Запасныя часткі для сельскагаспадарчай тэхнікі, жгуты правадоў для аўтатрактарнага абсталявання, кабельная прадукцыя, рамонт вузлоў і агрэгатаў трактароў “Беларус” усіх мадыфікацый – толькі некаторыя з накірункаў дзейнасці ААТ “Кобрынаграмаш”, афіцыйнага дылера ААТ “Мінскі трактарны завод”. Чым напярэдадні юбілею раёна жыве прадпрыемства, якое стала часткай гісторыі Кобрыншчыны, і якія планы мае на будучыню? З гэтымі і іншымі пытаннямі мы звярнуліся да дырэктара ААТ “Кобрынаграмаш” Віктара Белавуса.
– Асноўную частку нашай вытворчасці, каля 43% ад агульнага аб’ёму, сёння складае кабельная прадукцыя, – расказвае Віктар Рыгоравіч. – Абсталяванне кабельнага цэха, які, бывае, працуе ў 3 змены 6 і нават 7 дзён у тыдзень, загружана на 100%. Акрамя таго, з ААТ “МТЗ” і іншых прадпрыемстваў холдынга пастаянна паступаюць заказы на жгуты правадоў, на вузлы і агрэгаты для сельскагаспадарчай тэхнікі. Адным словам – завод жыве.
Жгуты правадоў, якія займаюць каля 25% ад аб’ёмаў вытворчасці, – своеасаблівая “нервовая сістэма”, без якой немагчыма ўявіць работу тэхнікі. Некалькі цікавых фактаў: у адным жгуце можа знаходзіцца да 100 відаў кабельнай прадукцыі, а ў наш тэхналагічны час у яго вытворчасці нязменнай застаецца вялікая доля ручной працы. Яна дазваляе пры неабходнасці хутка пераключыцца на новыя вырабы без высокіх затрат на пераабсталяванне. Пры гэтым прадукцыя ААТ “Кобрынаграмаш” з лёгкасцю праходзіць самы строгі кантроль якасці і не залежваецца на складах – жгуты з Кобрына пастаўляюцца не толькі на “Мінскі трактарны завод”, але і на іншыя прадпрыемствы холдынга “МТЗ”. Усё гэта гаворыць аб тым, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Дырэктар прадпрыемства, на якім працуе 237 чалавек, падкрэслівае: сёння калектыў з’яўляецца сапраўднай камандай, якой па плячы любыя задачы.
Не менш адказная справа – выкананне функцый тэхнічнага цэнтра, які ажыццяўляе гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі маркі “МТЗ”. Напрыклад, падчас палявых работ пры ўзнікненні няспраўнасці трактар на гарантыі павінен быць адрамантаваны за 24 гадзіны. Сёння ААТ “Кобрынаграмаш” абслугоўвае 12 з 16 раёнаў Брэстчыны, на пастаяннай аснове працуе 7 выязных брыгад, гатовых у любы час выехаць у любую кропку вобласці. Сапраўдная “хуткая дапамога” для жалезных “працаўнікоў”.
Здольнасць хутка рэагаваць на патрэбы рынка, як адзначае Віктар Белавус, у сучасных рэаліях з’яўляецца неабходнай умовай для стабільнай работы прадпрыемства. Як вынік – завод упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень, а сярэдняя заработная плата па выніках мінулага года перавысіла 1000 рублёў. Ёсць і планы на будучыню – у тым ліку па мадэрнізацыі абсталявання кабельнага цэха, разглядаецца пытанне па аднаўленні ў Кобрыне продажу трактароў “МТЗ”. Добры настрой, які панаваў ва ўсіх падрадзяленнях прадпрыемства, з’яўляецца лепшым доказам таго, што супрацоўнікі завода гатовы прыкласці дзеля агульнай справы ўсе намаганні.
Дзмітрый БЯЛОЎ
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: начальнік цэха кабельнай прадукцыі Мікалай Лесік, электрык Мікалай Скакун і апрасоўшчык кабеляў і правадоў пластыкатамі ПВХ і гумай Юрый Мацука кантраліруюць работу лініі накладвання ізаляцыі;