Цёплымі душэўнымі ўспамінамі падзяліліся сябры і блізкія Аляксея Дуброўскага на вечары яго памяцi

Источник материала:  
02.02.2020 — Разное
>

Цёплымі душэўнымі ўспамінамі падзяліліся сябры і блізкія Аляксея Дуброўскага на вечары яго памяцi
«Дарогай святла». Пад такой назвай у Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц прайшоў вечар памяці, прысвечаны краязнаўцу, эколагу, журналісту, фатографу Аляксею Дуброўскаму. На мерапрыемстве прысутнічалі яго жонка Вера Іосіфаўна, сябры, калегі, краязнаўцы, экскурсаводы, журналісты і ўсе тыя, хто добра ведаў Аляксея Мікалаевіча і шмат гадоў быў побач.


Цёплымі душэўнымі ўспамінамі падзяліліся сябры і блізкія Аляксея Дуброўскага на вечары яго памяцi

Жонка А.М. Дуброўскага Вера Іосіфаўна.

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі і намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна расказалі пра жыццёвы шлях гэтага знакамітага чалавека, які сёлета мог бы адзначыць сваё 75-годдзе.

Аляксей Мікалаевіч нарадзіўся ў Барысаўскім раёне. Пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ разам з жонкай Верай ён накіраваўся на працу настаўнікам у сельскую школу на Магілёўшчыну, потым працаваў у Нацыянальным парку «Белавежская пушча». А з 1970 года А.М. Дуброўскі пачаў працаваць у пінскім праектным інстытуце «Палессегіправадгас».

У 1983 годзе быў прызначаны галоўным спецыялістам інстытута па ахове прыроды, што дазволіла Аляксею Мікалаевічу рэалізаваць свае планы па вывучэнні і захаванні ўнікальнай прыроды Палесся.

Цёплымі душэўнымі ўспамінамі падзяліліся сябры і блізкія Аляксея Дуброўскага на вечары яго памяцi
Аляксей Мікалаевіч вывучаў таксама гісторыю края, мясцовы фальклор, сабраў шмат песень, паданняў. З 1986 года ў розных газетах і журналах былі надрукаваны сотні артыкулаў пра прыроду, гісторыю і праблемы Палесся. Ён прыклаў шмат намаганняў, каб вывучыць  і абгрунтаваць стварэнне цэлага шэрагу заказнікаў, у тым ліку біялагічнага заказніка «Спораўскі», гідралагічнага заказніка «Падвялікі мох», заказнікаў «Ізін» і «Выдранка». У 2003 годзе пабачыла свет кніга «Палігон», у якую ўвайшлі артыкулы эколага за 25 гадоў. А.М. Дуброўскі вядомы і як экскурсавод. Дзякуючы яму з’явіліся турыстычныя маршруты Пінск – Тураў, Пінск – Кудрычы, экалагічныя сцежкі. Дуброўскі займаўся здымкамі фільмаў, у якіх паказваў нашу ўнікальную прыроду. Краязнаўца шмат падарожнічаў, на веласіпедзе аб’ехаў амаль усё Палессе, таксама ездзіў па Украіне і Польшчы. Вядомы Аляксей Мікалаевіч і як цудоўны фатограф, творчасць якога адзначана на шматлікіх конкурсах. Аляксей Дуброўскі займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, з 1990 па 1999 гады быў дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў, шмат зрабіў для нашага горада.


Цёплымі душэўнымі ўспамінамі падзяліліся сябры і блізкія Аляксея Дуброўскага на вечары яго памяцi

На вечар памяці прыехаў святар, краязнаўца Павел Дубінец з в. Марочнае Украіны.

Цёплымі душэўнымі ўспамінамі пра Аляксея Дуброўскага падзяліліся яго сябры і блізкія. Усе жадаючыя выступілі са шчырымі словамі ў памяць пра Аляксея Мікалаевіча, узгадалі моманты знаёмства з гэтым таленавітым, добрым і нераўнадушным чалавекам, які быў сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе, патрыётам Піншчыны, спагадлівым і надзейным  сябрам.

Цёплымі душэўнымі ўспамінамі падзяліліся сябры і блізкія Аляксея Дуброўскага на вечары яго памяцi
Да мерапрыемства была падрыхтавана фотавыстава з працамі Аляксея Дуброўскага, куды ўвайшлі здымкі дзіўнага свету палескай прыроды. Увазе прысутных была прадстаўлена таксама падборка яго артыкулаў і кніг «Знаўца палескіх таямніц». У ходзе мерапрыемства ўсе прысутныя паглядзелі відэафільм, зняты калісьці самім эколагам.

А.М. Дуброўскі пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну – унікальныя фотаздымкі і відэаматэрыялы, кнігі, артыкулы, звесткі пра гісторыю і прыроду Палесся, якое ён вельмі любіў і якому прысвяціў сваё жыццё.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика