Да 90-годдзя раённай газеты
У студзені 2021 года раённай газеце спаўняецца 90 год. За гэты час у ёй было надрукавана шмат артыкулаў, інфармацый, нарысаў, расказаў… Крычаўляне з задавальненнем чытаюць аб тым, што робіцца ў раёне, аб дасягненнях сваіх землякоў. Мы пачынаем праект, у якім будзем расказваць, аб чым пісала “раёнка” ў розныя гады, аб яе супрацоўніках, таленавітых аўтарах і г.д. Пачынаем з матэрыялаў, якія былі надрукаваны ў нумары газеты “Ленінскі Кліч” (так тады называлася “раёнка”) за 11 студзеня 1983 года. (Правапіс таго часу захаваны.)
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты
20 студзеня – выбары ў гарадскі Савет па Мікрараённых выбарчых акругах № 48 і № 52.
У камбінаце бытавога абслугоўвання адбыўся агульны сход рабочых, інжынернатэхнічных работнікаў і служачых, прысвечаны вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты гарадскога Савета замест выбыўшых дэпутатаў. Кандыдатамі ў дэпутаты аднагалосна названы: па Мікрараённай выбарчай акрузе № 48 – другі сакратар гаркома КПБ Ляхаў Валерый Андрэявіч, па Мікрараённай выбарчай акрузе № 52 – начальнік Крычаўскага аддзялення УКГБ Юркін Іван Захаравіч.
Будуць трактарыстамі
У радзе гаспадарак надаюць важнае значэнне падрыхтоўцы механізатарскіх кадраў. Пры раённай райсельгастэхніцы пачалі працаваць курсы, на якіх навучаецца 21 чалавек з калгасаў “Запаветы Леніна”, “Вялікі Кастрычнік”, “Камунар”, “Памяць Леніна”. Вучоба разлічана на тры месяцы, пасля заканчэння якой курсанты атрымаюць пасведчанне трактарыстаў трэцяга класа. Навучаюцца слесары, паляводы, іншыя сельскія работнікі.
У калгасах «Запаветы Леніна» і “Камунар” працуюць курсы па павышэнню кваліфікацыі механізатараў. Пры сельгастэхніцы пачнуць хутка работу курсы па асваенню трактараў Т-150 і МТЗ-80.
В. Белахонаў.
Калі працаваць брыгадай
Добра закончыў другі год пяцігодкі калектыў аўтапарка. Абязацельствы па дастойнай сустрэчы 60-годдзя ўтварэння СССР паспяхова выкананы.
Лепшай прызнана брыгада № 1 (брыгадзіры Ф.Ф. Гаўрыленка і А.А. Старасценка). Гэты калектыў, які працуе па брыгаднаму падраду, неаднаразова займаў прызавыя месцы. Па выніках работы за трэці квартал і другое паўгоддзе яму прысвайвалася званне “Лепшая брыгада” з уручэннем Ганаровай граматы і грашовай прэміі. І вось новая перамога. За першынство ў рэспубліканскім спаборніцтве па дастойнай сустрэчы юбілею краіны каллектыву прысвоена званне “Лепшая брыгада міністэрства аўтатранспарту БССР”. Брыгадзе ўручан пераходны Чырвоны вымпел міністэрства аўтатранспарту і прэзідыума БРК прафсаюза і грашовая прэмія 720 рублёў…
Т. Рачыцкая,
старшы эканаміст аўтапарка.
Аб гэтым нельга забываць
Сярод розных відаў невытворчага траўматызму адно з першых месц займае вулічны траўматызм. Найбольшая колькасць транспартных траўм прыходзіцца на зімовыя месяцы, асабліва ў пачатку і канцы тыдня. Гэта тлумачыцца тым, што многія вадзіцелі злоўжываюць спіртнымі напіткамі, і ў першыя дні тыдня працаздольнасць і ўважлівасць зніжаны, а ў канцы тыдня ўплывае стомленасць.
Назіранні паказваюць, што павелічэнне транспартных сродкаў не абумоўлівае значны рост траўматызму. Большая частка пашкоджанняў ад сродкаў транспарту ўзнікае ў выніку парушэнняў правілаў вулічнага руху вадзіцелямі, пешаходамі, веласіпедыстамі, пасажырамі. Вельмі часта наезды на пешаходаў адбываюцца з-за іх недысцыплінаванасці…
У 1982 годзе работнікамі ДАІ было затрымана шмат вадзіцеляў, якія знаходзіліся за рулём машыны ў нецвярозым стане. З іх многія не мелі праў на ваджэнне аўтатранспарту (трактарысты, камбайнеры)…
Я звяртаюся да работнікаў ДАІ, праваахоўных органаў прымаць самыя строгія меры да тых, хто груба парушае правілы на дарогах, не захоўвае правілы руху, што прыводзіць да няшчаных выпадкаў.
С. Жарын,
хірург-траўматолаг.
Ручны мяч
У спартыўнай зале СШ № 6 адбыліся спаборніцтвы па ручному мячу сярод школьнікаў 6-7 класаў, якія вялі барацьбу за пераходны прыз гарадской ДЗЮСШ. У дзяўчат найбольш роўна правялі турнір гандбалісткі СШ № 7, якія перамаглі ва ўсіх сустрэчах. Сярод хлапчукоў першынствавалі спартсмены СШ № 5.
У агульнакамандным заліку перамаглі гандбалісты СШ № 7. На другім месцы СШ № 1, на трэцім – каманда СШ № 5.
Неабходна адзначыць добрую гульню ўратароў Г. Асіпенка (СШ № 1) і С. Новікавай (СШ № 7), палявых ігракоў В. Гаўрыленка (СШ № 6), С. Міранец (СШ № 3), А. Жарава (СШ № 5), О. Волкавай (СШ № 1), В. Жылінскага, О. Дудыка і самай юнай удзельніцы спаборніцтваў Л. Трыфанковай з СШ № 7.
К. Цітоў,
трэнер гарадской ДЗЮСШ.
Да ведама грамадзян
З 1 студзеня гэтага года жыхары горада маюць магчымасць глядзець другую агульнасаюзную праграму па 2 каналу.
На многіх шматкватэрных дамах работнікі радыётэлеатэлье раней устанавілі антэны калектыўнага карыстання. Цяпер яны прымаюць меры па далейшаму правядзенню гэтай работы.
Грамадзянам прапануецца не ўстанавліваць індывідуальныя антэны на шматкватэрных дамах.
В. Скробаў,
загадчык радыётэлеатэлье.