Люты сёлета надзвычай адметны. Па-першае, ён дваццацідзевяцідзённы (год жа высакосны), па-другое, пачынаецца надзвычай душэўным святам, якое ў календары не памечана, затое мае пастаянную прапіску ў сэрцы і называецца днём сустрэчы выпускнікоў. У першую суботу лютага ўсе шляхі ці хаця б думкі скіраваны па адзіным, агульным адрасе – да школы. Не трэба афіцыйных запрашэнняў – ты будзеш тут чаканым і жаданым. Колькі б гадоў-дзесяцігоддзяў ні мінула пасля развітальнага вальса, ты тут адчуваеш сябе вучнем, вельмі сваім. Як жа гэта настальгічна прыемна!.. Асабліва калі твой выпускны баль быў даўным-даўно, а ты з вышыні вельмі саліднага ўзросту атрымаў магчымасць убачыць сябе юнага – там, у школьных каардынатах. Каралеўскі падарунак!
Геніяльна прыкмеціў паэт: вялікае бачыцца на адлегласці. Час – таленавіты карэктар ранейшых адчуванняў і нават пачуццяў. Незабытыя і незабыўныя ўрокі першай настаўніцы, любімыя прадметы і гурткі, дыспуты і размовы па душах на класных гадзінах… Сёння хочацца сказаць шчыры дзякуй настаўніку, які за сваю патрабавальнасць калісьці быў аднагалосна «кваліфікаваны» класам як «Змей Гарыныч». Пазней зразумелі, што нам проста пашанцавала быць яго вучнямі. Гэта і многае іншае ва ўспамінах праходзіць пад кодавай назвай «школа». І ці не галоўны здабытак шчаслівых школьных гадоў (прабачце за шаблоннае вызначэнне, але хіба не шчаслівымі былі яны?) – класнае адзінства, не падуладнае ні часу, ні адлегласці, ні абставінам? Зусім асаблівая, непашпартная ступень роднасці – аднакласнікі. Назаўсёды блізкія людзі, любімыя людзі. Успомніце сваіх. Сур’ёзная Валюша стала запатрабаваным урачом, смяшлівая Шура – архітэктарам, нешматслоўны Ваня можа адрамантаваць любы халадзільнік, добразычлівая Іра пасля педінстытута пайшла ў садаўскія выхавальнікі, а ўдумлівы і грунтоўны Лёня – вядомы кіраўнік, прадстаўнік улады. Незалежна ад месца жыхарства, ад пасад і жыццёвых акалічнасцей вельмі дарослыя, сталыя людзі ахвотна адпраўляюцца падарожнічаць у часе. Гэта становіцца магчымым менавіта ў першую суботу лютага, пад дахам роднай школы, са спадарожнікамі – былымі аднакласнікамі.
Нядаўнія выпускнікі пазіраюць на «залатых«-«сярэбраных», як на дзівакоў, калі тыя па-школьнаму жартуюць, называюць саліднага выгляду сяброў дзяўчатамі і хлопцамі. А дзівацтва ніякага няма, ёсць вяртанне ў мінулае. Пасьянс чорна-белых фотаздымкаў – няўжо гэта мы? За кожным – свой сюжэт, свая гісторыя. У класным быцці іх было безліч, сур’ёзных і жартаўлівых.
…Аднойчы аднакласнік на ўроку заявіў, што «Кацярына працавала імператрыцай», і не мог зразумець, чаму ўсе рагочуць.
…А яшчэ ў пераказе тэкста неяк прагучала: на вадапой ідуць сланы, жырафы і асталопы (мелася на ўвазе антылопы).
…На ваеннай справе (быў такі прадмет) дзяўчынка пры зборцы аўтамата перайменавала дэталі, і магазін стаў буфетам. А на ўроку гісторыі «з’явіўся» японскі горад Хірасакі (сінтэз Хірасімы і Нагасакі).
Асобная тэма – запіскі на ўроках. Адным з самых папулярных відаў школьнай пошты былі папяровыя самалёцікі, на крылах якіх дастаўляліся тэрміновыя навіны. І сонечныя зайчыкі з маленькіх люстэрачкаў дакладна траплялі ў «патрэбныя» вочы.
У школы так многа рыс і рысачак. Букеты вераснёўскіх астраў і гладыёлусаў, тэарэма Піфагора, урачыстая лінейка, доследы на хіміі, лабараторная па фізіцы, кантрольная па матэматыцы, адкрыццё «Новай зямлі» і «Зоркі Венеры», крэйдай выведзенае на дошцы «Ура!!! Заўтра канікулы!». Безумоўна, школьны партрэт адухоўліваецца тварамі любімых настаўнікаў.
Школа, чаму кожны год я рыхтуюся сустрэцца з табой? Гэта заўсёднае прыцягненне. І бясконцая ўдзячнасць. І, што тут хаваць, любоў да свайго дзяцінства, юнацтва, сталення, да таго часу, калі, здавалася, не існавала немагчымага, недасягальнага, невырашальнага. Звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Максімалісты ў школьнай форме. Значна пазней, у дарослым жыцці прыходзіць глыбокае і поўнае ўсведамленне таго, наколькі лёсавызначальным быў кожны крок на шляху ад першага званка ў першым класе да вальса на выпускным балі. У сачыненні на вольную тэму марыць пра адкрыццё іншапланетных цывілізацый, замахнуцца на доказ гіпотэзы Рымана, знайсці формулу эліксіра бессмяротнасці, вывесці суперураджайны сорт пшаніцы, спыніць забруджванне навакольнага асяроддзя, а яшчэ лепш – ачысціць планету ад смецця… Даверыць не столькі сшытку, колькі настаўніку свае патаемныя мары. Усё ўвогуле гэта таксама ёсць школа, якая вучыць, выхоўвае, гартуе, рыхтуе да самастойнага жыцця.
І вось праз колькі гадоў першая субота чарговага лютага. Ідзём у школу – туды, куды калісьці мама з татам прывялі свой цуд з коскамі ці чубчыкам першы раз у першы клас. Не толькі настальгіяй тлумачым жаданне датыкнуцца да дарагога сэрцу, але і асэнсаванай удзячнасцю за тое, што атрымана тут у шчодры «пасаг»: дарослыя поспехі, здабыткі, дасягненні пачыналіся і пачынаюцца са школьнай парты. І ці не галоўным урокам, вывучаным і засвоеным, становіцца ўсведамленне і спасціжэнне пажыццёвай навукі быць чалавекам? Не праграмная дысцыпліна і нават не пазапраграмная. Аднак, паклаўшы руку на сэрца, прызнаёмся, што практычна ўсе ўрокі і перапынкі, пазаўрочны час і канікулы вучылі гэтаму. Мяркую, так ёсць і так будзе. Таму што гаворка пра школу – пра той прычал, да якога заўсёды вяртаешся ў думках, дзе светла і радасна, дзе ўсе юныя і ўзнёслыя. Там МЫ, і складаецца гэта з мноства Я.
…Прывітанне, дарагая школа! Люблю цябе і спяшаюся на сустрэчу з табой і сваім юнацтвам.
Вольга Барадзіна