было, аднак на такую высокую сцэну падымалася ўпершыню. “Будзе памяць, – я ж пенсіянер, мабыць і завяршу кар’еру жывёлавода. А дыплом будзе нагадваць і пра падзею, і пра выдатны калектыў “Маяка”, кіраўніцтву якога ўдзячна, што сярод мноства дастойных даглядчыкаў вылучылі сёлета мяне”.

Ну а нагода рабіць прычоскі ў Лідзіі Мікалаеўны яшчэ будзе неаднойчы. Яна заўсёды прыбіраецца і едзе да дзяцей, якія жывуць на Магілёўшчыне, у Глыбоцкім і Міёрскім раёнах, на дні нараджэння і іншыя сямейныя святы. Ды і кар’ера жывёлавода яшчэ не завершана.

Вольга Караленка.

←В Минске педагог разрезал себе живот на глазах у директора. Это было харакири

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика