Следчы камітэт — пра гібель трохмесячнага дзіцяці ў Баранавічах
Медычнае асведчанне засведчыла ў мужчыны 1,4 праміле / З архіву БЕЛТА
Следчы камітэт пацвердзіў гібель трохмесячнага дзіцяці ў Баранавічах. Напярэдадні з неафіцыйных крыніц стала вядома пра трагічнае здарэнне — п'яны бацька заснуў і выпадкова задушыў сваё дзіця. Маці ў той момант дома адсутнічала.
БЕЛТА паведамляе са спасылкай на СК, што няшчасны выпадак адбыўся 20 лютага. Маці са старэйшым дзіцём паехала ў сталіцу на прыём да лекара. Яна вярнулася дахаты пасля 15-й гадзіны — муж спаў на канапе і прыціснуў сваім целам дзіця, хлопчык памёр. Медычнае асведчанне засведчыла ў мужчыны 1,4 праміле.
СК праводзіць праверку. Для высвятлення дакладнай прычыны смерці дзіцяці прызначылі судова-медычную экспертызу. Следчы камітэт нічога не піша пра тое, ці быў затрыманы мужчына. Няма інфармацыі і пра тое, ці сапраўды трагедыя здарылася ў шматдзетнай сям'і.