15 февраля прошли торжественные мероприятия, посвященные Дню памяти воинов-интернационалистов
З думкамі пра Афганістан
Яны пачаліся з сустрэчы ў СШ № 1 са старшынёй райсавета дэпутатаў Сяргеем Сувеевым, першым намеснікам і намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Ананічам і Ганнай Землянухінай, іншымі адказнымі работнікамі раённай адміністрацыі, кіраўнікамі службаў і прадпрыемстваў.
Падчас яе былі ўручаны Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя лісты старшыні афганцам Сяргею Гудзенку, Юрыю Пячорыну, Вячаславу Антропаву і Паўлу Грашчанку. А Рынат Ахмераў атрымаў расійскі юбілейны медаль “100 гадоў танкавым войскам”.
Інтэрнацыяналісты скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні. Яны тычыліся медзабеспячэння, рамонту дарожнай сеткі, добраўпарадкавання і іншых востраактуальных тэм нашай малой радзімы.
Як заўсёды, не пакінула прысутных абыякавымі літаратурная кампазіцыя, падрыхтаваная вучнямі 6-11 класаў СШ № 1. Завяршыўся Дзень памяці мітынгам каля помніка загінуўшым у ДРА землякам.
А ў панядзелак з актывам райаргструктуры ГА “БСВВА” сустрэлася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Шутава, якая наведала выбарчую акругу з рабочым візітам. Сярод пытанняў, якія былі ўзняты ўдзельнікамі сустрэчы, трэба ўзгадаць два: ушанаванне героя-падпольшчыка Фёдара Крыловіча больш высокай узнагародай за знакамітую дыверсію і перагляд сістэмы льгот для воінаў-інтэрнацыяналістаў ды ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы з улікам практыкі суседніх краін, у першую чаргу, Расіі і Украіны.
У вёсках урачыстасці пераважна прайшлі напярэдадні, каб мясцовыя інтэрнацыяналісты мелі магчымасць сустрэцца з баявымі таварышамі ў Асіповічах.
Напрыклад, як паведаміла наш пазаштатны карэспандэнт Людміла Баскакава, у Цэлі шанаванне было наладжана сумеснымі намаганнямі клуба і школы. Раней, калі тут дыслакавалася 465 ракетная брыгада, гэта рабілі вайскоўцы, так што мерапрыемства прайшло ў новым фармаце. На думку афганцаў і мясцовых жыхароў, арганізатарам удалося стварыць атмасферу, якая пакінула ў душах прысутных пачуццё цеплыні і ўдзячнасці.
Школьнікі не забылі наведаць інтэрнацыяналіста-інваліда Сяргея Буцкевіча. Ён пражывае адзін, таму маральная падтрымка аднавяскоўцаў яму вельмі патрэбна. І, канечне, не толькі ў святы.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
d.savrickiy@gzt-akray.by