Сцежкі нашага краю памятаюць таленавітых падлеткаў, будучых вучоных, многія з якіх, дарэчы, некалі наведвалі Карэліцкую школу, дзе закладваўся падмурак іх ведаў, выхоўваліся лепшыя якасці, якія ў далейшым дазволілі ім пакінуць яркі і адметны след у айчыннай і сусветнай навуцы. Хочацца расказаць пра такіх адмысловых людзей – нашых таленавітых землякоў.
Фёдар ФЁДАРАЎ
Сярод іх адзін з самых вядомых – выдатны беларускі фізік-тэарэтык, першы ў рэспубліцы доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік, заслужаны дзеяч навук Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы Фёдар Іванавіч Фёдараў.
Вучоны нарадзіўся 6 (19) чэрвеня 1911 годзе ў мястэчку Турэц у сям’і вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра. Калі хлопчыку споўніўся год, сям’я пераехала ў Мінск. Пасля заканчэння БДУ Фёдар Іванавіч стаў аспірантам фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, затым вучыўся ў аспірантуры Фізічнага інстытута пры Ленінградскім дзяржаўным універсітэце.
Пасля паспяховай абароны дысертацыі ў 1936 годзе малады вучоны вярнуўся ў Мінск. Цяпер яго жыццё было звязана з фізіка-матэматычным факультэтам Белдзяржуніверсітэта. Свой талент вучонага і выдатныя педагагічныя здольнасці Фёдар Іванавіч аддаваў гэтай навучальнай установе. У час вайны ён знаходзіўся ў эвакуацыі ў Новасібірску, спачатку выкладаў фізіку і матэматыку ў школе, а з 1943 г. быў дацэнтам кафедры фізікі Маскоўскага авіяцыйнага тэхналагічнага інстытута. А калі фізіка-матэматычны факультэт БДУ аднавіў сваю работу на падмаскоўнай станцыі Сходня, стаў яго дэканам і заставаўся на гэтай пасадзе да 1950 года.
У жніўні 1944 г. вучоны вярнуўся ў толькі што вызвалены Мінск. Фашысты разбурылі ўніверсітэцкія будынкі, але дзякуючы самаахвярнай працы вучоных і студэнтаў, фізіка-матэматычны факультэт хутка ўступіў у строй. Фёдар Іванавіч быў, безумоўна, лідарам сярод найбольш кваліфікаваных фізікаў і матэматыкаў Беларусі. Ён арганізаваў і 19 гадоў узначальваў кафедру тэарэтычнай фізікі БДУ – цэнтра навукова-даследчай працы на факультэце. У 1954 г. наш зямляк стаў доктарам фізіка-матэматычных навук. Ён узначальваў працягам 26 гадоў лабараторыю тэарэтычнай фізікі ў Інстытуце фізікі і матэматыкі Акадэміі навук БССР. У 1956 г. яго абралі членам-карэспандэнтам, а ў 1966 г. – сапраўдным членам Акадэміі навук БССР.
Пяру Фёдара Фёдарава належыць каля 300 навуковых прац, у тым ліку 6 арыгінальных манаграфій. Навуковыя дасягненні нашага земляка адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі БССР і СССР, ордэнамі і медалямі. У 1978 г. яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Вучоны неаднаразова прадстаўляў беларускую навуку за мяжой, узначальваў дэлегацыі нашых вучоных на міжнародных навуковых канферэнцыях. У 1994 г. Фёдару Іванавічу першаму сярод беларускіх фізікаў уручылі ганаровы дыплом Сораса. Асобна хочацца звярнуць увагу на той факт, што прысуджаную Дзяржаўную прэмію БССР навукоўца перадаў у Фонд міру.
13 кастрычніка 1994 г. перастала біцца сэрца вучонага, але ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, а распрацаваыя ім нестандартныя метады навуковых даследаванняў працягваюць выкарыстоўваюцца і сёння.
Андрэй БОГУШ
Адным з самых таленавітых вучняў Фёдара Фёдарава быў наш зямляк, беларускі фізік-тэарэтык, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Андрэй Аляксандравіч Богуш. Сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня яго нараджэння.
Ён з’явіўся на свет 11 ліпеня 1925 г. у Карэлічах. У 1930-я гг. вучыўся ў мясцовай польскай школе, потым – у Навагрудскай гімназіі. У 1941 г. скончыў сямігодку ў Карэлічах, затым – Навагрудскую настаўніцкую семінарыю. У вайну быў вывезены ў Германію, дзе працаваў чорнарабочым. Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй працаваў на Падольскім механічным заводзе і вучыўся ў школе рабочай моладзі, якую скончыў з залатым медалём.
Вучоба на фізіка-матэматычным факультэце БДУ прыпала на цяжкія пасляваенныя гады, калі студэнтам даводзілася не толькі спасцігаць веды, але і ўдзельнічаць у аднаўленні разбуранага Мінска. Пасля заканчэння ўніверсітэта будучы вучоны працаваў выкладчыкам у Магілёве і толькі пасля смерці Сталіна змог паступіць у аспірантуру. Далей ён назаўсёды звязаў свой лёс з Інстытутам фізікі Акадэміі навук.
Асноўным напрамкам працы Андрэя Богуша стала фізіка элементарных часцінак. Вынікі яго даследаванняў адлюстраваны больш чым у 300 навуковых працах, у тым ліку ў трох манаграфіях, а таксама ў пяці кнігах і брашурах.
26 гадоў вучоны кіраваў створанай ім лабараторыяй фізікі высокіх энергій, эксперыментальныя работы якой ажыццяўляліся сумесна з Інстытутам ядзерных даследаванняў у Маскве і Еўрапейскім цэнтрам ядзерных даследаванняў у Жэневе (Швейцарыя).
Ён выступаў на міжнародных навуковых канферэнцыях, чытаў лекцыі па фізіцы высокіх энергій і тэарэтычнай фізіцы для маладых вучоных у Беларусі і Польшчы. У 1995 годзе Міжнародны савет Фонда Сораса (Нью-Ёрк) прысвоіў яму званне “Сораўскі прафесар”. На наступны год Міжнародны біяграфічны цэнтр (Кэмбрыдж, Вялікабрытанія) прысудзіў яму ганаровае званне “Міжнародны чалавек года за 1995-1996 гг.” У 1988 г. Андрэй Богуш атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.
Абарвалася жыццё таленавітага вучонага 21 ліпеня 2009 г. Але і праз дзесяцігоддзі кнігі Андрэя Богуша па-ранейшаму карыстаюцца попытам у спецыялістаў, яны перавыдаваліся ў Маскве і Польшчы.
Аляксандр БОГУШ
Родны брат вучонага, Аляксандр Аляксандравіч Богуш, таксама вядомая ў Беларусі асоба – доктар ветэрынарных навук, ганаровы прафесар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Ён нарадзіўся 18 лютага 1931 г., скончыў школу ў Карэлічах у пасляваенны час, атрымаў прафесію ветурача і звязаў свой лёс з навукай, абараніўшы доктарскую дысертацыю ў Маскве. Амаль паўстагоддзя Аляксандр Богуш аддаў працы ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце ветэрынарыі імя С. Вышалескага.
Вучоны апублікаваў каля 300 навуковых прац, у тым ліку 9 кніг, распрацаваў дзясяткі ветэрынарных прэпаратаў, атрымаў патэнты на вынаходства, а яго працы маюць міжнароднае прызнанне, ён неаднаразова ўзнагароджваўся медалямі ВДНГ і Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі.
Мікалай ВЫРКО
Карэліцкую школу скончыў і будучы вучоны ў галіне будаўніцтва аўтамабільных дарог, прафесар, доктар тэхнічных навук, акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі Мікалай Паўлавіч Вырко.
Сёлета спаўняецца 85 гадоў з дня яго нараджэння – 14 верасня 1935 г. Ён родам з вёскі Краснае, вучыцца яму давялося ў час вайны, а вось скончваў Запольскую сямігодку ўжо пасля вызвалення. Працягваў вучобу ў Карэлічах. Але сям’я была вялікая, бацька вярнуўся з вайны інвалідам, таму будучаму навукоўцы давялося працаваць грузчыкам у калгасе і вучыцца ў школе рабочай моладзі.
Пасля службы ў арміі скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут, аспірантуру, абараніў доктарскую дысертацыю ў 1999 г., 27 гадоў быў дэканам лесаінжынернага факультэта (цяпер факультэт тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці), затым – прафесарам кафедры.
Яго пяру належыць 320 навуковых прац, 28 падручнікаў і дапаможнікаў для студэнтаў, ім атрымана 27 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходства. Вучоны займаўся вырашэннем шэрагу важных спраў у галіне лясной прамысловасці.
