Хто з герояў Вялікай Айчыннай вайны для вас СІМВАЛ ПЕРАМОГІ?

Источник материала:  
06.02.2020 16:06 — Разное

Слова — рэдактару

Сёлета мы будзем адзначаць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Каб успомніць  тых, хто прайшоў дарогамі  той далёкай вайны, на чый лёс  прыпалі часы ліхалецця, холад і голад, выбухі бомб і снарадаў, каб аддаць ім усім даніну памяці і павагі, рэдакцыя раённай газеты «Савецкае Палессе» распачынае  цыкл публікацый  «75 – Вялікай Перамозе». Першы матэрыял «Паветраныя баі над Ганцавічамі» ў межах  творчага праекту мы вырашылі ўзяць з кнігі «Памяць. Ганцавіцкі раён». Яго аўтар — укладальнік выдання, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро»,  былы рэдактар «СП» Канстанцін Мохар. З глыбокім веданнем гісторыі, прыгадваючы вялікую колькасць  імёнаў,  Канстанцін Канстанцінавіч друкаваным радком распавядае пра  першы дзень вайны на Ганцаўшчыне, першыя страты, першыя слёзы.
Мы  прадстаўляем новую рубрыку «Хто з герояў Вялікай Айчыннай вайны  для вас сімвал Перамогі». Хочацца, каб да  рэалізацыі праекта далучыліся вы, нашы чытачы,  каб  шчырыя прызнанні, разважанні, успаміны знайшлі водгук у сэрцах усіх і кожнага, сталі літаратурна-дакументальным помнікам салдату-вызваліцелю, Вялікай Перамозе. Спадзяёмся, што свае думкі абавязкова выкажа моладзь, якая, дзякуй Богу, ведае пра вайну толькі з кніжак і фільмаў.

Галіна ПУПАЧ.

Хто з герояў Вялікай Айчыннай вайны для вас СІМВАЛ ПЕРАМОГІ?

Ніжэй — першыя разважанні ў рамках рубрыкі «Хто з герояў Вялікай Айчыннай вайны  для вас сімвал Перамогі».

Ірына БУЖАН, галоўны спецыяліст  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Мой дзед – Мартын Сілыч Бужан, які прайшоў усю вайну з першага дня і да апошняга, для якога Вялікая Перамога была  найвялікшай радасцю, перамогай жыцця над смерцю. Дзед зведаў, што такое палон, страты, боль. За сувязь з партызанамі растралялі яго бацьку і маці, аднак ён, мужчына ў поўным сэнсе гэтага слова,  абаронца і  сапраўдны камуніст, заставаўся верным сваім прынцыпам і ідэалам.
У красавіку 45-га дзед быў моцна паранены. Ледзь выжыў. Аднак ён нават не ўяўляў, што наперадзе яго чакае куды большае гора і боль. З усёй сям’і, жонкі і пецярых дзяцей, ад разрыву снарада загінулі усе, акрамя пяцігадовага хлапчука, майго бацькі, які, як аказалася, проста загуляўся з сябрамі.
Пасля пераможнага мая дзед не знайшоў у сабе сілы будаваць  жыццё на Гомельшчыне. Сабраў сякія-такія пажыткі і падаўся ў свет. Яго, як роднага, прыняла Ганцаўшчына. Тут дзед Мартын  прыдбаў сям’ю, пабудаваў дом, працаваў.  Дарэчы, у Ганцавічы пасля інтэрнацкіх вандровак ён прывёз  і свайго застаўшагася ў жывых Дзям’яна.
Дзед пахаваны на гарадскіх могілках. Да нас, жывых, ён прыходзіць  у шчымлівых успамінах і не толькі напярэдадні Дня Перамогі. Мая дачка неаяк сказала:
«Іншы раз, калі думаю аб складанасцях, праблемах, няўсталяванасці, узгадваю жыццё прадзеда і разумею – ўсё гэта не самае горшае».

Віталій КУЛЯШОЎ, начальнік Ганцавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў:

– Першы, хто ўспаміцаецца са словамі «Дзень Перамогі», –  легендарны палкаводзец, маршал Перамогі Георгій Жукаў. Гэта з яго імем звязаны найвялікшыя бітвы Вялікай Айчыннай, пачынаючы ад разгрому нямецка-фашысцкіх войск пад Масквою і заканчваючы ўзяццем Берліна. Таму невыпадкова, што менавіта за ім замацавалася  званне, не прадугледжанае «табелем аб рангах», – народны маршал. Безумоўна, я далёкі ад думкі, што каб не было Жукава, то савецкі народ не перамог бы ў Вялікай Айчыннай вайне. Перамог. Вось толькі калі і якой цаною?
Па гісторыка-дакументальных фільмах Георгій Жукаў запомніўся мне  верхам на белым кані, прымаючым парад Перамогі ў 45-м. Ваенная выпраўка, вялікая колькасць узнагарод на грудзях… Аднак новыя старонкі гісторыі, што адкрываюцца апошнім часам, расказваюць, што яго жыццё было няпростым — то падымала да нябёс, то прымушала гнуць галаву. Яго баяліся і ненавідзелі, паважалі і знішчалі. Вось толькі  баявой славы Жукава, яго сусветнай вядомасці пазбавіць ніхто не мог.
У гады вайны  лічылася, што там, дзе Жукаў, там Перамога… Ужо тады ён быў сімвалам Перамогі. Быў і застанецца…

Занатоўвала Галіна МІКАЛАЕВА.

(Visited 1 times, 1 visits today)

←Шестого февраля в мире отмечают День муай-тай

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика