Якое пачуццё адчувае чалавек, аказаўшыся ў далечыні ад малой радзімы? Шчымлівы, трывожны, часам балючы, смутак, тугу па тым месцы, дзе нарадзіўя і вырас, дзе ўсё роднае і блізкае сэрцу. Адразу прыходзяць на памяць словы К. Паўстоўскага: “Чалавеку нельга жыць без Радзімы, як нельга жыць без сэрца”.
Традыцыйна на ўсе значныя мерапрыемствы ў Іўі прынята запрашаць знакамітых землякоў, якія далёка за межамі раёна праслаўляюць свой родны край дасягенннямі і поспехамі, і заўсёды з гонарам гавораць: “Я родам з Іўеўшчыны!”.
І на гэту вялікую ўрачыстасць з нагоды 80-годдзя ўтварэння раёна прыехалі і прыслалі з розных куточкаў свае вінашаванні з нагоды юбілею роднага краю тыя, хто любіць сваю малую радзіму ўсёй душой.
З відэазвароту да прысутных у святочнай зале Ядзвігі Юферавай, намесніка галоўнага рэдактара “Расійскай газеты”:
–Наша Іўе вядома далёка за межамі Беларусі. Чым жа так унікальныя гэтыя мясціны?Для мяне, у першую чаргу, тым, што тут я атрымала вялікі капітал на ўсё жыццё. Атрымала яго ў бацькоўскай хаце, у іўеўскай школе, у раённай бібліятэцы. З гэтым капіталам і на яго працэнты я жыву ўсё жыццё. Ад імя беларусаў, якія жывуць у Маскве, хачу павіншаваць усіх з юбілеем раёна. І хачу сказаць, што тыя даўгі, якія ў нас ёсць перад малой радзімай, мы вярталі і будзем вяртаць.
З прывітальнага адрасу Тамары Барадач, кіраўніка беларуска-ізраільскага праекта “Корні”:
–Я ганаруся дасягненнямі і поспехамі сваіх землякоў, старанных працаўнікоў, таленавітых людзей ва ўсіх сферах жыцця. Няхай хапае ў вас здароўя і жадання рабіць наш раён яшчэ прыгажэйшым, багацейшым і цікавейшым для вас саміх і тых, хто сюды прыязджае.
Уладзімір Мірончык, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь:
–Я сапраўды ганаруся тым, што мая малая радзіма – гэта Іўеўшчына. І я ганаруся тымі традыцыямі, якія шануюць усе жыхары Іўеўскага раёна. Я ганаруся тым, што я сёння з вамі і маю магчымасць павіншаваць усіх са святам. Я мяркую, што ў раёна вялікае і светлая будучыня. А па доўгу работы мне часта прыходзіцца бываць ва ўстановах адукацыі Іўеўскага раёна і магу сказаць, што тут сапраўды выхоўваюць дастойнае і надзейнае падрастаючае пакаленне.
Я прывёз з сабой навукова-папулярнае выданне, якое называецца “Беларусь: Іўеўскі край” Эдварда Вайніловіча. Многія людзі, якія сядзяць у святочнай зале, маюць да яго дачыненне – у верасні праходзіла навукова-практычная канферэнцыя ў Іўі. Выданне пакуль выйшла невялікім тыражом. Я прывёз яго для кожнай бібліятэкі Іўеўшчыны.
Іван Карэнда, паэт, грамадскі дзеяч:
– Кожны мой прыезд на радзіму – гэта свята, вялікае, без перабольшванняў, сапраўднае. Свята душы, таму што ёй ні дзе не бывае так утульна, як тут, у нашым цудоўным куточку Прынёмання. Свята сэрца, бо толькі тут, у Іўеўскім раёне, я адчуваю, што яно б’ецца рытмічна і шчасліва. Тут свята ўсёй маёй істоты, бо менавіта на малой радзіме я адчуваю касмічную сувязь з высокі небам, з Богам і кожны раз, думаючы пра гэта, я хачу задаць сабе адно пытанне: а што я зрабіў для таго, каб гэты край быў самы лепшы, каб яго людзі былі шчаслівыя? І я даўным-даўно зразумеў, што шчасце чалавека ў тым, каб рэалізаваць свой творчы патэнцыял, аддаць усё, шо ты можаш, дзеля добрай справы, дзеля нашай Бацькаўшчыны Беларусі, пакінуць добры след на зямлі.
Я вельмі ўзрушаны тым, што на маёй роднай зямлі спяваюць песні, вершы для якіх напісаў я. Так было і на свяце “Дажынак-2018”. Калі я атрымаў запрашэнне на юбілей раёна, падумаў, няхай з’явіцца яшчэ адна песня. Яшчэ пакуль я не знайшоў кампазітара, які б напісаў музыку. Але такі чалавек, я ўпэўнены, знойдзецца.
Родны Іўе
Бацькоўскі край – куточак Беларусі,
Мой родны Іўе, сэрцу дарагі!
З табой я і ў радасці, і ў скрусе,
Як Нёмана з Івенкай берагі.
Тут мой пачатак, мой выток ад Бога,
І дзён зямных акрылены працяг.
Адсюль бяжыць крынічкаю дарога
З маленства да дарослага жыцця.
Прыпеў:
Усюды, дзе б па свеце ні хадзіў я,
Твой воблік, як ікона паўстае,
Душа заўжды з табою, любы Іўе,
У ростані цябе мне не стае.
Мой родны горад, смела кроч у вечнасць
У хуткай плыні часу і падзей!
Сваёй любоўю, шчыцрай і сардэчнай,
Плаціць табе я буду кожны дзень
Тут вабяць вока і вясной, і ўлетку
Прастор ваколіц і сядзіб шнуры,
А падвячоркам пахнуць шчасцем кветкі,
Шчыруюць, нібы пчолкі, жыхары.
Тут вольна жыць і дыхаць чалавеку,
Умеем мы кахаць і сябраваць.
Суседскі мір і згода тут спрадвеку –
Мы будзем іх, як продкі, шанаваць.
Прыпеў.
Мы поплеч і працуем, і смуткуем,
Адны адным імкнёмся памагчы.
А святы разам за сталом святкуем –
На гэта шмат знаходзіцца прычын.
Вітаемся сустрэшыся, з усмешкай,
Бяседу нетаропкую вядзём,
І толькі разыходзімся па сцежках,
Калі ў царкву, касцёл, мячэць ідзём.
Прыпеў.
… Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, любіць свой родны куточак, малую радзіму, як часцінку нашай Бацькаўшчыны.
…Не голас, сэрца гаворыць гэтыя словы – з любоўю, з гонарам, з душэўнай пяшчотай. Тут – наша гiсторыя. Тут – мае каранi. Тут – напеўная родная мова. Тут – жывём мы!
І. БУТУРЛЯ.
С ЗЯНКЕВІЧ (фота).