«Ганаруся сваімі славутымі землякамі” – менавіта пад гэтым дэвізам на мінулым тыдні ў ДУА “Красненскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” прайшло паседжанне “Школы Актыўнага Грамадзяніна”, дзе навучэнцы 8-11 класаў абмеркавалі значнасць патрыятызму і пазнаёміліся са славутым працалюбам красненскай зямлі – Іванам Гавакам.
Пачалося мерапрыемства з кароткай інфармацыі аб тым, хто яны – Героі Беларусі. Так, хлопцы і дзяўчаты даведаліся, што гэта найвышэйшая ўзнагарода, якая ўручаецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. У нашай рэспубліцы званне Героя Беларусі носяць усяго адзінаццаць чалавек: Уладзімір Карват, Павел Марыеў, Аляксандр Дубко, Міхаіл Карчміт, Віталій Крэмко, Міхаіл Высоцкі, Пётр Пракаповіч, Васілій Рэвяка, Міхаіл Савіцкі, Кірыл Вахрамееў і Дар’я Домрачава.
Затым вучням прапанавалі паразважаць, якія подзвігі ў рэальным жыцці маглі б здзейсніць яны, хлопчыкі і дзяўчынкі 8-11 класаў. Адныя ўзгадалі сляпую ці нямоглую бабулю, якой патрэбна дапамога на пешаходным пераходзе, а іншыя выказалі ўпэўненую думку ў тым, што добра вучыцца – гэта таксама подзвіг, які зараз па сілах кожнаму з іх.
Працягнулася паседжанне “Школы Актыўнага Грамадзяніна” дыялогам аб дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, якая штогод уручаецца падчас навагодніх святаў у Палацы Рэспублікі. Так, навучэнцы дазналіся, што ў 2019 годзе ўзнагароду атрымалі пяць працоўных калектываў і прадстаўнікоў рэлігійных аб’яднанняў краіны, а Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджвае кожнага з лаўрэатаў асабіста, у чым заключаецца пэўны сімвалізм.
Але галоўным сюрпрызам для школьнікаў стаў візіт Пятра Іванавіча Гавакі, уладальніка Ордэна Пашаны, а таксама былога работніка аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна – СВК “Маяк-Заполле”. Мужчына з радасцю расказаў аб асноўных вехах свайго жыцця, падзяліўся сакрэтам асабістага шчасця і запэўніў, што вялікі горад – гэта не заўсёды гарантыя поспеху.
– Больш за сорак гадоў я аддаў служэнню роднай зямлі, – расказвае падчас сустрэчы былы выпускнік Красненскай школы Іван Гавака. – І ведаеце, ніводнага разу не сталася так, каб я пашкадаваў аб сваім выбары. Усё жыццё ў вёсцы, праца ад цямна да цямна… Але я разумеў, што гэта маё. Што я патрэбен гэтай зямлі і гэтым людзям. Таму і вы, калі будзеце стаяць на парозе выбару прафесіі, памятайце аб тым, што малая радзіма будзе чакаць вас заўсёды.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара