Па добры настрой… да гумарыста, або Знайсці б спонсара
Здаецца, ніколі на яго твары я не бачыў заклапочанасці і нейкай хоць маленькай задумлівасці. А толькі лёгкую прыемную ўсмешку і ветлівасць. Ён заўжды рады сустрэчы з табой. І разумнымі светла-карымі вачыма шчыра глядзіць і нібы пранізае цябе. І бачыць усё, чытае твае думкі, як свае ўласныя, якія напоўнены вясенняй свежасцю і цеплынёй.
— Прывітанне, аматар духмянага слова! – з узнёсласцю кажа ён і цісне руку.
— Здарова, карыфей, волат з’едлівай фразкі, кладучай бюракратаў і падхалімаў на лапаткі! – не застаюся ў даўгу. І, задаволеныя няхітрымі падколкамі, смяёмся.
…Так, гэта сказ пра нашага земляка Панаса Палітыку. Лічу яго (зразумела, са сваёй сціплай прафесійнай і сціплай аўтарытэтнай вышыні) адным з найталенавітых пісьменнікаў-сатырыкаў нашай краіны, класікам беларускай літаратуры.
У свой час у Мінску ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла некалькі яго зборнікаў. Гэта “Свой хлопец”, “Праверка”, “Маўчанне навыперадкі” і іншыя. На прылаўках кнігарняў яны не залежваліся, разышліся вельмі хутка. Ацэньвалі творы вядомыя крытыкі, знаўцы літаратуры, шматлікія чытачы. Змяшчаліся станоўчыя рэцэнзіі, водгукі ў газетах і часопісах, яны гучалі па радыё. Дарэчы, кніга “Маўчанне навыперадкі”, тыраж якой склаў 20 тысяч экзэмпляраў, названа лепшай кнігай, з выдадзеных у 1980 годзе. У ёй змешчана ажно 56 апавяданняў, у якіх сатырык высмейвае п’яніц і скандалістаў, бюракратаў і падхалімаў, раскрадальнікаў народнага дабра.
Цікавасць у чытача выклікала і п’еса Панаса Палітыкі “Начны госць, або Двое ў адной лодцы”, якая была апублікавана ў 1993 годзе ў часопісе драматургіі і сцэнічнага мастацтва “Тэатральная Беларусь”. Яна – пра пачатак перабудовы, першыя альтэрнатыўныя выбары, пра барацьбу кіруючай наменклатуры за галасы выбаршчыкаў.
…Часам на душы бывае няўтульна і журботна. І каб збавіцца ад суму і хоць крыху ўзняць настрой, я звычайна бяру ў рукі яго кнігу. Чытаю любы твор: малы ці вялікі, апавяданне або аповесць. Чытаю і ўспрымаю з асалодай, не адцягнуць. Бо захоплівае. Столькі гумару, столькі жыццёвых з’яў, сітуацый… Дзіву даешся, калі чытаеш і ўяўляеш малюнкі махлярства, абыякавасці, п’янства, несправядлівасці, мяшчанства, кар’ерызму, іншых негатыўных з’яў, якія яшчэ сустракаюцца ў нашым жыцці.
