Ветэран працы, выдатнік народнай адукацыі Любоў Мікалаеўна Блышчак адзначыла юбілей

Источник материала:  
06.01.2020 — Разное
>
Ветэран працы, выдатнік народнай адукацыі Любоў Мікалаеўна Блышчак адзначыла юбілей

Л.М. Блышчак (злева) сярод калег

Строгая і душэўная, уважлівая і спагадлівая. Менавіта гэтых слоў заслугоўвае Любоў Мікалаеўна Блышчак, ветэран працы, выдатнік народнай адукацыі, старшыня Пінскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з 1988 па 2004 год. Нядаўна яна адзначыла 75-гадовы юбілей.

Нарадзілася Любоў Мікалаеўна ў вёсцы Барычавічы 20 снежня 1944 года. У сям’і, акрамя Любы, выхоўвалася яшчэ трое дзяцей – браты Сяргей і Іван і сястра Марыя. Цяжка прыходзілася маці, бо жанчына засталася адна – не вярнуўся з вайны муж Мікалай. Але ж, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, сям’я спраўлялася з цяжкасцямі, дзеці дапамагалі маці па гаспадарцы, сачылі за парадкам.

Пасля школы Люба скончыла Пінскае педвучылішча імя А.С. Пушкіна, потым завочна паступіла ў Белдзярж-універсітэт на гістарычны факультэт. З 1963 года Любоў Мікалаеўна працавала настаўніцай у школах Пінскага раёна. Праз пэўны час ёй прапанавалі пасаду інспектара ў раённым аддзеле народнай адукацыі, дзе яна працавала з 1972 па 1987 год. Адзін год была намеснікам загадчыка раённага аддзела адукацыі. З 23 верасня 1988 года па 27 кастрычніка 2004 года Любоў Мікалаеўна займала пасаду старшыні Пінскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Па словах калег, Любоў Мікалаеўна была ўмелым кіраўніком, адказна ставілася да выканання сваіх прафесійных абавязкаў і была ўважлівай да людзей.

Яна прымала ўдзел у абласных мерапрыемствах, рэспубліканскіх семінарах, нарадах, дзялілася вопытам сваёй работы, была членам абласнога прафсаюзнага актыву. Да яе ехалі за парадай маладыя прафсаюзныя лідары не толькі з Пінскага, але і з другіх раёнаў вобласці, а ў 1985 годзе Любоў Мікалаеўна прымала дэлегацыю прафсаюзных актывістаў з Гомельскай вобласці.

У цэнтры яе ўвагі заўсёды была работа з ветэранамі. Наведваючы тую ці іншую школу, Любоў Мікалаеўна лічыла сваім абавязкам зайсці да хворага настаўніка, ветэрана, пагаварыць з сям’ёй, часам і дапамагчы матэрыяльна. Яна і зараз, з’яўляючыся намеснікам старшыні і членам раённага савета ветэранаў-педагогаў, памятае дні нараджэння ветэранаў і заўсёды віншуе калег з памятнымі датамі. Раздзяляе яна са сваімі калегамі не толькі радасныя моманты, але і часіны глыбокага смутку.

За вялікую грамадска-палітычную і педагагічную работу ў 1984 годзе Любоў Мікалаеўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, медалём «Ветэран працы», а ў 1988 годзе – знакам «Выдатнік народнай адукацыі»,  мае шматлікія ганаровыя граматы раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, камітэтаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Ганаровую грамату Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, узнагароджана юбілейным медалём «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

Рашэннем прэзідыума абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Любоў Мікалаеўна Блышчак занесена ў Кнігу Гонару Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

А яшчэ яна вельмі добры і спагадлівы чалавек, дзверы яе дома заўсёды адчынены для родных і землякоў, для сяброў, якія звяртаюцца да яе за парадай і дапамогай. Яна выдатная гаспадыня – у яе хаце заўсёды чысціня і парадак і ёсць чым сустрэць гасцей. Таксама не забывае пра лецішча, дзе займаецца вырошчваннем садавіны і агародніны. Ну і, канечне, яна любімая жонка, маці і бабуля. Разам з мужам Уладзімірам Філіпавічам выхавалі дачку Ірыну і сына Сяргея, ёсць два ўнука – Рафаэль і Максім.

Любоў Мікалаеўна – сціплы і душэўна прыгожы чалавек. Няхай яе юбілей стане новай кропкай адліку добрых спраў, прыемных уражанняў, яркай старонкай у жыцці.

Іна УРБАНОВІЧ


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика