Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага наведаў з рабочай паездкай Светлагорск.
Кіраўнік дзяржавы ажыццявіў сімвалічны пуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК. У час наведвання прадпрыемства Прэзідэнт пацікавіўся, ці вырашаны ўсе экалагічныя пытанні пры стварэнні новай вытворчасці. Старшыня канцэрна “Беллеспаперапрам” Юрый Назараў запэўніў, што праблем няма.
У цэнтральным пункце кіравання Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з работнікамі завода, якія падарылі яму пано з цэлюлозы з выявай бацькоўскага дома.
Рабочыя паездкі кіраўніка беларускай дзяржавы набываюць новы фармат. Напярэдадні прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў той ці іншы раён на мясцовыя прадпрыемствы будуць выязджаць кіраўнікі рэспубліканскага ўзроўню і затым трымаць справаздачу перад Прэзідэнтам. Так адбылося ў Светлагорскім раёне. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў загадзя пабывалі на шэрагу прадпрыемстваў, як прамысловых, так і ў сферы сельскай гаспадаркі, вытворчасці прадуктаў харчавання. Чыноўнікі падрабязна інфармавалі Прэзідэнта пра ўбачанае. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка вырашыў незапланавана наведаць некалькі прадпрыемстваў, якіх першапачаткова не было ў маршруце паездкі. Гэта завод жалезабетонных вырабаў і канструкцый і Светлагорскі домабудаўнічы камбінат.
“Каб не прадаваць драўніну за бясцэнак” – Лукашэнка расказаў пра задуму будаўніцтва завода ў Светлагорску
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Светлагорскі ЦКК, на базе якога пабудаваны завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы.
Адразу пасля прылёту кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся схемай, па якой на прадпрыемства пастаўляецца драўняная сыравіна, наколькі яе дастаткова. Прэзідэнту далажылі, што патрэбнасці растуць і ёсць неабходнасць у дадатковым чыгуначным транспарце. Аляксандр Лукашэнка даў наконт гэтага неабходныя даручэнні. “Трэба зрабіць так, каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашана ў бягучым годзе”, – сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы асабліва звярнуў увагу, што дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскім ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны, уключаючы нізкасортную драўніну.
Як далажылі Прэзідэнту, тэхналогія на прадпрыемстве дазваляе з нізкасортнай драўніны атрымліваць запатрабаваны прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Акрамя таго, гэта энерганезалежная вытворчасць.
“Гэта наша багацце (лясныя рэсурсы. – Заўвага БЕЛТА). Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Сульфатная беленая цэлюлоза высока запатрабавана на міжнародных рынках і важна для ўнутранага імпартазамяшчэння. Яна прымяняецца ў вытворчасці шпалер, упаковачных, пісчых і паліграфічных папер, кардону, вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння. На постсавецкай прасторы такіх сучасных вытворчасцей няма. Сёння Светлагорскі ЦКК – адзіны новы цэлюлозны завод у краінах СНД.
Старшыня канцэрна “Беллеспаперапрам” Юрый Назараў далажыў аб новых перспектыўных праектах у дрэваперапрацоўцы. Аляксандр Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння і развіцця вытворчасцей, арыентаваных на максімальную глыбіню перапрацоўкі і выпуск высокаліквіднага тавару. Таксама ў прыярытэце выкарыстанне айчыннай сыравіны і вытворчасць экалагічнай упакоўкі, каб знізіць аб’ёмы выкарыстання пластыку.
Лукашэнка арыентуе светлагорскі завод на перспектыву: патрэбна глыбіня перапрацоўкі цэлюлозы
“Патрэбна глыбіня перапрацоўкі цэлюлозы. Нам трэба з яе рабіць адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы, мяшкі”, – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб пастаўленай задачы па максімальным адыходзе ад выкарыстання поліэтылену, які шкодзіць экалогіі.
“Таму трэба ад гэтага адыходзіць. Трэба ўсё запакоўваць – булкі, піражкі і іншае – у паперу. У нас гэтага дабра хапае. Але з гэтай цэлюлозы, значыць, трэба стварыць такую ўпакоўку і іншыя матэрыялы”.
Прэзідэнт паведаміў аб прынятым рашэнні не пазней за бягучы год пабудаваць побач з заводам цэх, купіць неабходнае абсталяванне. “Яно не таннае. Напэўна, 80 млн еўра будзе каштаваць. Але мы пойдзем на гэтыя траты. Паставім машыну і будзем перапрацоўваць тут цэлюлозу. І такім чынам з 400 тыс.т, якія вы вырабіце, 300-350 тыс.т мы перапрацуем тут на месцы і паставім сваім прадпрыемствам. На экспарт застанецца 50 тыс.т”, – расказаў кіраўнік дзяржавы.