Думаецца, няма ў нашым рэгіёне такой галіны, такой прафесіі, якую б абышоў і не адлюстраваў у сваіх творах пісьменнік… І як жа ўмела, адмыслова выкарыстоўвае ён дасціпныя параўнанні, прыказкі, прымаўкі, іншыя мастацкія сродкі, каб паказаць падзеі больш праўдзіва, востра і вобразна, яскравей – характары персанажаў, іх паводзіны, звычкі… Вось толькі крупінка з гэтага ўсяго: “Нідзе так не квітнее чалавек, як на ўлонні ўлады”; “Кантроль – справа тонкая. Тут галоўнае – недавер. Не давярай – і ты знойдзеш”; “Жніво для кантралёра Дулькі – непаўторная пара пошукаў і здабыткаў”; “Зноў прыадчыніліся дзверы, і, як гарбуз на плятні, павісла лысая галава новага наведвальніка”; “Яго скручыла, як бляшанку выбухам”; “Была рачулка Натапа, ды меліяратары з’елі”; “Лупцуй нявіннага, пакуль не стане вінаватым”; “Дружба дружбай, але не пускай ісціну без нагляду”; “І далей жыць з такім мужам – хаваць сябе жывую”; “На тваёй кухні толькі адных пахаў цэлая вечарынка”; “А тут натхнення – хоць з шапкай па дварах”; “Жыццё не калее на месцы, яно віруе”; “Тоўсты і высокі быў цішэй валуна пры дарозе”; “Мужа Ніна адчувала побач, як скулку на руцэ”; “Ды ён жа да Міхася мяне зараўнуе да смерці!”; “Ад слова “сакратар” у яго здырганула сэрца і трэснулася аб рэбры, як сініца аб шкло”; “Дзе пачынаюцца жанчыны, там канчаецца кіраўнік”; “Як казаў аматар чужых жонак, што меў ад іх мужыкоў належныя ўзнагароды, ёсць рэчы, мацнейшыя за жах”. І шмат, шмат чаго іншага, яшчэ смяшнейшага, гарачэйшага, цікавейшага…
Вось як у аповесці “Свой хлопец” ён расказвае аб душэўным стане, радасці кіраўніка творчага калектыву з прычыны прыезду да іх на працу новага, вельмі талковага супрацоўніка Лявона Лупекі. “Сяргей Сямёнавіч Шлыкаў сядзеў у кабінеце і ўсміхаўся. На ўвесь пакой. Ён мог бы і шырэй. Сцены не пускалі… Яно і так можна было сказаць, што на твары Шлыкава не ўсмешка, а зап’янелая дзеўка-весялуха. Аб нагах ужо і казаць няма чаго. Яны проста хадуном хадзілі. І, пэўна, таму Шлыкава злёгку падкідвала пад сталом. Ён аж закручваў у цыгарку правае вуха і пахахатваў”.
Але ж вось якое дзіва выйшла. Прайшло нямнога часу, і ўсе ўбачылі, што Лупека не той “Фядот”, якім яго прадставіў калега з суседняга раёна. За няпоўны год ён натварыў столькі негатыву, прынёс столькі клопату, што Шлыкаў усур’ёз задумаўся, як ад яго пазбавіцца. І зрабіў гэта пры першай жа магчымасці, выкарыстаўшы той жа спосаб, якім яго некалі “ўсцешыў” сусед, калега-“дабрадзей”, маўляў, таленавіты, працавіты, можа рабіць за траіх…
А было гэта так. Пазваніў Шлыкаву новы рэдактар Светапольскай “раёнкі” “Прагрэс” Васіль Рабцаў. Раней тут сядзеў, а дакладней, буяў, як дурнап’ян пры дарозе, адзін таварыш. І як “умела” кіраваў, што журналісты разбегліся хто куды, як прусакі ад дусту. І цяпер Рабцаў б’е ў растаптаны лапаць – збірае газетчыкаў. Ён просіць: “Дапамажы, Сяргей Сямёнавіч, у вас жа поўны парадак з кадрамі. А ў мяне нават намесніка няма, на пенсію пайшоў”. “Як казаў мой сябра, ты не сам да мяне прыйшоў, цябе прывялі, — схамянуўся Шлыкаў, як райская птушка на райскай кветцы. – Ёсць у мяне такі, ёсць, братка. Але”… “Што яшчэ за “але”?”. “Шкада. Адно цябе можа ўратаваць: чалавеку расці трэба. Вось у чым каньяк. У мяне ж яму няма куды, столь не пускае. Дайшло?”. “Дружа ты мой, армянскі ты мой, пяцізорачны! Няма такога вядра, якое я не напоўніў бы!”. “Чакай, а як з кватэрай?”. “Выб’ю! Нават чорту зубы, не тое што”…
