Вучні сярэдняй школы № 1 і Велікасельскай ДС—СШ заваявалі на абласным этапе прадметнай алімпіяды тры дыпломы

Источник материала:  
28.01.2020 — Разное
Вучні сярэдняй школы № 1 і Велікасельскай ДС—СШ заваявалі на абласным этапе прадметнай алімпіяды тры дыпломы

Вучань 11 класа Велікасельскай ДС—СШ Вадзім Мацяс

Нядаўна завяршыўся абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сярод вучняў, які праходзіў на базе навучальных устаноў Оршы, Полацка і пасёлка Лужасна Віцебскага раёна. Як і кожны год, у ім прынялі ўдзел і шаркаўшчынскія вучні, усяго дзевяць чалавек. Яны прадставілі сярэднія школы № 1 і № 2 гарадскога пасёлка, а таксама Велікасельскую дзіцячы сад— сярэднюю школу.

Прыемна адзначыць той факт, што шаркаўчане вярнуліся дадому з узнагародамі. Грунтоўныя веды, якія змаглі атрымаць нашы хлопчыкі і дзяўчынкі ў час школьных заняткаў, факультатываў, прынеслі свой плён. Так, дыпломам трэцяй ступені па беларускай мове ўзнагароджаны вучань 11 класа Велікасельскай ДС—СШ Вадзім Мацяс (настаўніца — Ірына Рычардаўна Рымдзёнак). Вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 1 Аляхновіч Дарына заваявала дыплом трэцяй ступені па рускай мове (настаўніца — Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак). Вучань 11 класа гэтай жа школы Дзяніс Смірноў узнагароджаны дыпломам другой ступені па гісторыі (настаўнік — Сяргей Віктаравіч Рабіза).

Пасля таго, як вучні вярнуліся дадому, мы сустрэліся з імі і пацікавіліся пра ўражанні ад удзелу ў алімпіядзе.

Вадзім Мацяс:

— Я ужо не першы раз прымаю ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове. Прызнаюся, гуманітарныя навукі мне вельмі падабаюцца, у прыватнасці, мова, літаратура, біялогія і іншыя. Іспыты мы праходзілі ў Полацку, у сярэдняй школе ім Еўфрасінні Полацкай. Алімпіяда асабіста для мяне стала і працай, і адпачынкам. Арганізатары паклапаціліся так, каб вучні акрамя прадметных іспытаў яшчэ і культурна ўзбагаціліся. Для нас яны прадугледзелі экскурсіі па старажытным горадзе, наведалі мы таксама Сафійскі сабор, дзе праслухалі канцэрт арганнай музыкі. Заваяваны дыплом трэцяй ступені стаў для мяне чарговай прыступкай у асабістых дасягненнях. У будучым планую звязаць свой лёс з медыцынай. Планую паступіць у Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, каб стаць урачом агульнай практыкі.

Дарына Аляхновіч:

— У 2019 годзе я прымала ўдзел у алімпіядзе па матэматыцы, што надало мне вопыту. Сёлета разам са сваёй настаўніцай Рамуальдай Антонаўнай вырашылі паспрабаваць сябе ў рускай мове. І, як аказалася, не дарэмна. Вынікам нашай грунтоўнай падрыхтоўкі стаў дыплом трэцяй ступені. Наогул, мне даспадобы любыя школьныя прадметы. У вольны час займаюся ігрой на гітары, люблю таксама шыць, вязаць, вышываць. Са сваёй будучай прафесіяй я яшчэ канчаткова не вызначылася. Для гэтага ў мяне яшчэ ёсць час.

Дзяніс Смірноў:

— Прадметам гісторыі я цікаўлюся яшчэ з малодшых класаў. Акрамя гэтага падабаюцца фізіка, матэматыка і англійская мова. Заваяваным мною дыпломам другой ступені я задаволены. Ведаеце, пасля яго атрымання ў душы пасялілася пачуццё гонару не толькі за сябе і за свайго настаўніка, але і за тое, што на дастойным узроўні я змог прадставіць наш Шаркаўшчынскі раён. Гэта вельмі радуе. Пасля заканчэння школы планую стаць або інфарматыкам, або гісторыкам. Яшчэ ёсць крыху часу на выбар будучай прафесіі.

— Абласны этап рэспубліканскай алімпіяды праходзіў даволі складана і сур’ёзна, — далучылася да размовы настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ № 1 Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак. — Але гэта акалічнасць ніколькі нас не спужала. Я была ўпэўнена, што мая вучаніца Дарына Аляхновіч, якая ніколі не пасуе перад цяжкасцямі, дастойна пакажа свае веды на іспыце. Так і атрымалася. Дарэчы, наш Шаркаўшчынскі раён аказаўся адзіным у вобласці сельскім рэгіёнам, які атрымаў дастойны вынік — дыплом трэцяй ступені. Вышэй за нас былі толькі вучні гімназій Віцебска і Полацка. Дэкан філілагічнага факультэта ВДУ імя Машэрава асабіста падзякаваў нам за гэта. І мы, настаўнікі, і вучні разам імкнёмся да новых вышынь у адукацыі. Немалаважным фактарам паспяховага ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды стала тое, што падчас зімніх канікул у нашай школе працаваў лагер для адораных дзяцей, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі набыць дадатковыя груноўныя веды па тых або іншых прадметах.

Кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама выказвае вялікую ўдзячнасць усім вучням, якія прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, за праяўленыя веды, а таксама настаўнікам, якія аказалі ім высокапрафесійную дапамогу ў падрыхтоўцы.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Вучні сярэдняй школы № 1 і Велікасельскай ДС—СШ заваявалі на абласным этапе прадметнай алімпіяды тры дыпломы

Вучань 11 класа Дзяніс Смірноў і вучаніца 9 класа СШ № 1 Дарына Аляхновіч

Comments are closed.

Яндекс.Метрика