У 1996 – 2000 гг. Мікалай Вырко з’яўляўся навуковым кіраўніком Рэспубліканскай дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Лес, экалогія, рэсурсы”. Таксама ён – Заслужаны работнік адукацыі і ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, знакам “За выдатныя поспехі ў працы”. Усе навуковыя распрацоўкі вучонага былі непарыўна звязаны з вытворчасцю.
У 2018 г. перастала біцца сэрца Мікалая Вырко, але яго навуковыя дапаможнікі і цяпер выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы.
Павел ВАДАП’ЯНАЎ
Карэліцкую школу скончыў яшчэ адзін вучоны – Павел Аляксандравіч Вадап’янаў.
Будучы прафесар, доктар філасофскіх навук, нарадзіўся 10 лютага 1940 г. Праз год застаўся сіратою: яго бацька загінуў, працуючы на шахце ў Данецкай вобласці. Пасля Карэліцкай школы Павел Вадап’янаў вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме механічнай апрацоўкі драўніны, служыў у арміі, затым паступіў у Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт на філасофскі факультэт, пасля якога быў накіраваны на працу ў Інстытут філасофіі і права АН БССР.
Затым была вучоба ў аспірантуры, абарона кандыдацкай (1973 г.) і доктарскай (1982 г.) дысертацый, праца загадчыкам кафедры філасофіі і права Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У 1995 г. Павел Вадап’янаў стаў акадэмікам Украінскай Акадэміі палітычных навук.
Вучоны апублікаваў каля 200 навуковых прац, у тым ліку некалькі манаграфій. Яго працы атрымалі высокую адзнаку ў беларускім і замежным друку.
У 1996 г. за кнігу “Вялікі дзень гневу: экалогія і эсхаталогія” Паўлу Вадап’янаву прысудзілі прэмію Акадэмій навук трох краін – Украіны, Беларусі і Малдовы. У гэтай кнізе аўтар спрабуе адказаць на пытанне: ці зможа чалавецтва пазбегнуць экалагічнай катастрофы? Ён хоча верыць у тое, што людзі ў стане стварыць свет без ядзернай вайны і экалагічнай безвыходнасці.
Прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выдатнік адукацыі, Павел Вадап’янаў з’яўляецца сёння вядучым даследчыкам прыродаахоўнай праблематыкі ў Беларусі, актыўна ўдзельнічае ў розных міжнародных форумах.
Барыс КІТ
Таксама наш раён мае яшчэ адну знакавую дату: сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі Барыса Уладзіміравіча Кіта.
Будучы вучоны нарадзіўся 24 сакавіка (6 красавіка) 1910 г. у Санкт-Пецярбургу, куды яго бацька прыехаў на заробкі з беларускай вёскі Агароднікі (цяпер вуліца Кастрычніцкая ў Карэлічах). Пасля рэвалюцыі, у 8-гадовым узросце, хлопчыка перавезлі на радзіму бацькі, ён вучыўся ў польскай школе ў Карэлічах, асаблівыя поспехі праяўляў у матэматыцы. У 1926 г. паступіў у Навагрудскую беларускую гімназію, пасля заканчэння паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
У 1930-я гг. працаваў выкладчыкам матэматыкі і дырэктарам Віленскай, а потым Навагрудскай гімназіі, у 1940-я гг. – інспектарам аддзела народнай адукацыі Баранавіцкай вобласці і выкладчыкам матэматыкі ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю і ў ваенны час.
У эміграцыі, дзякуючы грунтоўнай адукацыі, атрыманай у Віленскім універсітэце, і нястомнай працы над удасканальваннем сваіх ведаў, Барыс Кіт змог стаць аўтарытэтам у амерыканскай астранаўтыцы. Ён аўтар першага ў гісторыі падручніка па ракетным паліве, яшчэ адну кнігу прысвяціў савецкай касманаўтыцы. Неаднаразова выступаў на міжнародных кангрэсах астранаўтыкі.
Пасля пераезду ў Германію абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. Стаў прафесарам матэматыкі Мэрылендскага ўніверсітэта і чытаў лекцыі па матэматыцы для студэнтаў.
За ўклад у развіццё астранаўтыкі ў 1995 годзе ўзнагароджаны залатым медалём Германа Обэрта, што з’яўляецца прызнаннем адметнага ўнёску выдатнага вучонага ў скарбонку сусветнай тэхнічнай думкі.
Барыс Кіт – ганаровы доктар навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы і ганаровы грамадзянін горада Навагрудка. Барыс Кіт пражыў 107 гадоў.
Святлана КОШУР