…Турботная справа завяршылася. Ніколі, апавядае аўтар, з такім хваляваннем, з такой радасцю не клаў трубку Шлыкаў, як зараз. Здавалася, ён зачыняў накрыўку скрыні, дзе сядзела грымучая змяя…
Аповесць “На ўлонні сілы” – аб кар’ерызме. Старшыня народнага кантролю Рыгор Ягоравіч Дулька адчуваў сябе маналітна і фундаментальна. Ён мацак на хлебным полі, яго не аб’едзеш у дарозе, ён божая кара ў свірне, кароўніку, на машынным двары, будоўлі. Словам, усюды… Асаблівую актыўнасць і рашучасць Дулька праяўляе ў час уборкі ўраджаю. Тут ужо літасці нікому не будзе, калі выявіць хоць мізэрныя страты. Нават роднага брата не пашкадаваў, які працуе старшынёй калгаса. Знайшоў з дзясятак каласкоў на ўбраным полі і ўгрэў ажно два аклады. Неяк задумаўся ён аб сваім жыцці. Вось працуе ён да сёмага поту. Прапусціў караваны абедаў і банкетаў, мог мець, а не мае ўласнай машыны, фарсіць у зашмальцаваным шэранькім касцюмчыку. Колькі сяброў і родзічаў аштрафаваў ні за курыны кіпець. А ў імя чаго? Ды ў імя ўсё той жа маральнай і ідэйнай чысціні… Але ж ён і ганарыцца гэтым. Бо стаў, як лічыць, узорам аб’ектыўнасці і непадкупнасці. І таму ён, а не хто іншы, павінен заняць пасаду першай асобы ў раёне, якая вось-вось адправіцца на заслужаны… Толькі ж тут, вядома, ёсць канкурэнты, якія не спяць у шапку, а дзейнічаюць. І Дулька нямала зрабіў і робіць, каб абскакаць іх, мазнуўшы кожнага адпаведнай фарбай. Незаўважны, але надзейны спосаб – ананімкі, званкі ў вышэйстаячыя. І адусюль едуць правяраючыя, камісіі, шукаюць, нешта знаходзяць… І ён упэўнены, што абскача ўсіх…
Зусім невялікае апавяданне “Шчырасць”. Але аб крывадушшы, даносах, падхалімажы расказана поўна… За сталом рэстарана сядзелі чацвёра. Ды галоўнай фігурай быў пяты. Ён сядзеў у пячонках. І кожнаму карцела выцаганіць, што думае аб пятым сусед. Шчырасць раскрылася пасля дэгустацыі пяцізорачнага… Першым рызыкнуў гарбаносы. Аглядваючыся па баках, ён амаль шэптам выдыхнуў: “Няўжо на вока абласной вежы бяльмо наплыло? Ну які з шэфа кіраўнік?!”. Яго падтрымаў танканосы: “Не бяльмо, а рука. Наш Емяльянавіч незаменны толькі ў спёку. Пад ценем яго вушэй можна півам гандляваць”. “А наш аб’ект пакінуць”, — бойка падкруціў чорны вус уладар хвацка задзёрнутага ўгору носа. І толькі носьбіт прамога носа актыўна маўчаў. Але яму давяралі, і размова цурчала… Шчырасць з вуснаў захмялелых адкрывала ўсё новыя заганы ў дзейнасці, паводзінах шэфа. На тварах гаварыўшых блукала задаволенасць. Толькі праманосы па-ранейшаму сумаваў. Ён ведаў, што пасля рэстарана кірпанос і гарбанос сядуць у свае легкавушкі, раз’едуцца ў розныя бакі, але ж потым рвануць у адным напрамку – да шэфа. Ды іх даўно апярэдзіў безмашынны танканос, які разы са тры адлучаўся на хвіліначку. І, зразумела, паспеў прыкласціся да тэлефона. І зараз шэф ломіць галаву: каго біць?…
У апавяданні “У віру пытанняў” расказваецца аб тым, як радыёжурналіст Іван Шчамель збіраўся раскрытыкаваць кіраўнікоў і спецыялістаў калгаса “Авангард” за няякасную нарыхтоўку кармоў. Зайшоў у рэдакцыю райгазеты і ўбачыў лісток з заметкай “Востры сігнал”. Прачытаў: “У сянажную траншэю, куды нацякло дажджавой вады і гноевай жыжкі, працягвалі класці сянажную масу. Па ёй рухаўся гусенічны трактар і ўшчыльняў, гэта значыць, перамашваў траву з вадой і зямлёй, якую прыносілі, колькі маглі, на колах машыны і трактары. Ужо ўбухалі сюды паўтары тысячы тон канюшыны. Можа атрымацца гнілаж, як гэта было летась. Раскалупалі зімой — смурод, непатрэбшчына. А таму і надоі нізкія, і падзёж цялят вялікі”.
Шчамель даведаўся, што “сігнал” хочуць даць у газеце не заўтра, а толькі ў суботу, бо месца няма. І яго хударлявая гарбаватасць забегала па кабінеце: “Ды аб гэтым трэба званіць ва ўсе званы зараз жа… Араць, сеяць, расціць, падкормліваць, скасіць, падсушыць, пагрузіць, прывезці… Праца, праца, праца… І толькі для таго, каб затапіць, знішчыць, згнаіць. Таптаць і ведаць, што на той свет… каб даць справаздачу: план выкананы”.
Ён увесь кіпеў і булькаў: “Вось толькі вазьму рэпарцёр. Усіх знайду: і народных кантралёраў, і спецыялістаў па кармах, і старшыню. Яны мне раскажуць, чаму… І пакуль газета будзе цягнуць ката за хвост, я заўтра раніцай і… Няўжо нельга было адкачаць ваду? Не машынай дык вёдрамі… Або цяжка падвезці і падкласці саломы пад колы, каб не цягнуць гразь у корм?..”.
Шчамель старанна рыхтаваў апаратуру. Заклаў новую касету, падключыў мікрафон. Рашыў пачаць са старшыні, ударыць так, каб павыляталі з яго галавы прыгажуні, да якіх у яго, кажуць, надта ўзрасла цікавасць… І тут ён чамусьці задумаўся. Успомніў пра духмяны мядок, пра чырвоныя яблыкі, якія доўга захоўваюцца. Усё ж гэта ён выпісвае толькі ў Цапліна. А якія ж у яго возеры карасікі… Ён дзьмухнуў у мікрафон раз, яшчэ раз, пастукаў пазногцем, прыслухаўся, зноў дзьмухнуў.
“Хм, у рэшце рэшт, а чаму я ды я? А дзе райсельгасупраўленне, раённы кантроль і іншыя ахоўнікі якасці і колькасці? Зарплата ж у іх большая ўдвая, а то і ўтрая. Хай і… Нечага. А то я з мікрафонам буду, як дурань з прышчыкам на носе, скакаць, а яны з бітончыкамі для мёду ды мяшочкамі… А гэтага не хацелі? – туцнуў ён дулю ў адзін бок, потым у другі. – Іш! Катацца на Шчамлю?! Не-е, дудкі. Мне таксама мёд пратрэбен, ды і дзяцей ад яблык не нудзіць. Так што ідзіце і ваюйце! А наогул, у мяне яшчэ жывот баліць”.
І ён падышоў да шафы і піхнуў на паліцу рэпарцёр.
Гэта толькі невялікія пераказы-фрагменты з твораў кніг, якія выпушчаны яшчэ ў васьмідзясятыя-дзевяностыя гады. Дарэчы, у апошні час некалькі гумарыстычных апавяданняў з тых кніг змешчана ў нашай раённай газеце. І чытачы, зразумела, могуць ацаніць іх вартасць. Для мяне яны, напрыклад, — найвышэйшы клас. І мяркую, што лепш не напіша ніхто…
Многія творы пабудаваны на глыбокім жыццёвым матэрыяле, вызначаюцца сацыяльнай вастрынёй, непрмірымасцю да недахопаў, усяго таго, што замінае прагрэсу, руху наперад, што азмрочвае жыццё чалавека.
Так можа напісаць той, хто добра ведае жыццё, многа паспытаў, перажыў, хто мае талент і развівае яго. Панас Палітыка рос у сялянскай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей. У шаснаццаць год ён ужо скончыў у Кіеве рамеснае вучылішча. Тры гады адпрацаваў на машынабудаўнічым заводзе “Бальшавік”, каля года – механізатарам на асваенні цалінных зямель у саўгасе “Калінінскі” Акмолінскай вобласці ў Казахстане. Пасля службы ў арміі рабіў электраслесарам на шахце ў Растоўскай вобласці. У 1959 годзе вярнуўся ў Крычаў, працаваў у розных арганізацыях, адначасова вучыўся ў сярэдняй школе рабочай моладзі. Потым скончыў філфак Магілёўскага педінстытута. Затым — праца ў школе-інтэрнаце, у рэдакцыі райгазеты і на мясцовым радыё.
Варта заўважыць, што ён ніколі не імкнуўся да кар’ернага росту, хоць і былі прапановы, і быў падрыхтаваны да працы на вышэйшых пасадах. Звычайна хітраваў: “Што Вы, я і тут ледзь спраўляюся, падцягвацца трэба”. А сам рабіў радыёперадачу, выходзіў на вуліцу прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. Потым вяртаўся на рабочае месца, браў у рукі гантэлі і ў калідоры выконваў розныя практыкаванні. Узбадзёрваўся настрой, святлела, свяжэла галава. Крыху адпачываў і садзіўся за пісьмовы стол. І працуе да адзінаццаці, да дванаццаці гадзін. Наўкол ціха, спакойна. А думкі светлыя, ясныя, так і кладуцца словы ў радкі.
Многія здзівіліся і па-добраму пазайздросцілі сябру, калі ў выйшаўшым у 1976 годзе зборніку некалькіх аўтараў пад назвай “І ў хвост і ў грыву” была надрукавана вялікая нізка апавяданняў, у тым ліку і гумарыстычных, Панаса Палітыкі. У некаторых творах – едкая сатыра, у іншых – лёгкі, нават цёплы гумарок, а ў апавяданні “Сшытак з каленкоравымі вокладкамі” – светлае і тужлівае каханне. Я прачытаў апавяданне і гатовы быў расцалаваць аўтара, калі б ён аказаўся побач. Так здорава расказана. “…Я іду да яе. Ужо дом паказаўся. Яе дом. Ён стаіць у акружэнні велічных соснаў. Уяўляю, як яна ўзніме здзіўленыя шэрыя вочы, калі я нечакана вырасту на парозе. І раптам:
— Рыгор… Грыша…
Азіраюся – яна! “Светлая мая! Святлана!” – хачу крыкнуць – і не магу. Няма сілы…
— Ну, добрага дня табе. Што ж ты маўчыш? Мілы?
Божа мой! На небе ні воблачка. На зямлі – сонечная цішыня. Чаму ж тады так круцяцца вяршыні дрэў? І адкуль гэта вясёлкавае свячэнне паміж празрыстых галінак?.. Яна прыціскаецца да мяне ўсім сваім худзенькім целам і шэпча: “Мой любы… Адпачні з дарогі”…
Неяк па-свойму, непаўторна ён апісвае, паказвае прыгажосць жанчыны: “У дзвярах нашай сёмай палаты нейкім чынам аказалася дзяўчына з гаспадарчай сумкай у руцэ. На блакітнае плацце з ружовымі пялёсткамі быў накінуты белы халат. Зрабіла яна пару крокаў неяк бокам і збянтэжылася. Ды і як тут было не разгубіцца. Уся палата раптам заварушылася. Быццам увайшла не яна, а ўляцеў чэрвеньскі лугавы ды хмельны вятрыска і прайшоўся па палаце. У аднаго змёў з пасцелі газеты, раскіданыя як папала, у другога змахнуў з тумбачкі шклянкі не першай свежасці, у трэцяга пасцель паправіў. Нават у хлопца, які заўжды тэпаў неахайным і расказваў дурныя анекдоты пра жанчын, гэты вятрыска пазашпільваў усе гузікі і паправіў пасцель… І далей пра яе… Танюткая, зграбная, тварык авальны, светлы, з гэткай дзіцячай наіўнасцю, носік ледзь-ледзь, самую дробязь, прыўзняты ўгору, губкі прыпухлыя, выразныя, а над імі гэткай лёгкай парай светлы, празрысты пушок. Асабліва здзіўлялі вочы. Блакітныя, як і плацце. Здавалася, што ў іх мільгаюць падаючыя ружовыя пялёсткі. У яе дзіцячай наіўнасці была нейкая адкрытасць насустрач усім навальніцам і вятрам. І ў той жа час пад гэтай самай адкрытасцю быццам бы меўся нейкі тайнік”.
Гэта фрагменты з апавядання “Працяг мары”.
…Усё гэта з мінулага стагоддзя. А колькі створана ў гэтым? Не менш, а, пэўна, куды больш. Толькі, так сказаць, у няпоўным фармаце, у незавершаным варыянце. Гэта значыць, не ўвасоблена ў кнігах, а раскідана па многіх газетах, выданнях. “Толькі за тры гады, — гаворыць пісьменнік, — было апублікавана ў газетах прыкладна сто дваццаць апавяданняў… Усё прыводжу ў парадак… У марах – новыя кнігі, ды ўсё ўпіраецца ў фінансы…”.
Панас Палітыка – і паэт. Крокі ў літаратуру пачаў менавіта з вершаў, якія складаў, як было гадоў дзевяць-дзесяць. Адзін прачытаў дваюраднаму брату, старэйшаму за яго гадоў на шэсць. Той добра ведаў паэзію Пушкіна. І даў сваяку “падзатыльніка”: маўляў, не крадзі чужое… Захапіўся хлопец вершамі, калі вучыўся ў рамесным вучылішчы і працаваў на заводзе, дзе выходзіла шматтыражка. У ёй, а таксама ў гарадской газеце час ад часу друкаваліся і яго вершы – як лірычныя, так і сатырычныя. Аднойчы ў газеце падборка яго вершаў заняла цэлую старонку… Потым, калі вярнуўся на малую радзіму, пастаянна друкаваўся ў сваёй раённай газеце, абласных, рэспубліканскіх, а таксама ў многіх часопісах. У яго творах – яркія малюнкі жыцця, праўдзівасць і прыгажосць, лёгкая ўзнёсласць і вобразнасць. Адчуваецца паэтычны дар, талент рупліўца мастацкага слова. Вершаваных твораў набярэцца на цэлую кнігу, і яна выйдзе, калі, зразумела, усміхнецца ўдача-фартуна.
…Вельмі б карысна і ўдзячна было, каб у нашым краі-рэгіёне знайшлася магчымасць, знайшліся спонсары, якія б дапамаглі выдаць масавым тыражом кнігі нашага земляка, таленавітага пісьменніка Панаса Палітыкі, якому хутка споўніцца 85. Яго творы – гэты неацэнны скарб беларускай літаратуры – заўсёды будуць служыць народу нашай роднай Бацькаўшчыны.
Іван САЛАЎЁЎ,
пенсіянер.