Журналісты “Воранаўскай газеты” далучыліся да агульнанацыянальнай дыктоўкі
У Міжнародны дзень роднай мовы галоўным упраўленным адукацыі аблвыканкама, Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі быў ініцыяваны абласны дыктант. Яго мэтай стала папулярызацыя беларускай мовы і ўдасканаленне ведаў па ёй. Тэмай абрана 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчынна вайне.
Журналісты раёнкі разам з рэдактарам выдання Таццянай Дудко скарысталіся магчымасцю праверыць свае веды па роднай мове. На гадзіну змянілі рэдакцыйныя кабінеты на вучнёўскі клас Воранаўскай школы. Пакуль настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Войшніс дыктавала тэкст, напэўна, многія прыгадалі, як у дзяцінстве старанна выводзілі літары, не раз сумняваліся ў правільнасці пастаноўкі знакаў прыпынку і правапісу. Не абышлося без хвалявання і цяпер. Аднак з дыктантам усе справіліся няблага. Амаль усе журналісты — выдатнікі! І ўжо з цудоўным настроем і сакавітай мовай на вуснах вярнуліся да сваіх творчых спраў.
Далучайцеся да нас: пішыце і размаўляйце па-беларуску!