27 і 28 студзеня ў Мінску прайшоў IV рэспубліканскі форум «Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства»
Грунтоўныя адказы на шматлікія пытанні змаглі атрымаць журналісты на IV форуме “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, які прайшоў у Мінску 27 і 28 студзеня.
У рабоце форума прынялі ўдзел старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда і міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.
Было адзначана, што ФПБ упершыню ў гісторыі краіны выступіла распрацоўшчыкам Працоўнага кодэкса. Дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі прафсаюзаў у яго былі ўнесены каля 40 паправак.
З увядзеннем у гэтым годзе новай сістэмы налічэння зарплаты ў бюджэтных арганізацыях у наймальніка пашырыліся магчымасці па размеркаванні прэмій і даплат. Пра гэта таксама ішла гаворка ў час пасяджэння.
Лідар прафсаюзаў расказаў аб прававой абароне работнікаў, якую ажыццяўляюць прафсаюзныя юрысты.
Міністр інфармацыі ў сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што друкаваным выданням краіны не хапае крытычных матэрыялаў на месцах, таму трэба пашырыць праблемна-тэматычную накіраванасць і ўзмацніць блок аналітычных артыкулаў. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці жанравай разнастайнасці матэрыялаў у рэгіянальных СМІ.
Прыемным момантам сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі стала ўручэнне падзяк ФПБ і ганаровых грамат Міністэрства інфармацыі лепшым журналістам краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.