Воспоминаниями о войне делится жительница Осиповичского района

Источник материала:  
18.02.2020 — Разное

Дзяўчаты вайны

Макаўе і Градзянка, Лянёўка і Цэзарова — гэтыя і многія іншыя населеныя пункты давалі людзям прытулак, ежу, інфармацыю і падтрымку, а лясныя гушчары ратавалі ад варожых вачэй

9 мая для Зіны Вараксы з Малой Гарожы заўсёды было адметнай датай: менавіта ў гэты веснавы дзень, калі навокал усё цвіло, яна з’явілася на свет. І не ведала малая, што пройдзе колькі часу і 9 мая стане не толькі святам яе сям’і, але і ўсенароднай урачыстасцю. А да 10 гадоў дзяўчынка радавалася майскай квецені, добраму надвор’ю і спевам птушак. Гуляла з сястрычкамі на вясковай вуліцы, якая ў адзін з цёплых дзён напоўнілася непрыемным тарахценнем матацыклаў, незразумелым гаргатаннем і страшнымі людзьмі ў незнаёмым адзенні. Святы, гульні, розныя іншыя радасныя падзеі засталіся ў мінулым, але дзіцячае сэрцайка верыла, што ўсё павінна вярнуцца, інакш само жыццё згубіла б сэнс.

Старэйшы брат дзяўчынкі ў 1941 годзе пайшоў у пагранічныя войскі і прапаў без вестак. Тата Іван Лаўрэнцьевіч ужо меў вопыт ваенных дзеянняў, бо пабываў на франтах Першай сусветнай, а вось у другой яму было наканавана іншае. Былы старшыня калгаса, ён стаў старастам, каб пад прыкрыццём новай “пасады” дапамагаць сваім. З-за мясцовага гультая і нядобразычліўца ледзьве не праваліўся, але прыйшоў на дапамогу іншы зямляк, які на мінулай вайне вывучыў нямецкую размоўную, што дапамагло падладзіцца пад новы рэжым.

Пра ўсю дзейнасць таты дзяўчынка, безумоўна, не ведала. Але аб сім-тым дазнавалася. Напрыклад, што ён хаваў у лазні чырвонаармейца, а затым падказаў яму, куды падацца. Выратаваны баец Міхаіл затым узначаліў разведку ў атрадзе Баразны. Ён яшчэ не раз наведваўся да Вараксаў. А аднойчы да іх прыбегла сувязная Хрысціна Каленік з Ясянца і папярэдзі-ла, што сям’і пагражае небяспека. Давялося накіравацца ў лес, дзе шукалі паратунку многія іншыя землякі. І хоць пасяліліся, як і астатнія мірныя жыхары, воддаль ад атрада і маскіравалі свае зямлянкі пасаджанымі зверху елкамі, ды ў час карнай аперацыі фашыстаў заставацца на месцы стала небяспечна. Тым больш што ворагі напалі на іх след, калі праследавалі партызанаў атрада Лівенцава, што вярталіся з аперацыі на чыгунцы. Давялося пакідаць абжытае месца. Наступная стаянка размясцілася паміж Брыцалавічамі і Усціжом. Але і там бежанцы не затрымаліся. Праз нейкі час зноў адправіліся ў дарогу. Давялося пераходзіць раку, хоць было гэта даволі рызыкоўна. У вадзе сярод крыг барахталіся каровы і коні: партызаны перш ратавалі дзяцей. А затым адагравалі іх па хатах у Ігнатоўцы, каб працягнуць шлях. Новы лагер размясціўся паміж Градзянкай і Казімірова.

Нямала давялося нацярпецца Зінаідзе. Карнікі не давалі спакою мірным жыхарам ні дома, ні ў лесе. Але лёс зберагаў. Аднойчы беглі з людзьмі ў Трактар, ды чамусьці памянялі кірунак і адправіліся за тузінам партызан, якія ішлі па сваіх справах. Нібы адчулі, што ў Трактары лютавалі эсэсаўцы і, трапіўшы туды, застацца ў жывых не будзе шансу. Забеглі ў адну з хат Казімірова. Гаспадыня — маладая жанчына Паліна — схавалася ў склеп, бо моладзь масава адпраўлялі ў Германію. А Зіна з матуляй і іншымі дзецьмі залезла на печ, з сабой узялі і Полінага малога — трохгадовага Васіля. Уварваліся акупанты. Хацелі забраць Зіну, але маці стала тлумачыць, што дзяўчынцы толькі 10 гадоў, балазе, была яна дробнага целаскладу. Немцы пагаварылі і пакінулі будыніну. І тут з-пад страхі паваліў дым. Дзеці кінуліся вонкі. Навокал палалі саламяныя дахі. Са сваёй схованкі выскачыла Паліна. Кавалкам зрэбнай тканіны збілі языкі полымя на яе адзенні і схаваліся ў агародзе.

Калі фашысты з’ехалі, уцалелыя вяскоўцы сабраліся ў адну хату, што стаяла ўздоўж вуліцы. Так гуртам і дачакаліся партызан, якія наведаліся праз некалькі дзён. З імі прыйшоў і тата.

Нялёгкімі былі чэрвень і ліпень 1944-га. Хоць Чырвоная Армія і вызваліла ўжо Асіповічы і Бабруйск, але рэшткі варожых фарміраванняў пасля “ўзрыву” Бабруй- скага катла раскідаліся па наваколлі і ў агоніі вялі сябе вельмі агрэсіўна.

Павандравала Зіна са сваімі роднымі. І паўсюль чакала небяспека: у Кабылянцы абстралялі паліцаі, пад Ніччом з дрэва палівала аўтаматным агнём жанчына, у Агуле сустрэла абстрэлам нямецкая бронемашына… З месяц, пакуль доўжылася неразбярыха, пажыла сям’я Вараксаў у райцэнтры. Тата рваўся на фронт, але яго накіравалі ўзнаўляць калгас “Перамога”. Толькі не змог ён быць у тыле, калі яшчэ заставалася акупіраванай частка тэрыторыі СССР. І ён адправіўся разам з адной з часцей. Вызваляў сваю краіну, ваяваў за Кёнігсберг, браў Берлін, пабываў на Эльбе. І потым на працягу многіх гадоў, узначальваючы калгас, успамінаў франтавых сяброў і спяваў слаўныя ваенныя песні.

Пасля вызвалення Зіна яшчэ 2 гады хадзіла ў школу, а потым стала даяркай на ферме. Працавала і паляводам, і цялятніцай. Выйшла замуж за аднавяскоўца Уладзіміра Мысліўчыка. Выгадавалі трох дачок. Як грыбочкі, выраслі шасцёра ўнукаў, 10 праўнукаў. Усе аселі недалёка ад бацькоўскай хаты, часта наведваюцца.

Не трымае ўжо гаспадарку бабуля, зараз яе любімы занятак — разглядванне фотаздымкаў, за кожным з якіх — цэлая гісторыя. А расказваць іх Зінаіда Іванаўна ўмее.

Іна Заскевіч.

i.zaskevich@gzt-akray.by

←В Чили во вратаря бросили мобильник, но тот не растерялся

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика