Дажджы і да +9 будзе на выходных

БЕЛТА
У суботу, 1 лютага, у Беларусі будзе пераважаць воблачнае надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Уначы ў асобных раёнах пройдуць невялікія ападкі — мокры снег, дождж. Удзень на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца дажджы. Месцамі чакаецца туман, уначы і зранку слабы галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер будзе паўднёва-заходні — уначы слабы, удзень умераны.
Уначы тэмпература паветра будзе ад -2 да +4. Удзень паветра прагрэецца да 1-7 вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе чакаецца да 9 градусаў цяпла.
2 лютага захаваецца воблачнае надвор'е. Часам пройдуць дажджы. Месцамі будзе слабы туман, уначы па ўсходзе — слабы галалёд. Вецер прагназуецца заходняй чвэрці парывісты, раніцай і днём месцамі (пераважна па паўднёвым захадзе) — моцны парывісты.
Уначы будзе ад 0 па ўсходзе да +8 па паўднёвым захадзе краіны. Удзень чакаецца 3-9 са знакам "плюс".