У студзені экспарт нафты з Расіі ў Беларусь скараціўся амаль на 74%
На "Нафтане" ўжо перапрацоўваюць нарвежскую нафту / gazeta.naftan.by
У студзені 2020-га экспарт нафты з Расіі ў Беларусь скараціўся амаль на 74% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе ria.ru. У нашу краіну было пастаўлена толькі 407,2 тысячы тон. Паводле планаў аб'ём паставак мусіў скласці 1,99 млн тон "чорнага золата". 1,1 млн тон нафты чакалі на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, а атрымалі толькі крыху больш за 66 тысяч тон. На Наваполацкі НПЗ замест 884 тысяч тон пастаўлена толькі 341,1 тысячы тон.
Як вядома, Беларусь не мае дамовы на пастаўкі нафты з Расіі ў 2020 годзе (не ўдалося дамовіцца пра цану). У выніку з 1 студзеня яны былі спынены. З РФ паступалі толькі разавыя пастаўкі (нафту пастаўляюць кампаніі групы "Сафмар" бізнесмена Міхаіла Гуцарыева). У той жа час наша краіна намагаецца арганізаваць альтэрнатыўныя варыянты паставак. На "Нафтане" ўжо перапрацоўваюць нарвежскую нафту (агулам там чакаюць 86 тысяч тон).
Падчас нядаўняга візіту ў Беларусь дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа аптымістычна заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100%. Для поўнай загрузкі беларускім нафтаперапрацоўчым заводам штогод неабходна 24 млн тон нафты.