Напярэдадні навагодніх святаў у раённым цэнтры культуры і адпачынку прайшло ўрачыстае адкрыцццё выставы-продажу вырабаў майстроў народнай творчасці.
На ёй былі сабраны арыгінальныя вырабы, прысвечаныя наступленню Новага года і не толькі. Гледачоў і аўтараў выставы, якія сабраліся ў фае РЦК, прывітала кіраўнік народнага клуба майстроў “Дыяменты Нясвіжскага краю” Вікторыя Лукашэвіч. Яна выказала вялікую ўдзячнасць усім, хто не шкадуе ўласнага часу, каб ствараць сваімі рукамі непаўторныя рэчы, і адзначыла, што сапраўдны творца пастаянна імкнецца асвойваць нешта новае, каб захапляць гледача, і кожная новая выстава — гэта асаблівая падзея і для яе аўтараў, і для тых, хто прыходзіць палюбавацца іх майстэрствам. А выстава, прысвечаная Новаму году — гэта асаблівая магчымасць дакрануцца да цуда і зрабіць крок у свет Прыгажосці і Чараўніцтва.
Атмасферу свята, напоўненую чараўніцтвам і чаканнем падарункаў і сюрпрызаў ад блізкіх і сяброў, узмацнілі музычныя віншаванні ад вопытных і зусім юных артыстаў раёна. Так, гледачы горача апладзіравалі салісту РЦК Ігару Гарбачову і “белым сняжынкам” танцавальнага калектыву “Арыён” пад кіраўніцтвам Жанны Галавач, вакальнаму ансамблю “Славянскі стыль” і яго кіраўніку Ларысе Пархановіч, якая спявала і сольна, Вользе Аляксандровіч, Валерыі Аніфер, юным спявачкам Юліі Чырко і Аляксандры Паляшчук, дуэтам у складзе Таццяны Казловай і Аксаны Пяткевіч, Жанны Чучман і Ігара Дубешкі, Ларысы Пархановіч і Івана Кухнаўца, Іны Філіпавай і Аляксандра Іванова, трыа ў складзе Таццяны Казловай, Аксаны Пяткевіч і юнай спявачкі Валерыі Тарасевіч.
Асаблівым момантам святочнага мерапрыемства, што выклікаў ці не найбольшую колькасць усмешак, стаў вясёлы танец галоўнага сімвала 2020 года — абаяльнай Мышкі, які прадставіла малады спецыяліст РЦК, харэограф Ульяна Судзенка. Завяршылася адкрыцццё выставы-продажу вырабаў майстроў народнай творчасці сімвалічнай песняй “З Новым годам!” у выкананні Сяргея Калеснікава, падчас якой да гледачоў выйшлі ўсе ўдзельнікі святочнага канцэрта. Прысутныя доўга віталі іх шчырымі воплескамі, дзякуючы за падораны добры настрой і магчымасць апынуцца ў казачнай атмасферы цудоўнай зімовай урачыстасці.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.