2020 — Год малой радзімы. Усё ў нашых руках

Источник материала:  
10.01.2020 — Разное

Наступіў 2020-ты — трэці і апошні Год малой радзімы. У папярэднія два гады, дзякуючы ініцыятыве нашых грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў,  у раёне зроблена нямала.

Не засталося ўбаку і грамадскае аб’яднанне ТБМ імя Ф.Скарыны, у статуце якога, акрамя абароны роднай мовы, адна з галоўных задач — садзейнічанне зберажэнню і развіццю нацыянальнай культуры, гістарычнай памяці. Што тычыцца роднай мовы, то наша аб’яднанне звярталася да кіраўніцтва асіповіцкіх прадпрыемстваў з прапановай маркіраваць выпускаемую прадукцыю па-беларуску, але падтрымкі не атрымала. Аргументавалі тым, што многія грамадзяне ў нас не чытаюць па-беларуску і што на этыкетках тавараў для роднай мовы не хапае месца. Не ўвасобілася ў жыццё і наша прапанова агучваць у грамадскім транспарце прыпынкі па-беларуску.

Тады мы вырашылі на мясцовым узроўні ад моўных праблем перайсці да звязаных з непасрэдным жыццём землякоў, нашай культурай, гістарычнай памяццю. Усе, хто хоць раз наведваў Дараганава, ведаюць, як цяжка ў такім невялікім, але раскіданым паселішчы, дзе налічваецца 14 вуліц (2 без назваў) і 2 завулкі, адшукаць патрэбны адрас розным службам: медыкам, газавікам, камунальнікам і інш. Дзякуючы нашай ініцыятыве і істотнай дапамозе мясцовага жыхара Цалуйкі В.М. была выраблена і ўстаноўлена неабходная колькасць указальнікаў вуліц, некаторых устаноў.

Ужо больш за 120 гадоў праз наш пасёлак праходзіць чыгунка, пабудаваная за 8 месяцаў сямействам Дараганаў. Іх нашчадкі неаднойчы наведвалі Асіповіччыну. Сёлета ў жніўні з прыватнай паездкай завітала да нас аж 17 прадстаўнікоў роду Дараганаў з Масквы, Тулы, Пецярбурга, Швецыі. Гэты візіт падштурхнуў да ідэі неяк адзначыць, што мы памятаем, чыё імя носіць наша паселішча і чыгуначная станцыя. Ідэя была агучана перад кіраўніцтвам школьнага музея, школы і сельсавета. Яна была ўхвалена, з’явіліся цікавыя праекты памятнага знака. Усе разам мы звярнуліся да кіраўніцтва Магілёўскага аддзялення беларускай чыгункі, і яно таксама падтрымала нас. Справа за-круцілася… Зараз пасажыры праз вокны цягнікоў з задавальненнем разглядваюць цікавостку на дараганаўскім пероне.

Безумоўна, ажыццяўленне ініцыятыў лёгкім не бывае. Акрамя матэрыяльных сродкаў, патрабуецца нямала маральных намаганняў, пераадоленне шматлікіх, як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных, перашкод.

Наперадзе яшчэ адзін год, прысвечаны малой радзіме, за які можна паспець рэалізаваць многае. А прыкласці намаганні, мяркую, ёсць да чаго ў кожным населеным пункце. Было б жаданне, а не спадзяванне, што нехта штосьці выканае за нас. Бо скардзіцца і дзяліцца настальгічнымі пачуццямі пры наведванні мясцін свайго дзяцінства і юнацтва — што бывае вельмі часта — недастаткова. Трэба рабіць нешта канкрэтнае.

Улічваючы, што гэты год у раёне — перыяд падрыхтоўкі да абласных дажынак, хачу прапанаваць усім зацікаўленым і датычным да гэтага мерапрыемства зрабіць знешняе афармленне вуліц, устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый нашага горада, дзе гэта неабходна, па-беларуску, каб райцэнтр набыў адметны твар.

Сямён Бародзіч, старшыня Асіповіцкага ГА “ТБМ імя Ф.Скарыны”.

←Павел Усов: Лукашенко терпит крах на всех направлениях - войну с Путиным ему не выиграть

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика