Ці хапае беларускамоўнага напаўнення нашаму гістарычнаму Нясвіжу, гораду з важкай прэтэнзіяй называцца культурнай і турыстычнай сталіцай Беларусі? Сюды ж людзі едуць па глыбінную беларускасць, нацыянальную адметнасць. Ды гаворка найперш не пра турыстаў, а пра нас саміх, хто жыве тут, у Нясвіжы, на Нясвіжчыне. Ці падвышаем сваю ўласную годнасць, ці падмацоўваем нашу дзяржаўную незалежнасць штодзённым беларускім словам? Ці часта чуем яго на вулі-цах горада, на прадпрыемствах, у асяродках культуры, адукацыі, сферы паслуг? Калі шчыра і аб’ектыўна, на жаль, не.
Пры гэтым усё часцей і часцей на прамоўленае “дзякуй” пачуеш у адказ “калі ласка”, ды яшчэ і з цёплай усмешкай. Душэўны водгук на родную гаворку робіцца прыкметай часу, нацыянальнамоўным настальжы, моладзевым трэндам, новай сацыяльнай з’явай — не толькі службовым абавязкам ці выкананнем моўнага этыкету.
У хірургічным кабінеце раённай паліклінікі чарговага наведвальніка сустракае маладая дзяўчына-ўрач — засяроджаная, уважлівая, з уніклівым позіркам. Пачуўшы чыстую беларускую гаворку, яна нейк па-сваяцку ўсміхаецца, азараецца прыязным святлом, пачынае гаварыць на матчынай мове і нават спецыфічную медыцынскую лексіку адаптуе да яе гучання. Яна Іванаўна Байко — з пасёлка Нарач, што на Мя-дзельшчыне. Яе маці — настаўніца роднай мовы. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Яна Іванаўна ўжо другі год працуе ў Нясвіжы і прадаўжае лепшыя традыцыі папярэднікаў, вопытных нясвіжскіх медыкаў, якія і па творах Караткевіча маглі падыскутаваць, і гісторыяй захапляліся, і краязнаўчыя радыё-хвілінкі не прапускалі, і агульнанацыянальныя дыктоўкі пісалі, і мове беларускай аніяк ганьбы не давалі.
Добрае валоданне роднай мовай дэманструюць супрацоўнікі нясвіж-скай газавай службы Алег Шпілеўскі і Ян Кіраш. Выклікайце іх, калі ёсць патрэба, звяртайцеся на чыстай літаратурнай мове — і будзеце ўражаныя багатай лексікай тэхнічных службоўцаў, далёкіх ад лінгвістыкі і філалогіі.
Месяц-другі папрацавала Вераніка Мацэль ў адной з крамаў “Хіт”, а запомнілася выключнай моўнай культурай, карэктнасцю абслугоўвання ў варонках дзвюхмоўя.
— Калі карыстаюся банкаматам, заўсёды ўводжу беларускую мову, — дзеліцца сваёй методыкай начальнік адзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Нясвіжскага райвыканкама Юлія Канішчава, — каб помніць, не забыцца!
Не забыцца на родную мову дапамагаюць і аб’яўленні аўтобусных маршрутаў на гарад-ской аўтастанцыі. Здавалася б, дробязь, ды не! Месца тут шматлюднае, і рэйсаў тых за дзень набярэцца шмат. Так і нагадваюць шматразова нам транспартнікі, што ёсць свая мова — прыгожая і зразумелая. А на чыгуначным вакзале ў Гарадзеі касірам Наталлі Гунько і Ганне Скачко беларускамоўны квіток і замаўляць не трэба: самі здагадаюцца, пачуўшы гаворку пасажыра. Далікатна падтрымаюць размову і па-сваяцку, нібы роднаму, з добрай усмешкай пажадаюць шчаслівай дарогі.
Шаноўныя сябры! У дзень роднай мовы (і не толькі!) гаворым па-беларуску!
Наталля Плакса,
старшыня Нясвіжскай
раённай арганізацыі
ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка
Скарыны”.