Беларуская АЭС увайшла ў склад «Белэнерга»
Беларуская АЭС з 1 студзеня 2020 года ўваходзіць у склад ДВА «Белэнерга», паведамілі БелТА ў прэс-службе «Белэнерга».
«Такое рашэнне дасць магчымасць выбудоўваць і весці ў энергасістэме адзіную тэхнічную палітыку ў сферы генерацыі электрычнай энергіі», – адзначылі ў «Белэнерга».
У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па ўдасканаленні структуры кіравання арганізацыямі ў сістэме Міністэрства энергетыкі адбыліся і іншыя змяненні.
Так, з 1 красавіка 2019 года пачала работу дзяржустанова «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд». Пераўтварэнне дало магчымасць аддзяліць гаспадарчыя функцыі (ДВА «Белэнерга») ад наглядных (Дзяржэнергагазнагляд). 17 снежня 2019 года Міністэрства эканомікі выдала пасведчанне аб рэгістрацыі «Белэнергабуд холдынг», у гаспадарчае веданне якога перададзены акцыі ААТ «Белэлектрамантажналадка», ААТ «Белэнергасувязь», ААТ «Белсельэлектрасеткабуд», ААТ «Белэнергабарона», ААТ «Захадэлектрасеткабуд».
Да 31 снежня 2019 года завяршылася работа па далучэнні РУП «АДК» да «Белэнерга». З 3 студзеня 2020 года РУП «АДК» выключана з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з перадачай усіх правоў і абавязкаў у ДВА «Белэнерга».
«Рэалізацыя структурных пераўтварэнняў дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць кіравання арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад ДВА «Белэнерга», – адзначылі ў прэс-службе.