Другім напрамкам, які таксама не варта адкладаць, Аляксандр Лукашэнка назваў вытворчасць віскознай цэлюлозы. “Вы на гэтым прадпрыемстве гэта можаце зрабіць. Патрэбна асіна, вольха, якія ў нас сёння няма куды дзяваць, прападаюць. І таму нам трэба паскорыцца. Мы яе тут перапрацуем”, – заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што віскозная цэлюлоза будзе запатрабавана тут жа, на суседнім прадпрыемстве ў Светлагорску. Цяпер гэта сыравіна закупляецца па імпарце.
“Інакш кажучы ўсё, што вы тут вырабляеце сёння, вы вырабляеце за добрыя грошы. Гэта нармальна. Вам трэба вяртаць крэдыт, які вы ўзялі, разлічвацца з бюджэтам”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ён асабліва падкрэсліў важнасць глыбокай перапрацоўкі сыравіны і атрымання высокаліквіднай гатовай прадукцыі. “Гэта зусім іншы ўзровень нашай краіны”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, мэта яго прыезду ў тым, каб пераканацца, як было выканана даручэнне па будаўніцтве новага завода.
Што датычыцца папярэдніх праблем у супрацоўніцтве з кітайскай кампаніяй САМСЕ па стварэнні вытворчасці, кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў той факт, што айчынныя спецыялісты ў выніку самастойна справіліся з асваеннем магутнасцей прадпрыемства. “Малайцы. За гэта вам вялікі дзякуй! Гэта другая мэта майго прыезду – падзякаваць вам за тое, што вы, адмовіўшыся ад нядобрасумленнага выканаўцы, зрабілі гэта прадпрыемства самі і атрымліваеце сёння добрую прадукцыю”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: дзяржава павінна атрымліваць аддачу ад замежных інвестыцый
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці перагледзець некаторыя падыходы і ўмовы, на якіх у Беларусь прыцягваюцца замежныя інвестыцыі.
Прэзідэнт, у прыватнасці, звярнуў увагу на работу ва ўмовах свабодных эканамічных зон, калі дзяржава на працягу доўгага часу не атрымлівае ў казну практычна нічога ў выглядзе падаткаў. Вядома, ствараюцца дадатковыя рабочыя месцы, але гэта пытанне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ужо не так востра стаіць.
“Нам трэба арыентавацца на нешта істотнае. Калі ты хочаш сюды прыйсці працаваць, калі ласка, прыходзь і працуй, як працуюць усе прадпрыемствы – плаці падаткі, на прыбытак падатак, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Любыя рабочыя месцы павінны прыносіць прыбытак”.
“Гэта стратэгічнае пытанне. Хопіць сюды цягнуць з усяго свету бізнесменаў, выхваляцца, што ў нас інвестыцыі. А ад гэтых інвестыцый краіна практычна нічога не мае. Не трэба параўноўваць з IT-паркам. Гэта супернайноўшае, на гэта кідаюцца ўсе. І каб іх тут утрымаць, вядома, гэты парк мы падтрымліваем, дапамагаем яму і іншае. Няхай працуюць”, – рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: Гомельская вобласць у гэтым годзе павінна паказаць сваю арыентаванасць у сельскай гаспадарцы
“Гомельская вобласць за гэты год павінна паказаць сваю арыентаванасць. А ў вас для гэтага ўсё ёсць”, – перакананы беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што клімат мяняецца, і неабходна з улікам гэтага выразна вызначыцца, якія культуры вырошчваць. Прыярытэт – атрыманне якасных кармавых рэсурсаў для патрэб жывёлагадоўлі.
“Клімат змяніўся. Мы пераканаліся ўжо адназначна. Значыць, трэба вырошчваць тое, што вырошчвае Украіна, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Разбярыцеся ў дэталях – і неадкладна трэба рэалізоўваць”.
