Першы ў гісторыі сучаснай Беларусі Венскі баль прайшоў у Палацы Незалежнасці.
Сярод удзельнікаў і гасцей свята — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і дыпламатычнага корпуса. Але галоўныя персоны, да каго на свяце была прыкавана ўсеагульная ўвага, — гэта, безумоўна, дэбютанты, якія атрымалі запрашэнне на баль дзякуючы сваім поспехам у вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Усяго больш за 360 удзельнікаў. Венскія балі аднесены да помнікаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляюцца неад’емнай часткай сусветнай культуры. Баль у Мінску праходзіў у адпаведнасці са шматвяковымі традыцыямі і крытэрыямі ЮНЕСКА. Праграма свята ўключала дзве часткі — класічную і адвольную. “Цяпер я з вялікім задавальненнем гляджу на вас, юных, шчаслівых, з бліскучымі вачамі. На дзяўчат у цудоўных бальных сукенках, юнакоў у фраках і парадных мундзірах. Я вельмі ганаруся (і вы гэта ведаеце) прыгажосцю нашага народа. Вы сёння — увасабленне гэтага народа. Ведаю, што гэта прыгажосць гарманічна спалучаецца з розумам, адукаванасцю і працавітасцю. Гэта тыя якасці, якімі славіцца беларуская нацыя і якія робяць нас асаблівымі і адрозніваюць ад іншых народаў”, — адзначыў Прэзідэнт.
БелТА.