Юные партизаны Осиповичского района
Недалёка ад былога Дараганаўскага дзіцячага дома ў маладым сасняку знаходзіцца магіла. Сцяжынка, што вядзе да яе, ніколі не зарастае травой. Сюды часта прыходзяць жыхары навакольных вёсак, школьнікі.
Тут, дзе шумяць сосны, пахаваны юныя партызаны, былыя выхаванцы мясцовага дзіцячага дома Іван Кіслы і Рыгор Міхадзюк.
Гэтыя камсамольцы нічым асабліва не адрозніваліся ад сваіх равеснікаў. Ваня быў высокага росту, са светлымі валасамі і блакітнымі вачыма. Ён захапляўся авіямадэлізмам. Яго сябар — каржакаваты, шыракаплечы — любіў лавіць рыбу і мог гадзінамі сядзець з вудай на пясчаным беразе Пцічы, што працякала непадалёк. Ваня марыў стаць лётчыкам, Грыша — інжынерам. Але ажыццявіцца марам перашкодзіла Вялікая Айчынная.
Да вайны амаль палова насельніцтва мястэчка Дараганава былі яўрэямі. Трагічна склаўся іх лёс, як і выхаванцаў дзіцячага дома.
24 чэрвеня яны рушылі ў напрамку Асіповіч, але вярнуліся, бо па дарозе даведаліся, што станцыя разбіта, цягнікі не адпраўляюцца.
Пачалося цяжкае жыццё ў акупацыі. Многія выкладчыкі і выхаванцы пайшлі на фронт, а з дзецьмі засталіся Ігнат Львовіч Наўмюк, які ўзяў на сябе абавязкі дырэктара, касцялянша Юзэфа Нікадзімаўна Вакалюк, повар Аляксандра Львоўна Тараноўская, прыбіральшчыца Вольга Максімаўна Сташкевіч, начная нянечка Матрона Іванаўна Паходава. Старэйшыя выхаванцы клапаціліся пра малодшых. Прадукты харчавання ў запасе былі, і жыццё дзіцячага дома працягвалася.
У Дараганаве немцы з’явіліся 28 чэрвеня 1941-га, а канчаткова вёска была акупіравана ў пачатку ліпеня. Будынак школы адвялі пад камендатуру, немцы жылі ў мясцовым клубе. Былі створаны ўправа і паліцэйскі гарнізон. Першае, што зрабілі фашысты, — забілі чырвонаармейца Волкава, які ахоўваў чыгуначны мост. Яго цела, закіданае галлём, знайшлі падлеткі, якія яшчэ да вайны часта бегалі ў казарму да салдат. Іван і Рыгор пахавалі байца ў лесе непадалёк ад дарогі. Пасля вайны яго перапахавалі ў брацкую магілу каля школы.
На камсамольскім сходзе старэйшыя дзетдомаўцы пакляліся змагацца з ворагам да апошняй кроплі крыві. Свята выконвалі абяцанне і сябры Кіслы і Міхадзюк. За ракой, у Будаўскім лесе, засталося шмат акружэнцаў. Сярод іх былі і кавалерысты, якія трапілі ў акружэнне. Камсамольцы ўстанавілі сувязь з раненымі байцамі, хавалі чырвонаармейцаў, падлечвалі, насілі прадукты харчавання, медыкаменты, збіралі боепрыпасы. Байцы перадалі хлопцам міну, і яны заклалі яе на чыгунцы паміж станцыямі Дараганава і Дзераўцы. Нямецкі паравоз быў пада-рваны. Пасля яны знішчылі тэлефонныя апараты на пошце і станцыі.
Фашысты вырашылі вывезці ў Германію жывёлу. У адзін з пахмурных вераснёўскіх дзён статак кароў, падганяемы невялікай групай ахоўнікаў, рушыў з вёскі Дараганава. Юнакі зрабілі засаду і кінулі ў гітлераўцаў гранату. Пасля першых выбухаў і выстралаў акупанты разбегліся, пакідаўшы зброю.
Пра сувязь падлеткаў і акружэнцаў ведалі ў мястэчку. 5 верасня 1941 года па даносе заваёўнікі разам з паліцэйскімі наладзілі аблаву ў дзіцячым доме. Там хаваўся паранены лейтэнант Ваня (прозвішча невядома); выбягаючы, ён кінуў наган у сажалку каля дзіцячага дома. На жаль, ён не ведаў, што каля лясніцтва пад вышкай схаваўся ў засадзе нямецкі кулямётчык, які і скасіў аўтаматнай чаргой маладога байца. А ў дзіцячым доме фашысты пачалі рабіць вобыск і ў ложках Івана і Рыгора знайшлі наган і карабін. Іх арыштавалі. Доўга здзекваліся з камсамольцаў, але тыя не сказалі ні слова. Праз некаторы час на месцы былога піянерскага лагера ў яме склепа хлопцаў расстралялі. А разам з імі яшчэ 24 мужчын-яўрэяў, у іх ліку быў Ігнат Наўмюк. Прозвішчы многіх невядомы і сёння.
Аб трагедыі, што адбылася ў першыя месяцы вайны, у сваёй кнізе “Параненыя ўспаміны” былы жыхар Дараганава, сын мясцовага ляснічага Уладзімір Кісялёў успамінаў: “У канцы жніўня 1941 года са Старых Дарог прыбылі ў Дараганава жандармы, якія, прачасаўшы вёску, арыштавалі каля 30 мужчын, а пасля расстралялі іх. Яма каля гаспадарчага блока сухотнага санаторыя была даверху запоўнена забітымі. Колькі іх было тады, невядома. Ведаю, што многа — чалавек 20-30, можа, і болей”.
Пасля вайны на месцы расстрэлу каля школы паставілі невялікі помнік. У 1975 годзе ўсталяваны новы з надпісам: “Спыніся, падарожнік! Успомні мірных грамадзян, расстраляных фашыстамі 5 верасня 1941 года”. Пакуль на помніку 11 прозвішчаў…
Валянціна Аўдзейчык,
дырэктар Дараганаўскага комплекснага краязнаўчага музея.