Ушачский хлеб станет ещё лучше! На хлебозаводе – новая печь
Пекар Вольга Харак націскае да дысплеі кнопку “Фармавы хлеб”, потым выбірае “грэцкі”: высвечваецца тэмпература, якую аўтаматычна пачынае дабіраць апарат. Масляны тэрмарэгулятар спраўляецца з гэтым усяго за некалькі хвілін. Дарэчы, нават за ноч пры непрацуючай печы тэмпература з 290 градусаў панізіцца толькі на 50. “Потым устаўляем бляшанкі з цестам, зачыняем… і праз 20 хвілін хуткія сарты накшталт “Мехіка” ўжо гатовы, – Вольга Мікалаеўна тлумачыць правілы кіравання разумнай печчу, якія днямі засвоіла сама, як і іншыя калегі. – Калі толькі абкатвалі пэўны сорт, я правярала гатоўнасць і націскала “дапяканне” – ёсць такая функцыя. Але пры адладжаным канвееры гэта не патрэбна, абсалютна ўсе параметры закладзены ў праграме”.
Больш падрабязна пра ўсе тэхналагічныя тонкасці новага абсталявання расказалі інжынер А.В.Малішэўскі і тэхнолаг В.У.Бурма – супрацоўнікі ТАА “Барса”, якое і выйграла тэндар на пастаўку нямецкай печы фірмы МІWЕ. І калі работнікаў завода яны вучылі напярэдадні, то ў чацвер расказвалі пра перавагі печаў новага пакалення кіраўніку Ушацкага раёна Уладзіміру Генадзьевічу Аўдошку, старшыні Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Аляксандру Аляксандравічу Пуцята, а таксама іншым зацікаўленым прадстаўнікам гэтай гандлёвай арганізацыі. На вытворчасці адбылася лятучка, падчас якой высвятлялі асноўнае – як дабіцца, каб ушацкі хлеб пашыраў рынкі збыту і годна канкурыраваў з вытворцамі не сістэмы “Белкаапсаюза”.
Хаця гледзячы на стол, накрыты хлябамі выключна з новай печы, здаецца, што з гэтай задачай ужо справіліся. Настолькі ўсё прывабнае на выгляд. Ды і смакавыя адчуванні адпавядаюць візуальным. Тут як сарты, што ўжо палюбіліся ўшачанам, напрыклад, “Гатаўскі”, “Ураджайны”, так і новы “Лучайскі” з кмінам. А таксама шматлікія круглыя боханы.
На новай печы можна рабіць, што хочаш, аднак у нас яна прызначана спецыяльна для фармавога хлеба, каб закансерваваць старую неэканамічную печ. Хаця можна і кексы ставіць, любыя высокія гатункі – з-за большага праёму, чым у “немкі” побач, на якой пякуць батоны.
Гэта абсталяванне новага пакалення, дзе прадугледжаны і такія дробязі, як кругавая цыркуляцыя гарачага паветра, што так важна для раўнамернага выпякання. А таксама падача пары для стварэння румянай скарынкі – той, што дома дасягаецца з дапамогай узбітага яйка і алею. Інжынер “Барса” Алег Віктаравіч Малішэўскі, дарэчы, з селішчанскімі каранямі, дадае, што такія печы пачалі выпускацца толькі з мінулага года, даюць эканомію паліва на 30-40 працэнтаў. Паказвае, што дзве печы зараз працуюць ад аднаго цеплагенератара, які лёгка перавесці на газ, а гэта ў сваю чаргу прынясе дадатковую эканомію. Адрозненне ад ранейшага, нават сучаснага нямецкага абсталявання ў тым, што рэгуляваць непаладкі, высвятляць іх прычыны можна нават з Мінска, паколькі ўсё камп’ютарызавана і ёсць функцыя запамінання. І калі раней кожная праграма настройвалася асобна, то зараз дастаткова ўставіць флэшку – і яны лёгка перанясуцца..
На заводзе ўстаноўлена і спецыяльная сістэма ачысткі вады. Наогул, як адзначыла старшыня Ушацкага філіяла Лілія Альбінаўна Долгая, з канца 2018 года на мадэрнізацыю завода пайшло 750 тысяч рублёў, з іх 300 – з інавацыйнага фонду Белкаапсаюза. Тое, што ўшачане не чакаюць манны з нябёсаў, падкрэсліў і А.А.Пуцята, які пацікавіўся, што яшчэ патрэбна заводу, каб быў закальцаваны тэхналагічны працэс, і галоўнае, каб ушачане заўсёды бачылі на паліцах такую прадукцыю, як сёння ў якасці ўзораў, каб яе не сорамна было прапанаваць нават буйным сеткам. Той жа “Санце”, што хутка адчыніць свой магазін у гарпасёлку. Самастойна там выпякаецца толькі 12 сартоў, пераважна дробных відаў, а астатнія хлебабулачныя вырабы закупляюць у іншых вытворцаў. Хацелася, каб гэта быў ушацкі хлебазавод.
Старшыня аблспажыўтаварыства ў сваю чаргу папрасіў кіраўніка раёна паспрыяць таму, каб ушацкі хлеб быў і ў гандлёвай сетцы прыватнікаў. Пацікавіўся ён у старшыні філіяла, як знаёмяць з навінкамі завода пакупнікоў з іншых раёнаў, якія абслугоўваюць. Аказваецца, там як і ў нас праводзяцца дэгустацыі, а загадчык цэха Ірына Аляксандраўна Казлоўская пабывала практычна ў кожным магазіне. Ну а зараз перад работнікамі хлебазавода і філіяла стаіць адзіная задача – хутчэй завяршыць абкатку ўсіх праграм, каб з канвеера масава паступалі такія ж смачныя боханы, як у гэты дзень пры дэгустацыі.
Вольга Караленка.