Старейшина Слободы Людмила Пацейко ко всему относится с особой ответственностью
“Пажылым людзям трэба ўвага і клопат, а таму перыядычна забягаю да сваіх аднавяскоўцаў ва ўзросце – спытаць, як справы, абмеркаваць навіны. І тым больш не забываю віншаваць іх з днямі нараджэння. Сёлета, напрыклад, трое жыхароў вёскі перасягнуць 90-гадовы рубеж. У цэлым жа ў нашай Слабадзе налічваецца 60 двароў і пражывае 107 чалавек”, –адзначае старэйшына населенага пункта Людміла Сафонаўна Пацэйка, і з першых хвілін знаёмства становіцца ясна, што яна добра валодае сітуацыяй на сваёй тэрыторыі.
Адносіцца да любой справы з адказнасцю ўраджэнка Жывалакі прывыкла яшчэ з дзяцінства. “Вучылася добра, ніколі не прапускала заняткаў, нават калі ў старэйшых класах прыходзілася хадзіць аж у Мосар!” – прыгадвае жанчына. Разам з мужам Георгіем Іванавічам у маладосці лёс занёс іх на Лепельшчыну, дзе ў вёсцы Камень яны шчыра працавалі ў мясцовым калгасе. “Пайшла ў паляводчую брыгаду, калі сыну не было і двух гадоў, а дачушцы ўсяго 11 месяцаў. Займалася нарыхтоўкай льну, вырошчваннем буракоў і многай іншай работай, а муж быў заняты на трактары. Ёсць у нашай працоўнай біяграфіі час, калі разам з ім працавалі… на камбайне! Так, два сезоны я была памочнікам у Георгія на “Ніве”, нават выходзілі ў перадавікі. Хоць і гавораць, што не жаночая гэта справа, аднак мне падабалася, у нашай гаспадарцы меліся і іншыя сямейныя экіпажы. Не ў цяжар была такая работа, бо па прафесіі я аграном і вельмі люблю зямлю!” – расказвае Людміла Сафонаўна.
Але ўсё ж праз некаторы час яе прафесійны шлях змяніўся. У суседняй вёсцы папрасілі даць водпуск прадаўцу. Хоць і няпроста было – вялікі населены пункт, шмат тавараў, няблізкая дарога ад дома – жанчына выдатна справілася.
Пасля 16 гадоў жыцця ў Лепельскім раёне сям’я вымушана была вярнуцца на малую радзіму: слабымі сталі бацькі і ім патрэбны быў пастаянны догляд і дапамога. Спачатку жылі ў Жывалацы, пазней пераехалі ў Слабаду. Канечне, для старанных людзей тут знайшлася работа, а сельгаспрадпрыемства выдзеліла жыллё. “Муж працаваў у гаспадарцы ў будаўнічай брыгадзе, а я з галавой акунулася ў справы мясцовага магазіна, прафесія прадаўца мне вельмі падабалася, таму амаль 15 гадоў за прылаўкам праляцелі імгненна!” – зазначае Л.С.Пацэйка.
На заслужаным адпачынку яна не паспела засумаваць. Больш часу стала для шматлікіх хатніх спраў і творчасці. Пакоі ўтульнага дома ўпрыгожваюць разнастайныя карціны, вышытыя крыжыкам. А тры гады таму менавіта Л.Пацэйка была абрана старэйшынам вёскі. “Людміла Сафонаўна добра ведае людзей і знаходзіць з імі агульную мову, у тым ліку і з дачнікамі, якіх у Слабадзе нямала. Адным словам, з’яўляецца надзейным маім памочнікам”, – характарызуе жанчыну старшыня Сарочынскага сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка.
Старэйшыне Слабады, як чалавеку актыўнаму, сапраўды, зусім нескладана арганізаваць суботнік, калі трэба – самой навесці парадак ля кантэйнера, сабраць сродкі самаабкладання ці зрабіць перапіс хатняй жывёлы. І самі Пацэйкі трымаюць птушку, свіней, козачку, апрацоўваюць немалы прысядзібны ўчастак. Шмат часу Людміла Сафонаўна ўдзяляе і пытанням добраўпарадкавання: “Вы прыязджайце летам, у нас столькі кветак! Асабліва люблю ружы і гладыёлусы!” Трэба сказаць, што нават у цяперашні зімовы час, які не балуе добрым надвор’ем і яркімі фарбамі, гэтая сядзіба на вуліцы Прыазёрнай вылучаецца акуратнасцю і ідэальным парадкам. Яно і не дзіўна – старэйшына павінна паказаць прыклад.
Вольга КАМАРКОВА.