Беларус спрабаваў вывезці з Расіі калекцыю, якую прызналі культурнай каштоўнасцю
Адна з манет з калекцыі / customs.ru
Беларус спрабаваў вывезці з Расіі калекцыю з 30 старажытных манет XVIII-XX стагоддзяў, вырабленых з золата, срэбра і медзі. Але ў Руднянскім раёне Смаленскай вобласці расійскія мытнікі знайшлі яе ў яго аўтамабілі. Ніякіх дакументаў аб дазволе на вываз мужчына не меў. Паводле яго слоў, манеты ён купіў у Маскве і вёз у Беларусь.
Як паведамляе прэс-служба Федэральнай мытнай службы РФ, здарэнне адбылося яшчэ ў снежні мінулага года, а нядаўна з'явілася заключэнне эксперта Міністэрства культуры Расіі. З яго вынікае, што 21 манета з 30 з'яўляюцца сапраўднымі, уяўляюць сабой культурную і гістарычную каштоўнасць. Адной з манет больш за 300 гадоў, пяці — больш за 200 гадоў. Кошт манет, якія прызнаныя культурнай каштоўнасцю, ацэнены на суму 1,2 млн расійскіх рублёў (амаль 19 тысяч долараў). Было заяўлена, што відавочны факт "замаху на кантрабанду культурных каштоўнасцяў у буйным памеры". Распачата крымінальная справа. Лёс калекцыі і пакаранне грамадзяніну Беларусі вырашыць суд.