Фермерскія гаспадаркі Мінскай вобласці ў сярэднетэрміновай перспектыве могуць стаць адной з кропак росту эканомікі рэгіёна. Гэта можа паўплываць на паляпшэнне якасці жыцця і камфорту насельніцтва. Такое меркаванне выказаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын падчас пасяджэння па пытанні развіцця фермерскіх гаспадарак вобласці. На сустрэчы прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, старшыні райгарвыканкамаў вобласці, а таксама кіраўнікі фермерскіх гаспадарак Міншчыны. У іх ліку — і дэлегацыя Нясвіжскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Ломскім.
Звяртаючыся да фермераў, губернатар звярнуў увагу, што ў Мінаблвыканкаме прыступілі да распрацоўкі праграмы развіцця цэнтральнага рэгіёна на наступную пяцігодку. Галоўная яе мэта — павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, фарміраванне камфортнага асяроддзя пражывання дзякуючы павышэнню канкурэнта-здольнасці эканомікі вобласці за кошт эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў рэгіёна. “Фермерскія гаспа-даркі могуць стаць адной з кропак росту эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве”, — лічыць Аляксандр Турчын.
Паводле яго слоў, сельская гаспадарка Мінскай вобласці вырабляе чвэрць прадукцыі ў Беларусі. Больш за 2,5 тыс. работнікаў цэнтральнага рэгіёна працуюць у сферы аграпрамысловага комплексу. “Мы ўпэўнены, што сельскае прадпрымальніцтва спрыяе развіццю сельскіх тэрыторый, павышэнню даходаў насельніцтва, павелічэнню падатковых паступленняў і вырашае праблемы занятасці. У Мінскай вобласці развіццё фермерства мае аднастайную структуру вытворчасці: большасць спецыялізуецца на прадукцыі раслінаводства. Тэма арганічнага земляробства мае вялікі патэнцыял для развіцця гэтага віду вытворчасці ў Мінскай вобласці”, — агучыў сваю пазіцыю кіраўнік аблвыканкама. Ён заклікаў фермераў адкрыта пагаварыць аб праблемах, агучыць сваё бачанне перспектыў развіцця сель-скага прадпрымальніцтва цэнтральнага рэгіёна.
З пазіцыяй губернатара салі-дарны кіраўнік сялянскай гаспадаркі з Маладзечанскага раёна Ігар Пакуш. Фермер спецыялізуецца на вытворчасці гародніны. Зараз у яго валоданні 1,5 тыс. га, а пачынаў ён развіваць свой бізнес на 15 гa. У штаце гаспадаркі на пастаяннай аснове працуюць 30 работнікаў, у сезон прыцягваюцца яшчэ каля 600 наёмных спецыялістаў. “Фермерскія гаспа- даркі — больш не эксперымент, які пачаўся ў 1990-я гады. Дзяржава гэта павінна ўсвядоміць і стварыць станоўчыя ўмовы для замацавання прадпрымальнікаў у сельскай мясцовасці, — лічыць Ігар Пакуш. — Фермераў трэба разглядаць як інвестараў, якія гатовы ўкласці ў зямлю працу, вопыт і фінансы на доўгатэрміновую перспектыву. Важна распрацаваць праграмы, каб спрасціць працэдуру выдзялення зямель для гаспадарак (гэта асноўная наша праблема), а таксама прадастаўляць магчымасці для будаўніцтва вытворчых аб’ектаў і жылля, развіцця інфраструктуры сельскай мясцовасці”.
Старшыня Мінскай абласной Асацыяцыі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак Мікалай Сілін лічыць, што аб’ёмы даходаў сельскага прадпрымальніцтва цяпер можна павялічыць у два-тры разы, але важна вырашыць праблему выдзялення зямлі, а таксама забяспечыць крокавай даступнасці кропак збыту фермерскай прадукцыі. “Пакуль мы вырабляем 41% бульбы ў Мінскай вобласці і 63 % гародніны. Трэба развіваць гэтыя напрамкі і павялічваць паказчыкі. Для гэтага ёсць патэнцыял”, — сказаў ён.
У Мінскай вобласці ў цяперашні час налічваецца 785 фермерскіх гаспадарак, з іх 49 пачалі сваю дзейнасць у 2019 годзе. За апошнія пяць гадоў колькасць гаспадарак павялічылася на 17 %. Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель у фермерскіх гаспадарках цэнтральнага рэгіёна цяпер складае 49,6 тыс. га. За апошнія пяць гадоў гэты паказчык павялічыўся на 24,6 %.
У лік найбуйнейшых фермерскіх гаспадарак вобласці ўваходзяць “Высокая даўніна” (Пухавіцкі раён), “Цнянскі эка-прадукт” (Лагойскі раён), СГ Пакуша І.А. (Маладзечанскі раён), СГ Нехвядовіч І.І. (Валожынскі раён).
“НН”.