Лукашэнка аб кліматычных змяненнях: недзе выйграем, недзе прайграем, калі хутка не развернемся
“Недзе выйграем, недзе спачатку можам прайграць, калі хутка не развернемся, – лічыць беларускі лідар. – Сёння ўжо абсалютна зразумела, асабліва гамяльчанам, што клімат рэзка змяніўся. Вы ўжо жывяце ў кліматычнай зоне, як раней было на поўдзень ад Кіева”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што якраз абмяркоўваў гэту праблему з губернатарам Гомельскай вобласці і папрасіў вызначыцца, што ў сувязі з кліматычнымі змяненнямі рабіць у сельскай гаспадарцы, якія культуры вырошчваць. “Але вам трэба сёння ўжо не думаць, а браць тое, што мы апрабавалі з сельгаскультур, і вырошчваць тут у Гомельскай вобласці”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што і на сваім падворку займаецца вырошчваннем часам неўласцівых для Беларусі культур, як кавуны. Нарэшце, ёсць шмат і традыцыйных культур, як бульба, а ўраджай раздаюць людзям у розныя ўстановы. “Мы атрымалі ў гэтым годзе пад 300 т бульбы на маленькім участку. Мы таксама аддалі. У манастыр сёння-заўтра адвязуць. Аддаём людзям. Некаму насенне, паколькі гэта новыя сарты. Я асабіста нават займаюся гэтым для душы, шукаю новыя сарты”, – расказаў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, у жывёлагадоўлі цяпер удзяляецца вялікая ўвага авечкагадоўлі, і для гэтага ёсць прыдатныя землі з пункту гледжання кармавой базы. “Займаемся развядзеннем новых парод жывёл, каб атрымаць мяса”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што перад аграрнай сферай Гомельскай вобласці стаяць важныя задачы, і гэты год будзе вызначальным. “Або мы падымаем Гомельшчыну на патрэбны ўзровень, або будзем прымаць строгія меры ў сельскай гаспадарцы, як у Віцебскай вобласці. Але вы скаціліся вельмі сур’ёзна ў сельскай гаспадарцы. І гэта не толькі таму, што тут “чарнобыль”, людзей не хапае і іншае. Слабая арганізацыя, упусцілі некаторыя пытанні”, – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў цяперашніх рэаліях у вёсцы не трэба шмат работнікаў. “Лішнія людзі ў вёсцы – гэта большая праблема, чым недахоп. Таму што іх трэба нечым заняць, вытворчасці нейкія адкрываць. У нас няма недахопу ў сельскай гаспадарцы. Прыйшла энерганасычаная тэхніка. Адзін трактар замяняе 10 трактароў таго перыяду, калі я працаваў у сельскай гаспадарцы. Толькі трэба гэта арганізаваць, берагчы гэты трактар”, – звярнуў увагу беларускі лідар.
Лукашэнка патрабуе ўрэгуляваць сітуацыю з цякучасцю кадраў на некаторых прадпрыемствах
“Жалезная дысцыпліна. Да двух не размаўляем”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што ў рэгіёнах трэба прыняць меры для недапушчэння вялікай цякучасці кадраў. Аднак гэта не азначае, што нехта кагосьці будзе сілай трымаць на вытворчасці. У ход павінны ў тым ліку пайсці меры стымулюючага характару, але на выразных і зразумелых умовах. “Што за лятучкі такія? У савецкі час такога не было… Прыйдзі, працуй, вось бытоўка, вось душавая, вось табе зарплата (не падманваю, сам не краду). Якая ёсць. Больш будзем рабіць, больш будзем зарабляць. Вось і ўся логіка”, – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка даручыў прапрацаваць дадатковыя меры ў сферы жыллёвага будаўніцтва
“Вялікае пытанне – гэта будаўніцтва жылля. Нам трэба вярнуцца. Гэта лакаматыў і эканомікі. Дом пабудаваў – пачынаючы ад сталяркі да люстры ўсё трэба. Таму нам трэба паглядзець, што мы можам зрабіць”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.
У час наведвання домабудаўнічага камбіната размова ішла аб стане спраў на прадпрыемстве, што знаходзіцца пад працэдурай санацыі. Абмяркоўваліся магчымыя меры па вывадзе камбіната на ўстойлівую работу, і да гэтага ў тым ліку павінна актыўна падключыцца мясцовая ўлада. Адным з новых бліжэйшых заказаў для камбіната, як чакаецца, стане будаўніцтва новага цэха на заводзе па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК, аб чым дамовіліся ў час прыезду Аляксандра Лукашэнкі.
Лукашэнка: Беларусь і Расія не абмяркоўваюць стварэнне наднацыянальных органаў, але работа па дарожных картах прадоўжыцца
“Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, стварэнне розных палітычных, наднацыянальных органаў і іншых аб’яднанняў, што было прадугледжана 31-й дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. “Толькі эканамічныя пытанні па інтэграцыі, – растлумачыў Прэзідэнт. – Але па сапраўднай інтэграцыі, а не так, як “плявузгаюць” у сродках масавай інфармацыі ў Расіі: яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя, а інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду”.
Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу над адзінымі падыходамі да падаткаабкладання: на яго думку, краіны павінны пераймаць карысны вопыт адзін аднаго, каб стварыць самы сучасны кодэкс. “Хоць падаткаабкладальная база ў нас розная: у іх ад нафты і газу, у нас ад рэальнага сектара. Розныя сістэмы, але давайце прапрацоўваць. У гэтым няма нічога дрэннага. І гэтак па ўсіх напрамках”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.