Удасканаленне якасці навучання і выхавання ў дашкольнай установе напрамую залежыць ад узроўню падрыхтоўкі педагогаў. Бясспрэчна, што гэты ўзровень павінен пастаянна расці, і самаадукацыя з’яўляецца патрэбай творчага і адказнага чалавека любой прафесіі, тым больш для прафесіі з падвышанай маральнай і сацыяльнай адказнасцю, якой з’яўляецца прафесія педагога дашкольнай адукацыі.
З мэтай самаадукацыі і пашырэння сваіх ведаў аб беларускай спадчыне і беларускіх традыцыях педагогі ДУА «Яслі-сад №4 г. Ганцавічы» супрацоўнічаюць з Ганцавіцкім раённым домам рамёстваў. Дырэктар Дома рамёстваў Ала Васільеўна Занька са сваім творчым калектывам заўсёды арганізоўвае пазнавальныя мерапрыемствы для педагогаў і дзяцей, якія з’яўляюцца крыніцай ведаў пра наш народ, нашы традыцыі і нашу малую Радзіму — Ганцаўшчыну. За што мы ім вельмі ўдзячны!

Маўленчае развіццё дашкольнікаў у Беларусі адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска–беларускага блізкароднаснага двухмоўя (білінгвізму). Для большасці гарадскіх дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з акружаючымі іх людзьмі, з’яўляецца русская мова, а беларуская выступае для іх, як другая. У той жа час беларуская мова асэнсоўваецца ў грамадстве як родная мова, на аснове якой ажыццяўляецца нацыянальна–культурная сацыялізацыя дзяцей.


Для меншай часткі дзяцей, галоўным чынам у сельскай мясцовасці, першай мовай з’язляецца беларуская, праўда, часта не чыстая, а змешаная з рускай. Гэтыя дзеці знаёмяцца ў дашкольнай установе і з рускай мовай, аднак іх маўленне часцей за ўсё цяжка аднесці да якой–небудзь адной моўнай сістэмы. Генетычная і псіхалагічная (з боку эмацыянальнага стаўлення да абедзвюх моў) блізкасць рускай і беларускай моў, асаблівасці руска–беларускага білінгвізму патрабуюць спецыфічных падыходаў да развіцця рускага і беларускага маўлення дашкольнікаў.


Асаблівай увагі патрабуе навучанне дзяцей з рускамоўных сем’яў беларускай мове як другой роднай. Таму, з мэтай садзейнічання павышэнню ўзроўня ведаў бацькоў і педагогаў па навучанню дзяцей беларускай мове ва ўмовах білінгвальнай адукацыі ў нашай ўстанове дашкольнай адукацыі арганізоўваецца беларуска моўны дзень. Кожны чацвер у дзяржаўнай установе адукацыі «Яслi-сад № 4 г. Ганцавічы» выхавацелi праводзяць заняткі па развіцці беларускага маўлення ў форме гульні. Выхаванцы вучацца называць прадметы на беларускай мове, перакладаць і завучваць невялікія тэксты. Акрамя заняткаў існуюць іншыя цікавыя формы работы. Праводзіцца мастацка-моўная дзейнасць з выкарыстаннем твораў беларускай дзіцячай літаратуры. Гэта чытанне казак, вершаў, завучванне пацешак.


Музычныя кіраўнікі Наталля Міхайлаўна Кляўчэня і Ніна Іванаўна Жыгун штогод праводзяць беларускія народныя святы, такія як «Калядкі», «Багач», «Восеньскі кірмаш», “Купалле”, «Гуканне вясны», «Вялік дзень» і іншыя.
Так і цяпер супрацоўнікі Дома рамёстваў паказалі майстар-клас па правядзенні “Вячорак” для педагогаў ДУА «Яслі-сад № 4 г. Ганцавічы». Весела і насычана прайшла сустрэча. На працягу ўсяго свята, якое прайшло ў фармаце вячорак, панаваў добры настрой, і ўсе госці перанесліся ў атмасферу сапраўднага вечара: сустракалі гасцей, частавалі іх, спявалі, танчылі, гулялі ў гульні і, канечне ж, варажылі. Творчы і таленавіты калектыў Дома рамёстваў, як заўсёды ўразіў сваіх гледачоў сваёй самабытнасцю і арыгінальнасцю.
Гарагляд Людміла Іванаўна,
загадчык ДУА «Яслі-сад № 4 г.Ганцавічы»